Гэтая вёска мае падвоеную назву - Плёхава-Ягадная. Плёхава — першапачатковая назва населенага пункта. Настолькі немілагучная, што ў шасцідзесятых гадах мінулага стагоддзя вяскоўцы вырашылі перайменаваць свае родныя мясціны. Вёска стала называцца Ягадная. Верагодна таму, што ў тутэйшых лясах шмат журавінаў.
У 1996 годзе ў Ягаднай жылі 18 чалавек. Цяпер у вёсцы засталося толькі шэсць жыхароў. Праўда, адна з жыхарак гэтых мясцінаў — Н. Ю. Карповіч зімой пераяджае да дзяцей.
Вузкая вясковая дарога, заросшыя падворкі і сады, пустуючыя хаты — менавіта такой пейзажам сустракае Ягадная. Пра тое, што тут яшчэ ёсць подых жыцця, нагадваюць толькі некалькі добраўпарадкаваных падворкаў. Яны, нібы астраўкі, сярод таго запусцення, якое цяпер пануе ў вёсцы.
– Яшчэ ў пяцідзесятых гадах, калі я сюды пераехала жыць пасля замужжа, — расказвае Валянціна Барысаўна Шэўка, — у вёсцы было 30 двароў. У кожным з іх — па чатыры-шэсць чалавек. Больш ста чалавек жыло ў вёсцы, дзяцей было шмат. Вучыцца яны хадзілі ў Мяляхавіцкую школу. А яшчэ пры польскай уладзе пачатковая школа працавала тут, у Плёхаве.        
Моладзі ў вёсцы было многа, часта ладзіліся вяселлі.
Дарэчы, на адным з іх Валянціна Барысаўна, тады яшчэ малады касір калгаса “Мяляхавічы”, жыхарка вёскі Белагурна,пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам Антонавічам Шэўкам. Разам з ім яны ўжо крочаць па жыцці 53 гады. Выгадавалі дваіх дзяцей — сына Уладзіміра і дачку Людмілу, маюць чатырох унукаў, адну праўнучку.
Сваіх бацькоў дзеці наведваюць часта. Менавіта дзякуючы іх дапамозе Валянціна Барысаўна і Аляксандр Антонавіч пакуль трымаюць карову. А яшчэ ў гаспадарцы — куры, два каты і сабака.
– Хутка карова застанецца толькі ў музеі,– жартаўліва, і ў той жа час з ноткамі сур’ёзнасці кажа Валянціна Барысаўна.– У нас у вёсцы адна карова, Васіль Аляксандравіч Міскель трымае казу. Па адной “рагулі” ў Чураях, Дукраве, Мяляхавічах. Не па сілах ўжо даглядаць карову састарэлым людзям. Гэта ж трэба столькі сена нарыхтаваць. Напэўна, у наступным годзе трымаць “рагулю” не будзем і мы.
Сумна жыць цяпер у Ягаднай, кажуць яе жыхары. Яны бавяць час ля тэлевізара, слухаюць радыё, чытаюць газеты. Вельмі ўдзячныя жыхары вёскі свайму паштальёну Валянціне Іванаўне Самахвал, якая своечасова прыносіць пенсію , газеты, а калі трэба, то і неабходныя тавары. Кепска адно: аўталаўка прыходзіць раз на тыдзень, есці даводзіцца чэрствы хлеб .
– Балюча бачыць тое запусценне, якое пануе ў вёсцы,– гаворыць Валянціна Барысаўна.– Толькі вальготна ў тутэйшых мясцінах дзікам. Яны ўжо нават не баяцца людзей. Летам збіраеш грыбы ў лесе, а побач з-за хвойкі дзік выглядвае. Прыходзяць яны і пад хату, рыюць агарод. А неяк летам мая дачка пайшла парыбачыць на возера, што ля вёскі. Ды якраз яго пераплываў вялікі дзік. Яна тады вельмі спалохалася.
Расказваючы пра вёску, Валянціна Барысаўна і Аляксандр Антонавіч прыгадалі Вялікую Айчынную вайну. На яе франтах ваяваў бацька Аляксандра Антонавіча. Дарэчы,удзельнічаў ён і ў грамадзянскай вайне,ваяваў супраць Урангеля, быў паранены. Трапіў у палон да французаў, дзе яго вылечылі, пасля вярнуўся дахаты.
Пра Вялікую Айчынную вайну нагадваюць невядомыя пахаванні, якія знаходзяцца ля вёскі Ягадная.
– У вёску часта прыходзілі партызаны, — расказваюць Валянціна Барысаўна і Аляксандр Антонавіч.– Неяк, у сярэдзіне вайны, ў Ягадную да аднаго з жыхароў завіталі двое партызанаў. Але хутка з’явіліся “ронаўцы”, атрад якіх стаяў ў Дзятлаве.Мабыць, пра гэта хтосьці данёс. Партызанаў застрэлілі. Іх пахавалі напрыканцы вёсцы, пра месца пахавання нагадвае камень. Астанкі аднаго з іх пазней забралі бацькі.
У лесе, за хутарам непадалёку ад Ягаднай ёсць і яшчэ адна безыменная магіла салдата, які быў забіты ў 1944 годзе. Цяпер месца яго пахавання амаль не відно, яно зарасло.
Знаходзяцца каля Ягаднай і нямецкія могілкі, дзе захаваны салдаты Першай сусветнай вайны.
З Вялікай Айчыннай вайной звязана і яшчэ адна гісторыя. Падчас вайны на пяцярых жыхароў Ягаднай прыйшлі “пахаронкі”. Але, як высветлілася, два чалавекі пасля заканчэння вайны вярнуліся дахаты жывымі.
А.ДУБРОЎСКАЯ.