Відавочцы вайны… Колькі іх засталося ў нашым раёне, горадзе? Адзінкі…А як цікава пазнаёміцца з такім чалавекам, даведацца пра яго жыццё, дакрануцца душою да таго, што давялося яму ўбачыць і перажыць. Як ратаваліся, выжывалі, колькі перанеслі і перацярпелі, якая неадольная прага жыцця была ў гэтых людзей?
Сёння, паважаныя чытачы, запрашаю вас на сустрэчу з такім чалавекам – Шыфрай Ізраілеўнай Жухавіцкай, ахвярай Халакосту ў Дятлаве, жывой легендай нашага горада.
Нарадзілася Шыфра Ізраілеўна ў Гомелі ў 1924 годзе. Была першым дзіцём у сям’і. Маці працавала краўчыхай, бацька быў савецкім работнікам. Хадзіла ў рускую школу, старалася вучыцца, удзельнічала ў школьным жыцці. У 1939 годзе, пасля аб’яднання Беларусі, яе бацьку накіравалі ў Заходнюю Беларусь для наладжвання новага жыцця. Так сям’я апынулася ў Дзятлаве. Тады гэта было невялікае яўрэйскае мястэчка. Бацька працаваў служачым у нарыхтоўчай канторы, Шыфра разам з сястрой працягвала вучобу ў школе.
Жылі на кватэры ў яўрэйскім квартале на вуліцы Слонімскай (цяпер Чырвонаармейская). Дзіцячыя забавы праходзілі на рэчцы Памарайцы, дзе летам лавілі рыбу, а зімой каталіся на каньках і санках па лёдзе. За хатай, у якой жыла сям’я Шыфры, знаходзілася Свіная вуліца (цяпер вуліца К.Цэткін), на якой вельмі шчыльна размяшчаліся яўрэйскія дамкі, некаторыя амаль дакраналіся дахамі адзін да аднаго. Там жылі аднакласнікі, сябры. Жыхары Дзятлава нядрэнна гаварылі на ідзіш, таму часам немагчыма было зразумець, хто з іх яўрэй, а хто — беларус. Жыццё здавалася семнаццацігадовай Шыфры бесклапотным і шчаслівым. Школа, сябры, забавы…Але неадступна і немінуча набліжаўся страшны дзень — 22 чэрвеня 1941 года.
Спачатку былі чуткі — немцы з Польшчы рухаюцца на Беларусь. Людзі хваляваліся, некаторыя нават пачалі выязджаць. Шыфра не верыла, што вось так , раптам пачнецца вайна, абрынецца на ўсіх, знішчыць звыклае, наладжанае жыццё. Чуткі пра тое, што немцы знішчаюць яўрэяў, таксама даходзілі да Дзятлава. Хваляваліся за тое, хто бацька і сястра ў дакументах значыліся як яўрэі. У метрыцы Шыфры ў графе нацыянальнасць быў прочырк, але гэта таксама не давала гарантыі пазбегнуць лёсу сям’і.
30 чэрвеня 1941 года… Немцы ўвайшлі ў Дзятлава і адразу ж прымусілі яўрэяў насіць нашытыя на адзенні латы ў выглядзе шасцікутнай зоркі. Потым стварылі гета. Абгароджвалі яго не яўрэі, а мясцовыя жыхары, якіх сагналі немцы. Дротам былі абнесены дамы на сённяшніх Савецкай і Чырвонаармейскай вуліцах, туды перасялілі яўрэйскія сем’і, не дазвалялі пакідаць гета, а мясцовым жыхарам – прыносіць ежу, мець зносіны з яўрэямі.
Так сям’я Шыфры апынулася ў гета, побач , у адной хаце аказалася сям’я Жухавіцкіх. Жухавіцкіх было сем чалавек, а Шыфра жыла ў гета толькі з маці і сястрой Розай, бацькі ў гэты час ужо не было, памёр на пачатку вайны. Шыфра Ізраілеўна са слязьмі на вачах успамінае мясцовых жыхароў, якія, рызыкуючы жыццём, прыносілі ў гета прадукты. Гэта былі суседзі, сябры, якія ведалі яўрэяў на працягу многіх гадоў, побач жылі. І сёння з удзячнасцю гаворыць яна пра Тэклю Лябецкую, жыхарку Дзятлава, якая пераапраналася ў доўгую спадніцу, якія насілі яўрэйскія жанчыны, і прыносіла ў гета бульбу, хлеб, адзенне, нават сала. Помніць яна і жыхара Дзятлава Сідорчыка ( ён пасля вайны жыў на вуліцы Фрунзе), які таксама ратаваў яўрэяў. Час ішоў, жыццё ў гета рабілася невыносным.
І вось аднойчы, 30 красавіка 1942 года, усіх пагналі на плошчу. У той дзень Шыфра і сястра Роза схаваліся ў гета, на плошчу не пайшлі. Жухавіцкіх (засталіся жывымі толькі Ілля і яго брат Ізраіль, якіх немцы пакінулі для работ) расстралялі. Жыццё ў гета працягвалася, але жыхароў было ўжо значна менш. Іллю і яго брата Ізраіля вывозілі на будаўніцтва. Там яны пазнаёміліся з мужчынамі, якія расказалі пра расстрэлы яўрэяў у розных мястэчках, гарадах. Браты зразумелі, што расстрэлы ў Дзятлаве яшчэ не скончыліся, таму пачалі рабіць у двары “маліну” — замаскіраваную яму, у якую можна было б схавацца ў час аблавы. Не ўсе хацелі ўцякаць з гета, многія яўрэі верылі, што іх выратуе Чырвоная Армія. Пра сапраўднае становішча на фронце ніхто не меў уяўлення. Больш вопытныя былі перакананы, што ўратавацца можна толькі выйшаўшы з тэрыторыі гета. І тады Шыфра, яе маці, сястра і браты Жухавіцкія адважыліся на ўцёкі. Яго ажаццявілі напрыканцы ліпеня 1942 года. Была ноч. Уцякалі ў бок Накрышкаў, у лес. Па дарозе бачылі трупы расстраляных, у некаторых вочы былі не заплюшчаныя, і здавалася, што яны не мёртвыя, а чамусьці ляжаць на дарозе і бяздумна глядзяць у неба. Глядзяць з болем і жахам.
Мясцовыя жыхары дапамаглі знайсці дарогу ў лес, там і ўладкавалі сабе жыллё: зрабілі з галін насцілы, збілі нары, разаслалі прынесеныя з гета рэчы. Некаторы час дзве сям’і жылі ў лесе, харчаваліся тым, што ўдавалася здабыць у бліжэйшых вёсках, мянялі апошняе на ежу. Мясцовыя жыхары адносіліся спачувальна, некаторыя прыходзілі нават у іх сямейны лагер, дапамагалі хворым, параненым. Праз некаторы час хлопцы пачулі ад мясцовых жыхароў пра партызанскі атрад “Барацьба” Ленінскай брыгады і падаліся туды. Шыфра, Роза і маці засталіся ў лесе. Выжываць без мужчын стала цяжэй. Восенню яны выйшлі з лесу і адправіліся на ўсход, у бок Расіі. Сваім ходам, утраіх дайшлі да сяла Міхайлаўскае, на станцыі селі на цягнік, каб ехаць далей. Цягнік некалькі разоў бамбілі, эшалон, у якім ехалі, быў цалкам знішчаны. Шыфры і яе родным пашчасціла ўцячы, схавацца ў лесе. Праз некаторы час яны дабраліся да Мічурынска, а потым да Тамбова. На эвакапункце, дзе прымалі бежанцаў, упершыню за многа месяцаў пашчасціла памыцца і нармальна выспацца. Ёй здавалася тады, што гэты адпачынак – першы ў жыцці. У сне бачыла сваё дзяцінства, Гомель, усмешкі на тварах людзей, радасныя крыкі дзяцей, якія каталіся з горкі…
Дарога ў эвакуацыю была пакутнай і доўгай. Часам здавалася, што ніколі не дойдуць да месца, дзе можна будзе спыніцца, абагрэцца. Пакуты, кроў, слёзы былі вакол, ніводнага шчаслівага чалавека, ніводнай усмешкі на твары. Грукат колаў, крыкі, стогны параненых. Ад усяго гэтага кружылася галава, ногі падкошваліся, хацелася застыць на месцы і больш не рухацца. Але маладосць перамагла. Нарэшце дайшлі да калгаса імя Карла Маркса Расказаўскага раёна. Пасяліліся ў сям’і Красновых, якія аказаліся роднымі белагвардзейскага генерала Краснова, які ваяваў супраць Савецкай улады падчас грамадзянскай вайны. Мясцовыя жыхары адносіліся да Красновых з асцярожнасцю, таму маці Шыфры ў хуткім часе змяніла кватэру, але доўга з ўдзячнасцю ўспамінала іх сям’ю.
Неўзабаве немцы падышлі да Мічурынска. Бежанцаў выклікалі і адправілі на працу на алюмініевы завод у Свярдлоўск. Да завода не даехалі, па дарозе іх павярнулі і размясцілі на Аржынскай суконнай фабрыцы. На гэтым бясконцы бег асірацелых жанчын спыніўся. Утрох працавалі на фабрыцы. Ежы не хапала, не было ў чым хадзіць на работу, мерзлі ногі, на адной кватэры жылі тры сям’і. Тут і дачакаліся перамогі.
Пасля вайны Шыфры не дазволілі выехаць з Расіі, таму што яна была ваеннаабавязаная. Працавала на суконнай фабрыцы да 1947 года, пакуль за ёй не прыехаў Ілля Жухавіцкі. Ён быў паранены, лячыўся ў шпіталі ў Саратаве. Стрыечны брат з Дзятлава падказаў, дзе знайсці Шыфру, і Ілля прыехаў па яе, як па сваю жонку. Распісаліся ў Расказаве, толькі тады Шыфра змагла звольніцца з фабрыкі і паехаць са сваім мужам у Дзятлава.
Ім пашчасціла: хата Іллі была цэлая. Тут яны і пасяліліся, а крыху пазней набылі новую хату на вуліцы Ліпавай. Толькі пасля вайны Шыфра даведалася, што ўсіх яўрэяў з гета расстралялі 6 жніўня 1942 года, хутка пасля іх уцёкаў. Так яна яшчэ раз пераканалася ў тым, што ёй суджана было жыць.
Шыфра і Ілля Жухавіцкія выгадавалі трох дзяцей. Жылі нялёгка, але шчасліва, радасна. Перажыўшы вайну, кожны новы мірны дзень лічылі шчасцем.
Шыфра Ізраілеўна жыве цяпер адна. Рэдка калі бывае на вуліцы – сілы ўжо не тыя. Часта наведваюць дачка Ліда і зяць Мікалай, а вясной і летам дапамагаюць даглядаць участак каля хаты. Яна любіць, каб усюды быў парадак, і таму хоча, пакуль жыве, каб вакол было чыста і ўтульна. І толькі ў сны часам прыходзяць пакутлівыя, маўклівыя вочы расстраляных суродзічаў, якія з болем глядзяць у неба, нібы пытаюцца : за што?..
Вольга Абрамчык,
вучаніца Дзятлаўскай гімназіі.
Пакінуць адказ