Будучы народным засядацелем, даводзілася ўдзельнічаць у судовых пасяджэннях. Не ведаю, як каму, а вось мне, заходзячы ў залу і пачуўшы голас сакратара: “Устаць. Суд ідзе”, станавілася не па сабе. На лаве – падсуд, на другой лаве – пацярпелы. Крыху воддаль – родныя, якія хвалююцца, перажываюць кожны за свайго. Так сказаць, два “лагеры”. Балюча глядзець на ўсіх. Падсудны, які пэўны тэрмін ужо адсядзеў у следча-папраўчым ізалятары і трапіў на лаву падсудных упершыню, выклікаў у мяне пачуццё літасці. Ён нагадваў мне такога няшчаснага, які ўжо ўсвядоміў, раскаяўся, але вярнуць назад нічога нельга. Закон – ёсць закон. І хто парушыў – павінен адказваць за свае ўчынкі. Пацярпелы – невінаваты, якога ні за што, ні пра што пабілі, і ён хоча, каб яго “вораг” быў пакараны.
Яшчэ горш, калі на лаве падсудных – непаўналетнія. Прыпамінаю выпадак: судзілі групу падлеткаў за крадзёж. Натыкаешся на вочы гэтых гора-дзяцей, а там блішчаць слёзы. Яны не ведаюць, як апраўдвацца, голас у іх такі ціхі, што ледзь разабраць, спалоханыя. А побач – матулі, для якіх яны – самае дарагое, самае блізкае. Тупы сардэчны боль выклікаюць гэтыя жанчыны, якія ў любы момант, нават калі іх дзеці ўчынілі злачынствы, гатовы самі за ўсё адказваць. І вось у адным судовым пасяджэнні, калі суддзя чытаў прыгавор (усе павінны стаяць), матуля, пачуўшы, што яе сыну прысуджана пазбаўленне волі, упала ў беспрытомнасці. Выклікалі хуткую дапамогу, а прыгавор дачыталі ў кабінеце суддзі.
Я пасля гэтага суда доўга не магла прыйсці сама да сябе і лавіла на думцы, якое б каменнае сэрца не было ў суддзі, яно баліць. Але як паступіцца ў такім выпадку? А калі гаварыць пра Сяргея Міхайлавіча Сёмуху, які працуе старшынёй суда Дзятлаўскага раёна, то яму такія справы даводзіцца разглядаць штодзённа. Які патрэбна мець характар, як сябе нарастроіць, каб на чужы людскі боль глядзець спакойна? Бываючы разам з ім на судовых пасяджэннях, я назірала, як ён спрабуе дастукацца да душы падсуднага, даказаць яму, пераканаць, што вінаваты і павінен несці пакаранне. Сяргей Міхайлавіч уважліва слухае кожнага, а пазней, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, параіўшыся з засядацелямі, прымае рашэнне. Але ж за падсудным стаіць перш за ўсё чалавек, яго лёс. Цяжка сказаць, ці выправіць яго калонія або турма. Вось і мяркуйце, наколькі цяжкая гэтая пасада, бо ўсе працэсы, якія ён вядзе, не застаюцца ў будынку суда, яны суправаджаюць яго дома, у час адпачынку. Як лепш зрабіць: ці пакараць па максімуму, ці паверыць таму, хто чакае яго апошняга слова.                                           
Сёння я хачу расказаць пра калектыў Дзятлаўскага суда, які вось ужо на працягу 18 гадоў узначальвае Сяргей Міхайлавіч Сёмуха. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і суд пачынаецца з канцылярыі. Калі сюды не зойдзеш – усе супрацоўнікі заняты справамі. Пішуць, звоняць, афармляюць дакументацыю, атрымліваюць і адпраўляюць яе. І што характэрна, кожнага наведвальніка выслухаюць уважліва, не пакрыўдзяць. Асабліва гэта датычыцца загадчыцы канцылярыі Марыі Браніславаўны Кучынскай, якая працуе тут больш 40 гадоў. Пачынала судовым сакратаром. 34 гады яна першая заходзіла ў залу пасяджэнняў, рыхтавала да працэсу пацярпелых, сведкаў і яе кожны працоўны дзень пачынаўся са словаў: “Устаць. Суд ідзе”. Цяжка падлічыць, колькі такіх дзён было за гэты час. Марыя Браніславаўна – дабрэйшай душы чалавек. Яна са спагадай ставіцца да ўсіх, хто па розных прычынах пераступаў парог суда. Сюды ж людзі ідуць не з радасцю, сюды іх прыводзіць гора і няшчасце. І Марыі Браніславаўне патрэбна выслухаць нават чужую бяду, супакоіць, падтрымаць, параіць. Цяпер у яе работа крыху спакайнейшая. Яна не сутыкаецца з падсуднымі, менш бачыць слёз маці, але ўсё такая ж уважлівая, чулая да людзей. За сваю працу яна ўзнагароджана нагрудным знакам “За адзнаку” ІІ ступені. Такімі ж быць вучыць сваіх падначаленых. Пад яе кіраўніцтвам працуюць сакратар суда Людміла Мядзведзь, справавод Аксана Лычкоўская. Дарэчы, Аксана, лічы, новы чалавек тут. Работа ёй падабаецца, і каб даць рост сваёй кар’еры не спынілася на сярэдне-спецыяльнай адукацыі, стала студэнткай-завочніцай юрыдычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта.
Святлана Вікенцьеўна Лабар пачынала працаваць у судзе судовым выканаўцам. Прызнана лепшай у сваёй прафесіі па вобласці. Цяпер гэтая абаяльная жанчына – суддзя. Мне даводзілася вырашаць з ёй асабістыя пытанні – і яна пакарала душэўнай дабрынёй, увагай і павагай. Думаю, кар’ера яе не сапсуе і яна застанецца такой жа да тых, чый лёс падчас знаходзіцца ў яе руках.
А якія высакародныя тут сакратары судовых пасяджэнняў. Гэта – Вольга Драб, Ірына Грыб. Яны маюць юрыдычную адукацыю. Гэта цяпер у іх кожны працоўны дзень пачынаецца са словаў: “Устаць. Суд ідзе”. Да іх можна зайсці, як кажуць, без стуку. Ветлівая усмешка на твары, добрае пяшчотнае слова заўсёды супакояць тых, хто да іх ідзе усхваляваны, растрывожаны.
Вышэйшую юрыдычную адукацыю мае Святлана Ламака. Адукацыя і практычны вопыт у судзе дазваляюць ёй быць граматным кансультантам. Да яе звяртаюцца наведвальнікі суда з рознымі пытаннямі, просьбамі. Святлана не пакіне па-за ўвагай ніводнага чалавека.
Зусім нядаўна працуюць судовымі выканаўцамі Вадзім Юркевіч і Марына Мойса. Тэарэтычная база ў іх добрая, прафесійная, а вопыт прыйдзе з часам. Галоўнае, мець жаданне стаць высокакваліфікаваным юрыстам. Наталля Баковіч – загадчыца архіва. Яна – студэнтка-завочніца Мінскага ўніверсітэта, а прыйдзе час і ў судзе з’явіцца яшчэ адзін дыпламаваны спецыліст.
15 чалавек працуюць у Дзятлаўскім судзе. Работа іх нялёгкая і не дае расслабляцца. Кожны працоўны дзень распісаны па хвілінах. Так, за мінулы год разгледжаны 209 крымінальных, 583 грамадзянскія, 1027 адміністрацыйных справаў. І за кожным з іх стаяць людзі са сваім лёсам. А гэта значыць, што трэба ўмець правільна разабрацца: пакараць ці апраўдаць. Менавіта ў такім накірунку вядзецца работа калектыву і асабіста старшыні суда Сяргея Міхайлавіча Сёмухі, суддзі Святланы Вікенцьеўны Лабар. Апрача таго, работнікі суда бываюць у працоўных калектывах, праводзяць гутаркі і секцыі, працуюць сумесна з прававымі цэнтрамі прававой інфармацыі, арганізоўваюць выязныя судовыя пасяджэнні.
Амаль кожнаму з нас па той або іншай прычыне даводзіцца бываць у судзе. Пераступаючы парог гэтага будынку (а ён цяпер у іх даволі прыгожы: светлы, зручны, утульны), не сумнявайцеся: вас сустрэнуць такія ж прыгожыя, добрыя, уважлівыя людзі, якія, выбіраючы для сябе прафесію юрыста, навучыліся, а хто яшчэ толькі вучыцца, разумець чужы боль, не быць раўнадушнымі да чужога лёсу.
А. ДЗІКАЛАВА.