Маляўніча і прывабна прырода Дзятлаўшчыны. Дрымучыя таямнічыя лясы Ліпічанскай пушчы, якія растуць у міжрэччы Нёмана і Шчары, незвычайна багаты сваёй флорай, біялагічнай разнастайнасцю. Тут растуць дуб, граб, сасна, вяз, ляшчына, бяроза, елка. Але яшчэ цікавей вывучаць прыроду, вандруючы па маршруту ракі Шчара.
Маршрут праходзіць па тэрыторыях Дзятлаўскага і Мастоўскага раёнаў: праз мост р. Шчара, музей-зямлянку, Шымкі – Каменая Шчара. Працягласць маршруту 4-5 км, можна прайсці за 1-2 дні.
На левым беразе р. Шчара да вайны знаходзілася старая драўляная царква, але падчас акупацыі яе спалілі карнікі і толькі застаўшыяся каменныя помнікі сведчаць аб тым, што тут раней было святое месца.
Сцяжынка, агібаючы старыя могілкі, выводзіць нас да старой дзягцярні. Сёння ў Беларусі амаль не засталося такіх мясцін, дзе можна пазнаёміцца з асаблівасцю аднаго з найбольш распаўсюджаных промыслаў жыхароў беларускіх лясоў. Гэта пабудова можа лічыцца ўнікальнай.
Побач знаходзіцца цудатворная крыніца, вада ў ёй не замярзае нават у самыя лютым маразы. Каля крыніцы пастаўлены крыж, асвечаны мясцовым свяшчэннікам.
Перайшоўшы мост праз р. Шчара, мы наведваем мемарыял, які ўзведзены ахвярам фашызму і героям-партызанам, музей-зямлянку. Прайшоўшы далей па грунтовай дарозе, турысты могуць папарыцца ў драўлянай лясной лазні. Праз 100 метраў за вёскай знаходзіцца ўнікальная група дрэваў са сваімі гісторыямі і легендамі, у тым ліку і чорная бяроза. Крыху далей вы наведаеце краіну дубоў-веліканаў, узрост якіх складае 300-400 гадоў.
Сёння гэта адно з найцікавейшых мясцін на рацэ Шчара. Тут жывуць бабры, выдры, можна ўбачыць шэрую і чорную чаплю, лебедзяў і іншых птушак, а ў Шчары можна злавіць шчупака, жэраха, беласпёрак, а ў крутых віражных ямах – сама.
Паляна на “Каменнай Шчары” можа стаць сапраўдным пунктам для іншых маршрутаў у глыбіню Ліпічанскай пушчы.
Вандруючы па гэтаму маршруту, вы атрымаеце незабыўныя ўражанні, пазнаёміцеся з гісторыяй і традыцыямі гэтых мясцін, зможаце цудоўна адпачыць.
А. ЛЯВОНЧЫК,
вядучы спецыяліст райінспекцыі.