Летні лагодны вецер ціха шапацеў у кронах дрэваў, якія роўнай “стужкай” раслі абапал дарогі, што пралягла праз вёску. Па ёй павольна ішла пахавальная працэсія, уперадзе якой рухаўся грузавы аўтамабіль. Хавалі адзінага сына старой Агаф’і — Леаніда.
Напрыканцы вёскі працэсія спынілася. Неабходна было памаліцца каля драўлянага крыжа. Ён быў ужо даволі стары, мабыць, ад самоты: вельмі шмат людзей правёў у апошні шлях.
Нязменным заставаўся толькі позірк Багародзіцы, невялікі абраз якой размяшчаўся на крыжы. Здавалася, вочы Прачыстай глядзелі на кожнага са шкадаваннем і разуменнем.
Праз колькі хвілінаў памінальная працэсія накіравалася далей, на могілкі, дзе Леанід знойдзе свой апошні прытулак.
Памінальная служба не зацягнулася. Вяскоўцы, як таго патрабаваў звычай, аддалі даніну памяці, кінуўшы на ўжо апушчаную труну па жменьцы зямлі. Затым няспешна пайшлі дахаты, па сваіх справах і клопатах.
Павольна пайшла дахаты і старая Агаф’я. Зноў праходзячы ля крыжа, яна яшчэ раз паглядзела на абраз Багародзіцы, у позірку якой па-ранейшаму свяцілася шкадаванне.
Вечарам старая Агаф’я сядзела ў хаце. На стале гарэла свечка, агеньчык якой трымцеў, нібы матылёк. Воск павольна сцякаў ўніз, свечка згарала. “Вось так жа павольна згарэла і жыццё Леаніда”, — мільганула думка ў стомленай свядомасці Агаф’і. У душы панавала нейкая паўдрымота, нават не хапала сілы на слёзы. Нібы праз туман, з глыбіняў памяці павольна выплывалі галасы, словы, размовы, твары.
…–Мама, мама, — чуецца Агаф’і дзіцячы голас. Па летнім лузе, які тоне ў водары разнатраўя і кветак, да яе бяжыць маленькі Лёнік. У яго русавалосай галоўцы блукаюць сонечныя праменьчыкі. Падбегшы, сын працягвае Агаф’і свае маленькія рукі. На безабаронных далонях, такіх пяшчотных, што Агаф’і хочацца зноў і зноў іх цалаваць, ляжыць чорны жук. Агаф’я ўсміхаецца , назіраючы як сын радуецца сваёй жывой забаўцы, і супакойвае, калі жук вылятае з яго далоняў . — Не сумуй, кажа яна, — жук паляцеў да сваіх дзетак, якія чакаюць яго вунь там. Рукой яна паказвае на небасхіл. І ўжо забыўшыся пра сваю крыўду, сын ўважліва слухае матуліну казку пра жука і яго дзетак,ад здзіўлення аж кладзе палец у рот.
Агаф’я з замілаваннем глядзіць на сына і не ведае, што праз гады яе радасць стане яе ж болем, надзея ператворыцца ў расчараванне, свет зменіцца цемрай. Магчыма, гэта ўжо было напісана на далоньках сына, але Агаф’я не змагла іх прачытаць. Гэта было вядома толькі там, на нябёсах.
Цяпер у стомленую свядомасць Агаф’і стукаецца толькі адно пытанне: чаму так адбылося,чаму яе сын стаў такім нікчэмным чалавекам, пражыў жыццё, як сабака.
Менавіта такія словы яна выпадкова пачула ад суседак, якія абмяркоўвалі вясковую навіну — забойства Леаніда. Гэтая навіна хутка абляцела вёску, нікога не пакінула раўнадушным, выклікала столькі размоваў. Як пазней высветлілася, вечарам сын выпіваў разам са сваім знаёмым, маладым хлопцам, які таксама патануў у гэтай спакусе. Пасля некалькіх выпітых чарак гарэлкі няспешная мужчынская размова перайшла да спрэчкі. Сабутэльніку Леаніда здалося, што той забраў у яго яшчэ адну бутэльку “беленькай”, схаваў яе, каб затым выпіць ужо аднаму. Пачалася сварка, а хутка завязалася бойка. Занадта п’яны Леанід ужо ледзь стаяў на нагах, а малады хлопец з жорсткасцю наносіў удары нагамі, рукамі, а затым і калом.Ён працягваў біць Леаніда і тады, калі ён быў ужо мёртвы, а затым выцягнуў яго з хаты. А сам спакойна пайшоў спаць.
Цела Леаніда знайшлі летнім ранкам. Ён ляжаў на сваім падворку ля калодзежа, над якім ціха парыпваў калодзежны журавель.
За цёплую летнюю ноч цела Леаніда паспела разбухнуць. Даволі цяжка было пазнаць, што гэта калісьці быў чалавек. Цяжка было пазнаць сына і Агаф’і. Яна амаль апошняя прыйшла сюды, на месца здарэння, моўчкі назірала за тым, як цела яе сына забіралі,каб адвезці на экспертызу.
…Суседкі мелі рацыю,– мільганула яшчэ адна думка ў свядомасці Агаф’і. Жыццё Леаніда, нібы той ком бруду, кацілася ў бездань.
Усе гэта Агаф’я разумела. Толькі супярэчлівае мацярынскае сэрца шаптала іншае, для яго Леанід у першую чаргу быў сын, яго было шкада.
АгаФ’я ўсё спрабавала ўсвядоміць, што здарылася з родным чалавекам,чаму сталася так. Можа, уся прычына ў тым, што сын рос без бацькі, яму не ставала мужчынскага клопату і падтрымкі? Можа, у гэтым яе віна, што так другі раз яна і не выйшла замуж, калі яе мужа, бацькі Леаніда не стала? Але ж яна адмовілася ад свайго жаночага шчасця палічыўшы, што так будзе лепш для сына.
Здавалася, усё складвалася няблага. Леанід рос звычайным хлопцам, закончыў школу, паступіў вучыцца далей, атрымаў спецыяльнасць, пра якую марыў з дзяцінства. Агаф’я не магла нарадавацца на свайго сына, з ім яна звязвала ўсе свае спадзяванні. Яна марыла, што сын ажэніцца, створыць уласную сям’ю, падорыць унукаў. Ёй нават снілася, як яны бягуць па летнім лузе, у іх русых галоўках заблыталіся сонечныя праменьчыкі, як яна расказвае ім казку пра жука…
На гэтым успаміны Агаф’і не спыняюцца, павольнай ракой плывуць далей. Вось яе сын пасля арміі, ужо дарослы мужчына. Ён уладкаваўся на працу, на выхадныя прыязджае дахаты, дзе яго чакае маці, яе нязменны клопат, прыгатаваная смачная вячэра. Паеўшы, пагутарыўшы з Агаф’яй,Леанід ішоў да сваіх сяброў. Пасля кожнай такой сустрэчы вяртаўся дахаты “пад градусам”.
–А што яшчэ рабіць у вёсцы,– менавіта так тлумачыў ён маці свае паводзіны.
Ды і яна тады не звяртала на гэта асаблівай увагі: так робяць многія. Ды і сын не маленькі ўжо, ён — мужчына. Калі адзін раз вып’е пасля цяжкага працоўнага тыдня — нічога страшнага.
Калі Леанід з “пасядзелак” з сябрамі прыходзіў дахаты, Агаф’я заўсёды расцілала сыну ложак, некаторы час назірала, як ён спіць — раскінуўшы рукі. Звычка, якая засталася ў сына з дзяцінства.
Гэдак жа, раскінуўшы рукі, ён ляжаў на вясковай вуліцы, ля плоту і тым восеньскім днём, калі ўпершыню ад выпітага не змог дайсці дахаты. Імжэў вераснёўскі дождж, яшчэ пакуль не надта халодны, хутчэй — назойлівы. А Леанід нібыта і не адчуваў гэтага. Пачуцці прытупіў алкаголь. Як і ўсё астатняе — свядомасць, чалавечнасць, сумленне. Крок за крокам Леанід уцягваўся ў чарку. Без яе ён ужо не мог уяўляць сваё жыццё,адпачынак.Хутка пачаў выпіваць і на працы. Агаф’я прыгадвае, як тады ёй стала страшна. Яна спрабавала пагутарыць з сынам, паўплываць на яго. Яна размаўляла з ім гэдак жа пяшчотна,як і раней. З такой жа бязмежнай любоў’ю гладзіла сына па галаве, калі ён спаў.
– Сынок, родны мой, не пі, не трэба, спыніся, Цеплынёй сваіх рук яна нібы адганяла ад душы сына увесь той жах, які працягваў на яго наступаць. Гладзячы па галаве, яна супакойвала Леаніда і ў дзяцінстве, адганяючы ад яго начныя страхі. Толькі цяпер сіла алкаголю была мацнейшая за сілу мацярынскай любові і пяшчоты. Разумеў гэта і Леанід. Неаднаразова,калі Агаф’я гутарыла з ім, ён абяцаў выправіцца, кінуць гэтую атруту.
– Мама, не плач, я абавязкова выпраўлюся. Я перастану піць,– нібыта чуецца Агаф’і голас сына. А ў вачах яго яна бачыць застыўшае імгненне поўнай рашучасці выканаць сваё абяцанне. Але гэта толькі імгненне, хутка ўсё зноў паўтараецца.
З цягам часу такія пакуты сумлення станавіліся больш рэдкімі. Алкаголь паспяхова рабіў сваю справу. Аднойчы сын зусім не выйшаў на працу. Навошта? Жыць можна і так, бадай, маці побач. Агаф’я ўпотай глытала начныя слёзы, яшчэ ўсё спадзявалася на нейкі цуд. Але яго не адбылося. І аднойчы яна вырашыла не даць сыну грошай на чарговую выпіўку. Звар’яцелы ад цяжкага пахмелля, ён падняў руку на Агаф’ю. Яму ўжо было ўсё роўна, што перад ім — родная маці, якая выгадавала і выпесціла яго. Увесь сэнс жыцця зводзіўся толькі да некалькіх чарак гарэлкі.
Агаф’і тады здалося, што жыццё спынілася. Каго яна выгадавала? Дзе яе сын, з-за якога яна недаядала, недасыпала начамі, калі ён быў хворы? Дзё ён? І разумела, што ён пахаваны, зажыва пахаваны ў моры гарэлкі.
Цяпер за Леаніда Агаф’і было сорамна. Для яго і такога паняцця ўжо не існавала. Калі ён падняў руку на родную маці, то што ўжо тут казаць. Калі такое паўтарылася яшчэ раз, Агаф’я, сабраўшы свой няхітры скарб, перабралася жыць у матуліну хату, якая доўгі час пуставала. Гарэлка раз’яднала двух родных людзей, забрала ў маці сына, замяніла яе.
Агаф’я употай пераносіла сваё гора. Не скардзілася вяскоўцам, не жалілася. Многія з іх шкадавалі жанчыну: у саміх была падобная сітуацыя. А некаторыя мелі з такога становішча пэўную выгаду. У Леаніда былі залатыя рукі. Калі яшчэ не піў, у хаце быў за гаспадара, і пры тым вельмі добрага. А цяпер за гарэлку ён дапамагаў вяскоўцам адраманатаваць плот, нарыхтаваць сена, накрыць страху. Бутэлька гарэлкі, няхітрая закуска — так і жыў.
А мацярынскае сэрца, нягледзячы на ўсё ўгаворы, працягвала балець. Агаф’і непрыемна было чуць, калі хто-небудзь з вяскоўцаў абмяркоўваў яе сына. З яго кпілі, над ім смяяліся, тым не менш прасілі дапамогі па гаспадарцы. А неекаторыя нажываліся на яе горы,горы многіх людзей, якіх загубіла гарэлка, тых слязах, якія пралівалі іх родныя і блізкія. Як гэта рабіла Таіса, ужо амаль равесніца Агаф’і. У яе былі дзеці, унукі ( пра якіх таксама калісьці марыла Агаф’я). Яна радавала іх абновамі, смачнымі пачастункамі. У дадатак да пенсіі грошы атрымлівала ад продажу гарэлкі. Гэтыя ж грошы часам давала на патрэбы царквы, ставіла свечку — за здароўе сваіх родных і блізкіх, малілася за іх. Адбіўшы паклоны, вярталася дахаты супакоеная, ізноў працягвала свой гандаль.
Сустракаючыся з Агаф’яй, Таіса шкадавала яе, а за вочы гаварыла зусім іншае. Называла Агаф’ю кепскай маці, якая не змагла дагледзець уласнага сына.
І на пахаванне Леаніда Таіса таксама прыйшла. Навошта? Супакоіць сваё сумленне? Пашкадаваць Агаф’ю? Хутчэй за ўсё, проста так. Паглядзець,як хаваюць такога нікчэмнага чалавека, які пражыў сваё жыццё, як сабака. У дадатак да гэтага разам з іншымі вяскоўцамі яшчэ раз асудзіць яго. Толькі вось суддзі хто? Ці не такія ж нікчэмныя людзі?
А. ДУБРОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ