“У Сокала” – так афіцыйна называецца аграсядзіба ў Карыцы-2, гаспадаром якой з’яўляецца Сяргей Уладзіміравіч Сокал. Але, на маю думку, назва не зусім дакладная. Правільней будзе – “У Сокалаў”, паколькі ад гаспадыні сядзібы Ірыны Уладзіміраўны таксама залежыць многае: чысціня і ўтульнасць у хаце, камфорт прыехаўшых адпачыць. І размова пра аграсядзібу пачалася менавіта з Ірынай Уладзіміраўнай.
– Муж даўно марыў мець свой вялікі сад. Ля дома ў Наваельні, дзе жывём і працуем, зямлі няшмат, там няма дзе яго пасадзіць. Таму, калі даведаліся, што гаспадар прадае хату, адразу згадзіліся яе купіць. Напачатку пра аграсядзібу не думалі. Хацелі выкарыстоўваць хату пад дачу. Сям’я ж у нас немаленькая: трое дзяцей, сын ужо ажаніўся, ёсць нявестка, унучка. А мы – людзі вясковыя, любім прыроду, таму не было сумненняў: купляць ці не купляць гэтую хату. Сяргею адразу спадабаўся і дом, і наваколле. Пазней даведаліся, што можна ўзяць у Белаграпрамбанку крэдыт для адкрыцця сваёй аграсядзібы. Пазычылі грошай і сталі адбудоўвацца…
Сёння аграсядзіба “У Сокала” (а існуе яна год, на працягу якога гаспадары даводзілі ўсё паступова да ладу) сустракае турыстаў з Мінска, Гродна, Мурманска, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Звыш паўсотні чалавек змаглі тут адпачыць, атрымаць асалоду ад спакою, навакольнай прыроды, адчуць гасціннасць гаспадароў.
– Сваю мару – пасадзіць сад – я ажыццявіў, — расказвае далей ужо Сяргей Уладзіміравіч Сокал. – Падрастаюць ля аграсядзібы 20 яблыняў. Саджанцы нам падарыў мой бацька – Уладзімір Пятровіч Сокал. Ён так і сказаў: “Будзе памяць вам ды ўнукам”.
Пакуль што яблынькі не пладаносяць, але міне час, і наведвальнікі аграсядзібы змогуць пачаставацца садавінай, літаральна, з дрэва. Сёння ж яны могуць карыстацца прысядзібным участкам, дзе руплівая Ірына Уладзіміраўна пасадзіла пяць сартоў салаты, цыбулю, моркву, буракі, кроп, пятрушку, бульбу.
– Хачу сцяжынку да сядзібы абсадзіць рабінкамі, — дзеліцца планамі Сяргей Уладзіміравіч. – Уяўляеце, якая будзе прыгажосць восенню. А калі заглянеце сюды праз паўгода-год – не пазнаеце.
Самыя грандыёзныя планы гаспадара “У Сокала” звязаны з азярынай, якая знаходзіцца побач з аграсядзібай. Хочацца ўпарадкаваць вадаём, пачысціць яго, зарыбіць, зрабіць невялікі пляж, займець лодку, катамаран, зрабіць сваю невялічкую гідраэлектрастанцыю. Але пакуль што мары застаюцца марамі: стаіць на месцы пытанне з арэндай азярыны. Але Сокалы не губляюць надзеі, што іх праблема вырашыцца ўрэшце-рэшт станоўча, і турысты змогуць у спякотныя дні купацца, загараць ля вады.
– У нас быў бы і рамантычны Востраў Кахання, — дзеліца Ірына Уладзіміраўна, — куды можна было б дабрацца на лодцы, а там наталіцца спакоем і навакольнай прыгажосцю.
Наогул, у галовах Сокалаў – дзесяткі задумак і планаў. Найперш хочуць зрабіць на аграсядзібе добрую лазню. Ужо прыглядзелі для гэтага і дом на перавоз. Ёсць у іх планах і стварэнне музею старажытных рэчаў.
На такую думку Сокалаў натхнілі ўдзельнікі навукова-этнаграфічнай экспедыцыі, якія адпачывалі тут некалькі дзён. Чаму б не знаёміць сучасных людзей, асабліва дзяцей, з побытам нашых прокаў? І вось ужо сёння сцяну аграсядзібы аздабляюць сапраўдныя прылады сялянскай працы: сявенька, сіта, цэп для малацьбы, каса, граблі, вілкі для чыгуноў, а ў свіране чакаюць свайго часу старажытныя люлька, ступа, акурвальнік вулляў, берасцяная ноша – “правобраз” сучаснага рукзака. Сёння многія ўжо і не ведаюць, для чаго прызначана тая ці іншая рэч. А музейныя скарбы папаўнялі б веды турыстаў пра тое, як жылі і працавалі продкі, пра зямлю, на яко жывём.
А самай “блакітнай марай” Сокалаў з’яўляецца развядзенне страўсаў і галубоў. Хочацца, каб прысутнічала на аграсядзібе і экзотыка.
На сёння ж тут з хатніх жывёлін жыве “доберманша” – разумны сабака, які і ахоўвае сядзібу, і падабаецца гасцям. Амаль “хатнім” можна лічыць і лебедзя Гошу.
Як толькі гаспадыня сядзібы Ірына Уладзіміраўна паклікала: “Гоша, Гоша, плыві сюды, мой харошы, пакармлю цябе”, птушка скіравала да берага.
– Летась Гоша быў з сяброўкай Машай, плавалі парай, потым прывялі сямёра “брыдкіх качанят”. Прыляцелі на азярыну і сёлета. Усё было добра. А потым мы ўбачылі Гошу аднаго, думалі спачатку, што яго сяброўка сядзіць на гняздзе, — распавядае Ірына Уладзіміраўна, — але пазней знайшлі Машу мёртвай. Хутчэй за ўсё яна трапіла пад браканьерскую “электравуду”. Што будзе з Гошам далей – не ведаем: яны ж, лебедзі, лічацца адналюбамі. Спадзяёмся, што гэтае месца аблюбуе новая пара.
А вышэй па вадзе, на Лапушанцы, пабудавалі хаткі бабры. Іх тут развялося шмат. Сяргей Уладзіміравіч налічыў 12 “плацін”. Водзяцца непадалёку і шэрая чапля, і чорны дзяцел, занесеныя ў Чырвоную кнігу.
– Самыя дзівосныя тут ранішнія гадзіны, — расказвае гаспадар сядзібы. – Прачнешся гадзіны ў чатыры-пяць, а навокал — такая прыгажосць: птушкі на ўсе лады спяваюць, вельмі многа тут салаўёў, вее прахалодай ад азярца, пройдзеш метраў пяцьдзесят – і табе — суніцы, ажына, грыбы, дыхай сасновым водарам.
– Мы любім тут спраўляць Купалле, — працягвае Ірына Уладзіміраўна. – Купалле – наша з Сяргеем своеасаблівае свята: на яго мы прызналіся адзін аднаму ў каханні. З таго часу мінулі 27 гадоў. Але чароўная купальская ноч так і засталася для нас чароўнай. Вось і сёлета, як ні былі заняты, знайшлі час, каб прыехаць сюды. Турыстаў не было, самі і нашы сябры былі “турыстамі”.
Бліжэйшым часам Сокалы чакаюць кліентаў з Мурманска: адшукалі яны гэтую сядзібу па інтэрнэту, патэлефанавалі, зрабілі заяўку. Мяркуюць правесці тыдні два.
Аграсядзіба можа прыняць дзве сям’і – дарослых і дзяцей. Але, бывае, прыязжаюць і вялікімі кампаніямі. Тады на падворку “вырастае” палатачны гарадок.
– Былі ў нас нядаўна камп’ютаршчыкі з Гродна, прыехалі з сем’ямі, дык дзяцей было не загнаць у дом, — кажа Ірына Уладзіміраўна, — нават у дождж спалі ў палатцы, хоць у нас ёсць усе зручнасці.
Гаспадары паклапаціліся, каб на аграсядзібе штодня была халодная і гарачая вада, працавалі газавая пліта, мікрахвалёвая печ (нават ёсць руская печ), ёсць халадзільнік.
Многае, нават пераважная большасць усяго, што тут ёсць, зроблена рукамі Сяргея Уладзіміравіча. Камін, дабротныя ложкі – у хаце, мангал, яшчэ адна руская печ, альтанка на 20 чалавек, дэкаратыўны вадапад, веранда з лазы – усё гэта вынік фантазіі і намаганняў гаспадара.
– Сяргей, можна сказаць, майстар на ўсе рукі, — з гонарам зазначае Ірына Уладзіміраўна. — А ведалі б вы, як яго любяць у школе дзеці. Мужыку — пад пяцьдзесят, а ён, як хлапчук, можа і ў футбол паганяць, і пабегаць навыперадкі з імі. Вось ужо колькі гадоў – нязменны класны кіраўнік.
– Ды навошта вам школьны тлум? – правакую Сяргея Уладзіміравіча пытаннем. – Займаліся толькі б сядзібай…
– Ды не магу я без школы, — прызнаецца суразмоўца. – За столькі гадоў прыкіпеў душой. Таму і рытм жыццёвы такі – наперад, наперад! Думаць, рабіць, паспяваць! Хочацца, шчыра, пакінуць пасля сябе добрае. Ну, хаця б і вось гэты куток, дзе людзі маглі б адпачываць душой і целам, дзе гараджане зведалі б “вясковае” жыццё. А калі па вялікаму рахунку, то каб не знікла з карты вось такая вёска на дзве хаты, як Карыца-2, каб жылі і надалей мясцовыя легенды, каб іншыя людзі імкнуліся ўбачыць мясцовыя адметнасці.
Дарэчы, у сямі кіламертах адсюль, ля Косічаў, ёсць крыніцы з мёртвай і жывой вадой. Ёсць недалёка і азярцо, у якое вада паступае, а з яго – не выцякае. Яго прыкмеціў сам Сяргей Уладзіміравіч. Прырода пакажа, адкрые шмат таямніцаў, калі быць уважлівым і паважлівым да яе, калі не нішчыць яе, а выкарыстоўваць ашчадна, разумна.
Менавіта так стараюцца працаваць Сокалы і сядзібнай чысцінёй, парадкам, утульнасцю стараюцца выхаваць у прыезджых паважлівыя адносіны і да чужой працы, і да матухны-прыроды. Тут можна палавіць рыбу, схадзіць па грыбы-ягады, зварыць юшку, пасмажыць сала-мяса, але ўсё гэта ў разумных межах, не насячы наваколлю непапраўнай шкоды. Таму, калі ёсць жаданне адпачыць ад гарадской мітусні, правесці выхадныя на прыродзе, тэлефануйце да Сокалаў. Нумары простыя – 9143131, 9199300.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ