Маладая дзяўчына ціхенька спявала ля калыскі калыханку свайму маленькаму сыночку. Заглянеш у яе вочы – убачыш шчасце і смутак адначасова. Не кожны зразумее, чаму яны адлюстроўваюць такія розныя пачуцці…
Ганна сябравала з адным хлопцам, кахала яго. Здаецца, і ён яе кахаў. Яны былі разам ужо больш года, добра ладзілі, разумелі адзін аднаго. Абодва былі шчаслівыя. Аднойчы Ганна зразумела, што цяжарная. Доктар пасля агляду падцведзіў яе згадкі. Ганна, крыху збянтэжаная, патэлефанавала з палікліннікі свайму каханаму – хацелася як мага хутчэй падзяліцца з ім такой радаснай навіной:
– Андрэйка, у нас будзе дзіцятка! – казала яна ў трубку дрыжачым ад хвалявання голасам. Але ў адказ пачула нейкае нядобрае “што?”
– Андрэй, ты не рады? У нас с табой будзе дзіця.
– Гэтага яшчэ не хапала! – пачула яна нібы іншага, не яе добрага і ветлівага Андрэйку. – Рабі аборт. Мне яно – не патрэбнае. Я – з другой дзяўчынай. Прабач, раней не сказаў. Не хапала, каб нейкае дзіця пашкодзіла маім адносінам! Ды і ты ж не хочаш застацца адна з малым на руках? Рабі аборт. І забудзь, што я ёсць.
І ўсё – кароткія гудкі. У Ганны сціснулася сэрца ад болю. Яна не памятала, як дайшла дахаты, доўгі час не магла прыйсці да сябе. “Білі” па галаве страшныя словы: “Рабі аборт”. Яна ляжала на канапе, а гарачыя слёзы апякалі твар – слёзы болю, адчаю. Успаміналася, як добра ім было з Андрэем, як гулялі да світання пад зорным небам, той вялізны букет рамонкаў, які аднойчы прынёс ёй пад акно. Успаміналіся яго, як здавалася тады, шчырыя словы: “Я кахаю цябе. Мы заўжды будзем разам”. Абяцаў… А што цяпер? “Я – з іншай дзяўчынай. Я кахаю яе, – усплывалі ў памяці словы, што пачула сёння. – Падмануў мяне. Цяпер другой галаву дурыць. Куды ж толькі падзелася яго бязмежнае каханне?”
Але Ганна не баялася цяжкасцяў, не баялася застацца адна з немаўляткам на руках. Дзяўчына цвёрда вырашыла для сябе: яна народзіць дзіця. Як можна яго забіць? “У чым яно вінаватае? Мы з Андрэем стварылі новае жыццё і я не маю права яго абарваць. Ён там, унутры мяне, такі бездапаможны. А Андрэй кажа: “Рабі аборт”. Якія ж страшныя словы. Не думала, што аднойчы пачую іх, – падумала Ганна і ціхенька сказала, паклаўшы руку на жывот. – Я падару табе жыццё, ты будзеш у мяне самы шчаслівы.”
Дзяўчына доўгі час не магла адважыцца прызнацца сваёй матулі. Але ўсё-ж знайшла ў сабе сілы і расказала пра змены ў сваім жыцці.
– Не перажывай, дачушка. Ты не адна: мы з татам заўсёды побач і гатовыя дапамагчы ў любую хвіліну. Нельга рабіць аборт. Выгадуем, – суцяшала маці Ганну.
Андрэю не званіла. Наогул, старалася пра яго не ўспамінаць. Цяпер у яе быў галоўны клопат – нарадзіць здаровае дзіця. А Андрэй – хай сабе як хоча. Бог яму суддзя. Толькі часам узнікала жаданне зазірнуць яму ў вочы і запытацца: “Як толькі хапіла ў цябе розуму прапанаваць забіць сваё ж дзіцятка?” Яна ніяк не магла зразумець, чаму раптам усё перамянілася, куды зніклі пачуцці. А можа іх і не было? А твар шчаслівага закаханага ўсяго толькі маска? Ганна не магла паверыць, што так бывае, што можца забаўляцца чужым сэрцам.
Прыйшоў час і ў Ганны нарадзіўся хлопчык. Гэта быў адзін з самых шчаслівых дзён у яе жыцці. Калі немаўлятка ўпершыню прынеслі ў палату, маладая матуля прытуліла яго да сябе і прашаптала: “Прабач, мой любы, што ў цябе не будзе каго назваць татам…”
Арцёмка (менавіта так Ганна назвала сына) рос, цешыў сваю матулю. Ганна з пяшчотай глядзела на сына, укладваючы ў калысцы спаць, і заўважала, што ён вельмі падабны на свайго бацьку – Андрэя. Зноў вярталіся ўспаміны далёкіх сустрэч, шчаслівыя хвіліны, што правялі разам, і тыя страшныя словы каханага… А за імі прыходзіла пытанне: “Калі Арцёмка запытае, дзе яго тата, што я яму адкажу?” Яна баялася гэтай хвіліны. Але старалася не сумаваць. Цяпер ёй было дзеля каго жыць. Сыночак – яе радасць, шчасце, сілы, сэнс. Яна дала яму жыццё і будзе выхоўваць у сваім сыночку самыя лепшыя якасці. А галоўнае – яна навучыць яго цаніць пачуцці…
Н. БУБНОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ