Мы прывыклі марыць пра паездкі ў заморскія краіны, а самі нават не ведаем, што ёсць цікавага ў суседніх гарадах і вёсках нашай роднай Беларусі. Імкнёмся затраціць вялікія грошы, каб адпачыць на моры ці ў гарах, а самі ніколі не ездзілі ў блізкую вёску і не бачылі, якія помнікі там ёсць, якое возера ці таямнічы лес. А, можа, мы проста не ведаем, што цікавага ёсць у нас? Чамусьці людзі думаюць, што ў нас, беларусаў, ёсць толькі Мірскі і Нясвіжскі замак, ну, яшчэ полацкія помнікі і Брэцкая крэпасць… Але ж гэта не так. Можна сказаць, што ў кожным горадзе ці вёсачцы ёсць нешта адметнае, цікавае, што нікога не пакіне раўнадушным.
Ну, што павандруем? А каб далёка не ездзіць, наведаем суседнія гарадкі і вёсачкі, да якіх і хутка даехаць можна, і грошы вялікія не спатрэбяцца, каб дабрацца.
Думаю, што кожны дзятлаўчанін хоць раз быў у Слоніме. Менш чым пяцьдзесят кіламетраў – і мы на месцы. Каб больш даведацца пра гэты горад, акунёмся трохі ў гісторыю.
Першае ўпамінанне аб горадзе Слоніме ва Іпацьеўскім летапісе датуецца 1252 годам, але, калі верыць мясцовым жыхарам, калісьці пры ўездзе у горад стаяў знак з надпісам “1036”.
Напэўна, усе чулі пра слонімскую кардонную фабрыку “Альберцін”, але ж, мабыць, ніхто нават і не дадумаецца пагуляць па парку фабрыкі, а там шмат цікавага і прыгожага.
Пасёлак Альберцін (цяпер ён ўжо частка Слоніма) быў пабудаваны пры пане Войцеху Пуслоўскім, які больш чым дзвесце гадоў таму стварыў папяровую мануфактуру. Потым на фабрыцы выпускалі запалкі, цвікі, але выпуск сышоў у нішто, і прадпрыемства прастаяла забытым аж да прыходу Савецкай улады.
Парк фабрыкі (раней гэта была сядзіба пана Пуслоўскага) вялікі і вельмі прыгожы. Ён размяшчаецца каля маляўнічага возера, якое мясцовыя жыхары называюць Бяздонным. Кажуць, што колькі б не мералі глыбіню гэтага возера, ніхто не можа даць дакладную інфармацыю. А яшчэ, па легендзе, на месцы возера раней была вёска. Ходзяць чуткі, што часта на плыні з’яўляюцца крыж-накрыж дарожкі, нібыта скрыжаванні дарог вёскі на дне.
А самае цікавае на Бяздонным возеры — штучны вадапад: яго пабудавалі для абароны палёў ад вясенняй паводкі. Самыя смелыя, некаторыя, каб атрымаць масаж, некаторыя, каб уразіць сяброў сваёй адвагай, прабіраюцца праз тунэль пад цяжкія патокі вады, не зважаючы на надпіс, які папярэджвае пра небяспеку.
Гуляючы па былой сядзібе Пуслоўскага, немагчыма не прыкмеціць вялізную Каралінскую ліпу. Гэта — помнік прыроды, які ахоўваецца дзяржавай. Лісты такой ліпы памерам падобныя да далоні дарослага мужчыны. Гавораць, што Пуслоўскі спецыяльна высаджваў у сваім садзе цікавыя дрэвы, прывозіў з розных замежных краін. І сапраўды, дрэвы парка розныя і цікавыя. Можна сустрэць і бярозы, і лістоўніцы, і дубы.
Каля самай ліпы захаўся маёнтак пана. Цяпер гэта слонімскі Палац моладзі. Пры ўваходзе сядзяць на прыступках два каменныя львы, ахоўнікі маёнтка.
Недалёка ад маёнтка Пуслоўскага, у лесе, захаваўся яшчэ адзін прыгожы помнік гісторыі – расколаты камень. Як сведчыць легенда, аднойчы Пуслоўскі вяртаўся дадому праз лес. Раптам пачалася моцная навальніца. Пуслоўскі выйшаў з карэты і схаваўся пад каменны брыль валуна. І якраз у гэты час маланка раскалола камень на дзве часткі. Пан, радуючыся, што валун выратаваў яго жыццё, загадаў прывезці яго на сядзібу. Але, выкапаўшы чатырохметровую яму, яго людзі так і не змаглі знайсці падмурак камня. Пуслоўскі, расчараваны, загадаў паставіць крыж каля камня, але, на жаль, той крыж не захаваўся да сённяшняга дня. А валун стаіць і ўражвае наведвальнікаў сваёй веліччу і даўніной.
Слонімская старонка багатая на легенды і паданні, на цікавыя, памятныя месцы, але навошта пра ўсё расказваць? Паедзьце і самі падзівіцеся, на што багаты нашыя суседзі.
Падрыхтавала да друку Алена МАЛЬКО,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Пакінуць адказ