“Боркі – вёска Раготнаўскага сельскага савета, за 30 км на паўднёвы ўсход ад Дзятлава, 177 км ад Гродна, 9 км ад чыгуначнай станцыі Выгада. У 1897 г. налічвала 29 дамоў, 234 жыхары. Назва ўтворана ад асновы бор (сасновы лес).”
Кніга “Памяць: Дзятлаўскі раён”
Сёння насельніцтва Борак складаюць 86 жыхароў на 49 двароў. Нездарма названая лясной, вёсачка сапраўды ўжо стала часткай мясцовых маляўнічых краявідаў, дзе жыццё і рух прыходзяць вясной, а з надыходам халадоў усё наваколле быццам замірае. Але вуліцы вёскі, будынкі і, галоўнае, людзі, якія тут жывуць, з’яўляюцца сведкамі жывой і кіпучай чалавечай гісторыі, насычанай людскімі радасцямі і клопатамі.
ПОМНІК ВЕРЫ ЛЮДСКОЙ
Сёння, на жаль, толькі з гістарычнай хронікі (паводле А. Калугіна “Праваслаўныя храмы”) мы можам даведацца, што ў Борках калісьці быў храм. Гэта Свята-Ражства-Багародзіцкая ўніяцкая царква, заснаваная тут яшчэ ў XVII cтагоддзі (1670 г.). У 1778 г. яна была перабудавана і працягвала сваё існаванне галоўным чынам на ахвяраванні Сапегаў. У 1839 годзе будынак храма перайшоў да праваслаўнай епархіі. Факты сведчаць, што ў Свята-Ражства-Багародзіцкай царкве знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, які размяшчаўся ў адным з ярусаў алтара. Шкада, што сёння гэты помнік архітэктуры не захаваўся, ды і лёс цудоўнай іконы нам невядомы.
ГЕРОЙ МІНУЛАЙ ВАЙНЫ
У вёсцы Боркі сёння жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Антонавіч Кароль – чалавек, які здабываў перамогу і мір на нашай зямлі.
Дваццацігадовым юнаком Канстанцін Антонавіч быў прызваны ў армію. У складзе польскай арміі (будучы снайперам-стралком) удзельнічаў у баях за Дрэздэн, выходзіў з акружэння. На нямецкай зямлі ён быў нядоўга, канец вайны сустрэў на тэрыторыі вызваленай Польшчы, дзе 24 кастрычніка 1945 года атрымаў загад аб дэмабілізацыі. Узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй” і юбілейнымі медалямі.
Пасля вайны працаваў у калгасе, затым перайшоў на Боркаўскі крухмальны завод, дзе да 1983 года працаваў спачатку грузчыкам, затым – сушыльшчыкам гатовай прадукцыі, і нарэшце – памочнікам майстра. Тут жа дапрацаваў да пенсіі.
Канстанцін Антонавіч – добры сем’янін, гаспадар і бацька, вырасціў чатырох сыноў, двое з якіх жывуць у Беларусі (у Баранавічах і Слоніме), двое – у Латвіі. Сёння ветэран вайны і заслужаны працаўнік, Канстанцін Антонавіч Кароль жыве ў роднай вёсцы Боркі, на сваёй маленькай, ды дарагой сэрцу радзіме.                                        
ПАНСКІ ДОМ У БОРКАХ
Сышлі ў нябыт часы паноў-землеўладальнікаў. Памяць пра іх захоўваюць гістарычныя хронікі і архітэктурныя збудаванні – спарахнелыя сведкі мінуўшчыны. У вёсцы Боркі – гэта маёнтак пана Вацлава Пратасевіча, пабудаваны напрыканцы ХІХ стагоддзя (аднак у самім маёнтку быў знойдзены рэкамендацыйны дакумент, адрасаваны пану, які датаваны 1821 годам). У часы яго ўладальніка гэта было надзвычай прыгожае месца, якое славілася сваёй багатай знешняй аздобай на ўсю акругу. Двухпавярховае збудаванне пакрываў дах, выраблены з дарагога матэрыялу, падобнага да яго не было ў гэтых мясцінах. Пад жылымі памяшканнямі размяшчаліся скляпенні з харчовымі запасамі: асабліва пан ганарыўся сваім вінным склепам. Паабапал маёнтка раскінуўся парк, дзе за шырокім сталом, ля кустоў духмянага бэзу, пан любіў часам пачытаць кнігі са сваёй багатай бібліятэкі. Усім ставала месца на гасціннай зямлі: сябрам, якія з задавальненнем гулялі па парку; сялянам, якім пан дазваляў частавацца яблыкамі са свайго багатага саду. Парк ля дома поўніўся дзіцячым смехам сына і дочак Юлі з Ірэнай, якія гушкаліся тут на арэлях.
Пану належаў вялікі пчальнік, каля ста вулляў, млын і крухмальны завод, які працуе да нашых дзён. Казалі, Вацлаў Пратасевіч паважаў сваіх рабочых, не крыўдзіў і рукі на іх ніколі не падняў. І людзі плацілі яму тым жа: працавалі без прымусу, старанна.
Ды жыццё чалавечае, як свечка на прасторы: можа сабе гарэць паціху, а можа згаснуць умомант, пакінуўшы толькі горыч спачування. Так абарвалася жыццё добразычлівага да людзей боркаўскага магната. Дзверы ў спальны пакой, якія звычайна пан зачыняў за сабой, аднойчы засталіся незачыненымі. Відавочцы ўвайшлі ў пакой і застылі: пан ляжаў на падлозе ў лужыне крыві, што пайшла носам і задушыла яго. Усімі Боркамі праводзілі пана Пратасевіча ў апошні шлях. На руках неслі труну на могілкі ў Раготна, усцілаючы няблізкі шлях яловымі лапкамі. А наўздагон працэсіі з завода ляцеў памінальны вокліч.
Пасля смерці бацькі абедзьве дачкі пана выехалі ў Польшчу. Старэйшай ужо сёння няма, а малодшая ў 1997 годзе наведвала свой былы маёнтак.
Але прыгожыя калісьці мясціны змяніліся да непазнавальнасці. Былая краса і багацце занядбаныя і забытыя: некалі прыгожы парк засмечаны і завалены бураломам, багаты маёнтак, зусім струхнелы без нагляду, трымаўся крыху, ды не так даўно быў разабраны на дровы. А на месцы калісьці багатага віннага склепу – людскія падвалы. Адным словам, не шануем мы сваё мінулае. А помнікам роду Пратасевічаў застанецца няхай не былы маёнтак, але жывое слова ўспаміну, якое перадаецца боркаўцамі з вуснаў у вусны.
УСЕ ДАРОГІ ВЯДУЦЬ НА РАДЗІМУ
Кажуць, што не скончылася вайна, пакуль жывуць на гэтай зямлі яе сведкі і, хочацца верыць, што не наважацца людзі паўтарыць такое, пакуль жывая памяць пра цяжкія, галодныя, поўныя жаху і пакутаў ваенныя гады. У вёсцы Боркі сёння жыве Ганна Аляксандраўна Масейчык, чыю вясну жыцця атруціла вайна. Вось яе ўспаміны:
“Нарадзілася я 1 чэрвеня 1926 года. Вайну ў твар пабачыла летам 1943 года, калі па выкліку солтыса Баляслава Якаўчыка прыбыла ў Казлоўшчыну (было мне тады 17 гадоў). А адтуль маладых хлопцаў і дзяўчат забіралі ад сем’яў і машынамі (зараз так возяць скаціну на бойню) павезлі ў Слонім, затым – у Беласток, а там – хто ў канцлагер, а хто на работы (работнікаў адбіралі немцы-“гаспадары”).
Спачатку працавалі на лесапілцы: рэзалі дрэвы на дошкі, разгружалі будаўнічыя матэрыялы. Працавалі з самага рання і да позняй ночы. Ці кармілі нас? Так, кармілі, калі тое, што нам давалі, можна назваць ежай. Некаторыя не маглі гэта есці і паміралі з голаду.
На лесапілцы мы працавалі нядоўга, пасля былі накіраваны ў лагер для дэпартаваных. А там рылі акопы і супрацьтанкавыя рвы. З ежы – раніцай выдзялялася адна буханка хлеба на 12 чалавек. Гэтага, вядома, не хапала, таму харчы шукалі на палях – бручку, кармавыя буракі, сырую бульбу. Усяго давялося пабачыць у Нямеччыне: канцлагеры, страшныя крэматорыі, жудасны дым з іх трубаў. А побач, на двары, павозкі, напоўненыя трупамі людзей. Паветра цяжкае, ні дыхнуць ад дыму і смуроду спаленых чалавечых целаў.
У 1945 годзе вызваленне прынеслі амерыканцы, яны ж выдалі па 3 метры тканіны на вопратку. Спачатку прывезлі нас у Картуз-Бярозу, пасля – у Баранавічы. А там проста сказалі: “Кіруйце дахаты!” Так восенню 1945 года я вярнулася ў родныя Боркі. Тут выйшла замуж за аднавяскоўца Іосіфа Масейчыка, нарадзіла чацвярых дзяцей. Да самай пенсіі працавала ў родных Борках паляводам. Сёння я шчаслівая бабуля і нават тройчы прабабуля.”
КРУХМАЛЬНЫ ЗАВОД
Дату пабудовы крухмальнага завода сёння нават старажылы не згадаюць. Колькі веку жыццёвага хапае, стаяў. Выстаяў ён розныя часы і дзяржаўныя строі, спыняючыся толькі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сёння адна з жыхарак вёскі Боркі згадвае, што, калі яна была яшчэ малечай, бацька, Уладзімір Кароль, працаваў у пана Пратасевіча, колішняга гаспадара завода, вазніцай. Не было тады той аўтаматызацыі, што сёння, а ўсе асноўныя механізмы круцілі коньмі. Бульбу для патрэбаў завода пан на сваёй зямлі садзіў. Вяскоўцы старанна выконвалі кожны этап вырабу крухмалу: абдзіралі бульбу, націралі на сіта, пытлявалі (як звычайна толькі муку выраблялі), а пасля сушылі на своеасаблівай каруселі. Вялікая была тая карусель, памерам з добрую хату. Ды дзеці прасілі сваіх бацькоў, што працавалі тут: “Пакатайце вы нас на гэтай каруселі.” Шмат людзей завіхаліся над вырабам крухмалу, выпускалі яго няшмат. Напрыклад, у 20-я гады мінулага стагоддзя – толькі 3 тоны ў месяц (сёння завод вырабляе больш за 1 тысячу тон прадукту штогод). Ды крухмал той быў самай высокай якасці. Цяпер, кажа жанчына, такога нідзе не ўгледзіш. Пасля смерці пана на заводзе часта мяняліся гаспадары. Ужо ў савецкія часы дырэктарамі былі Ц. Т. Кісялёў, І. М. Іярданаў і іншыя кіраўнікі. Сёння прадпрыемства ўзначальвае І. В. Рэгіневіч.
І даўней, і сёння Боркаўскі крухмальны завод – кармілец для мясцовых жыхароў. Хоць цяжкая праца на заводзе, ды працавалі тут і працуюць бадай што не ўсёй вёскай: у 70-80 гады ХХ ст. тут было занята каля 90 чалавек, а ўжо сёння, з прыходам механізацыі, колькасць іх зменшылася ў чатыры разы. Міне яшчэ колькі часу, а завод так і будзе выпускаць боркаўскі крухмал, даваць занятак мясцоваму люду і з’яўляцца тым важным звяном, што звязвае мінулае і будучыню.
Падрыхтавала да друку Н. АВЯРЧУК.
За аказаную дапамогу вялікая ўдзячнасць школьнаму музею Раготнаўскай СШ.