У цяперашні час асноўным нарматыўным актам, які рэгулюе прыём грашовых сродкаў пры рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) за наяўны разлік, з’яўляецца Пастанова Савета Міністраў і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2002 года №18/1 “Аб прыёме наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) і аб некаторых пытаннях выкарыстання касавых суміруючых апаратаў і спецыяльных камп’ютарных сістэм” (са змяненнямі і дапаўненнямі). Падрабязны парадак выкарыстання юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі такіх апаратаў прадугледжаны ў Інструкцыі, зацверджанай Пастановай Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 2004 года №103 (са змяненнямі і дапаўненнямі). Аднак, нягледзячы на падрабязнае рэгламентаванне прыёму наяўных грашовых сродкаў, некаторыя суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці наўмысна або з-за сваёй халатнасці працягваюць парушаць заканадаўства.
Толькі за 8 месяцаў бягучага года інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Дзятлаўскаму раёну ў 9 суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці выяўлены парушэнні заканадаўства, якое рэгулюе прыём наяўных грашовых сродкаў. Пры гэтым іх дапусцілі не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі і іх работнікі, але і работнікі юрыдычных асобаў. Так, напрыклад, прадаўцом індывідуальнага прадпрымальніка Л. з агульнай сумы 516590 рублёў, якія знаходзіліся на момант праверкі ў касе, прыняты без выкарыстання КСА (касавы суміруючы апарат) 225480 рублёў, або 43,6% ад агульнай смуы. Прадаўцом індывідуальнага прадпрымальніка М. з агульнай сумы 684510 рублёў, якія знаходзіліся ў касе, прыняты без выкарыстання КСА 578620 рублёў, або 84,5% ад агульнай сумы. Дадзеныя выпадкі сведчаць аб наўмысным ўтойванні атрыманай выручкі. Здараюцца выпадкі, калі без КСА прымаюцца наяўныя грашовыя сродкі ў невялікім памеры, з-за халатнасці прадаўца. Напрыклад, пры праверцы гандлёвага аб’екта, уласнікам якога з’яўляецца юрыдычная асоба П., было выяўлена, што без выкарыстання КСА прыняты 32640 рублёў. Усе віноўныя асобы прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці ў розных памерах.
Вышэйсказанае азначае, што пры прыёме наяўных грашовых сродкаў недарэчнасцяў не павінна быць, бо адказнасць за такія парушэнні дастаткова суровая. Так, згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, з артыкулам 12.18 парушэнне парадку прыёму грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) за наяўны разлік прымяняецца адказнасць у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў, або ад 700000 да 1750000 рублёў. Акрамя таго, калі такое ж парушэнне будзе дапушчана паўторна (два і больш разоў на працягу 12 месяцаў запар), то па рашэнню рэгіструючага органа ліцэнзія суб’екта прадпрымальніцкай дзейнасці анулюецца.
С. ІГНАТОВІЧ,
вядучы юрысконсульт інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Дзятлаўскаму раёну.
Пакінуць адказ