Вызначаны лаўрэаты пяці прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” 2009 года. Указ аб прысуджэнні прэмій кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 студзеня.
Па выніках 2009 года прэміямі адзначаны аўтарскія і творчыя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, якая садзейнічае захаванню і памнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Радзімы, умацаванню духоўных каштоўнасцяў і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.
Прэміі прысуджаны архіепіскапу Гомельскаму і Жлобінскаму арыстарху за значны асабісты ўклад у адраджэнне і захаванне духоўнай, гістарычнай і культурнай спадчыны беларускага народа, аўтарскаму калектыву агенцтва тэлевізійных навін Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі за стварэнне дакументальнага серыяла “Зямля беларуская”, калектыву бальніцы паліятыўнага догляду “Хоспіс” за падзвіжніцкую дзейнасць па аказанні дапамогі цяжкахворым пацыентам, калектыву выдавецтва беларускага эзархата за выпуск факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля, трэнеру-выкладчыку па лёгкай атлетыцы Гомельскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў “Лідар” Уладзіміру Кацуру за значныя дасягненні ў сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў.                            
Прыняцце указа стала яшчэ адным сведчаннем увагі дзяржавы да нацыянальнай культуры і развіцця дабрачыннай дзейнасці, падтрымкі тых людзей і калектываў, якія сваёй падзвіжніцкай работай уносяць значны ўклад у захаванне духоўных асноваў беларускага грамадства.
Урад
ІЛЬГОТНЫЯ КРЭДЫТЫ НА БУДАЎНІЦТВА ЖЫЛЛЯ
Беларусбанк у 2010 годзе за кошт уласных сродкаў прадаставіць насельніцтву больш як BR5,527 трлн. ільготных крэдытаў на будаўніцтва жылля. Белаграпрамбанк выдзеліць на гэтыя мэты BR1,266 трлн. ільготных крэдытаў. Такія аб’ёмы льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва ў 2010 годзе зацверджаны сумеснай Пастановай Савета Міністраў і Нацыянальнага банка Беларусі.
Дакументам прадугледжана, што Беларусбанк і Белаграпрамбанк сумесна з Нацыянальным банкам прымуць меры па адшуканні на працягу 2010 года дадатковых ільготных крэдытных рэсурсаў на жыллёвае будаўніцтва. Пры гэтым Міністэрства фінансаў забяспечыць штомесячную кампенсацыю гэтым банкам стратаў, звязаных з прадастаўленнем ільготных крэдытаў.
У цэлым аб’ёмы крэдытных рэсурсаў банкаў на фінансаванне ў гэтым годзе будаўніцтва жылля запланаваны ў памеры амаль BR7,2 трлн., з іх ільготныя крэдыты перавысяць BR6,793 трлн.
Грамадства
ПАВЫШАЦЬ ПЕНСІЙНЫ ЎЗРОСТ У БЕЛАРУСІ НЕ ПЛАНУЕЦЦА
Аб гэтым 5 студзеня на прэс-канферэнцыі паведаміла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва.
Прадстаўнік Міністэрства таксама адзначыла, што не плануюцца змяненні адносна працуючых пенсіянераў.
Валянціна Каралёва нагадала, што ў адпаведнасці з Указам №641 з 1 студзеня 2010 года праведзены пераразлік працоўных пенсій зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за трэці квартал 2009 года. У выніку пераразліку сярэдні памер працоўных пенсій усіх відаў у студзені бягучага года ў параўнанні са снежнем 2009 года павялічыўся ў сярэднім на 9% да 468 тыс. На гэтыя мэты дадаткова патрабуецца каля BR96,5 млрд. у месяц. Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва своечасова і ў поўным аб’ёме фінансуе ўсе пенсійныя выплаты, а тыя жыхары Беларусі, у каго па графіку выплата пенсій павінна быць праведзена ў першыя дні месяца, пенсію ў павышаным памеры атрымалі яшчэ ў апошнія дні снежня мінулага года: налічэнні выплаты былі праведзены загадзя.
БЕЛТА.