Гул аўтамашыны прымусіў падысці да акна. Высокая статная жанчына, гадоў сарака, адчыніла веснічкі і шпаркім крокам накіравалася да веранды.
– Мусіць, шукае кагосьці, будзе ўдакладняць адрас, — падумала Валянціна Лявонцьеўна і паспяшалася насустрач нечаканай госці.
А тая, раскінуўшы рукі, прыхінула гаспадыню хаты да сябе, і, засмяяўшыся, спытала:
– Цётка Валя, не пазнаеш?
Валянціна Лявонцьеўна ўглядалася ў прыгожыя рысы твару маладзіцы і лавіла сябе на думцы: нешта даволі знаёмае, дзе ж я яе магла бачыць?
– Я – Таня, пляменніца дзядзькі Васіля, а, значыць і ваша сваячка. А не бачыліся мы ўжо 32 гады, з таго часу як вы паехалі з Рэчыцы. Я вырасла і наважылася вас шукаць. А тут і камандзіроўка ў Гродна выпала. Сама я жыву ў Гомелі, загадваю гарадскім архівам. Карыстаючыся выпадкам вырашыла наведацца ў Дзятлава, — амаль на адным дыханні расказала пра сябе “незнаёмка”.
Валянціну Лявонцьеўну ахапіў і жаль і радасць, яна з хваляваннем запрасіла дарагую госцю ў хату.
… Рэчыца. Родны да болю горад. Тут яна пачынала працаваць у дзяржбанку, тут сустрэла сваё першае каханне, тут у яе з Васілём (пазней яны пажаніліся) нарадзілася дачушка Ліля.
Не паспелі маладыя нацешыцца сваёй радасцю, як у сям’ю прыйшло вялікае гора. Цяжка і безнадзейна захварэў Васіль і маладая жонка, быццам птушка з падбітым крылом, кідалася, спрабавала знайсці паратунак, аблегчыць яго пакуты. А ён чахнуў на вачах. На дапамогу прыйшлі родныя Валянціны і забралі маладую пару ў Дзятлава. Неўзабаве яна засталася з гадавалай дачушкай на руках — стала ўдавой.
Для яе перастала свяціць сонца, дзень здаваўся ноччу. Са смерцю Васіля нібы спынілася жыццё. І толькі плач маленькай Лілі вяртаў яе да рэальнасці, прымушаў змірыцца з лёсам, знаходзіць сілы, каб гадаваць дачушку. Жыццё ішло сваёй чаргой. Уладкавалася на працу ў бухгалтэрыю райбальніцы, Лілю аформіла ў садзік. Але памяць пра дарагога чалавека не пакідала і яна, паклаўшы спаць малую, доўгімі начамі плакала ў падушку, успамінала сваё сіроцкае дзяцінства (у 3 гады не стала ў яе бацькі).
Час – добры лекар. І вось прыйшоў той шчаслівы момант, калі яна ў другі раз пакахала. Руку і сэрца маладой удаве прапанаваў прыгожы светлавалосы хлопец з Рыбалава – Віктар Шайпук. Валянціна не магла паверыць: вакол столькі дзяўчат, а выбраў ён менавіта яе. Яна згадзілася стаць яго жонкай, але вельмі перажывала: мужа сабе знайшла, а ці знайшла бацьку для маленькай Лілі. Сумненні Валянціны былі дарэмныя. Віктар прыняў у душу яе дзяўчынку як сваё, роднае дзіця. А было Лілі на той час каля трох гадкоў.
Зажылі дружна. Віктар працаваў у атэлье, яна перайшла ў дзяржбанк. Неўзабаве Валянціна зразумела, што стане мамай у другі раз. І вось яно шчасце – сям’я Шайпукоў папоўнілася яшчэ адным немаўляткам. Назвалі дачушку Таісай. Віктар быў на сёмым небе. Яна, іх другая радасць! Дзве дзяўчынкі! Праз пару гадкоў парадавала бацькоў сваім нараджэннем Галінка, а тут Ірынка не прымусіла сябе доўга чакаць.
Чатыры дачушкі, як ружачкі, расцвіталі на вачах у бацькоў. Віктар Мікітавіч і Валянціна Лявонцьеўна пабудавалі сваю хату, якая стала надзейнай прыстанню для ўсёй радні. Пакуль набылі сабе жыллё, пачаргова пасяліўся ў іх брат з сям’ёй, пазней – сястра з сям’ёй. Другім родным домам стала хата і для самай малодшай сястры Ганны. У пашане з імі жыла матуля Віктара. Ніхто нікога не крыўдзіў, не прыцясняў, хаця і сваёй сям’і было шэсць чалавек.                              
У цеснаце ды не ў крыўдзе. Хутка радня набыла сваё жыллё і пакінула цёплы ўтульны дом Шайпукоў. А тым часам падраслі дзеці. Добра вучыліся ў школе, чырванець за іх не даводзілася. Было ім з каго браць прыклад. Віктар Мікітавіч заслугоўваў словаў асаблівай пахвалы: усе дзяўчынкі былі для яго дарагія. Не дзяліў сваё сэрца на часткі, аддаваў усё цалкам дзецям.
Падаспела пара і зяцёў сустракаць. Першая, як і належала, знайшла сваё каханне старэйшая Ліля. Згулялі вяселле і на ўскрайку Дзятлава з’явіўся прыгожы цагляны дом, які пабудавалі маладажоны з дапамогай бацькоў. Ліля і Сцяпан звілі тут сваё сямейнае гняздо (нарадзіліся дзве дачушкі). Маладыя бацькі пракладвалі сабе шлях у навуку. Ліля паступае вучыцца ў педвучылішча, пазней заканчвае завочна ўніверсітэт. Сцяпан не адстае ад жонкі. Набыў сярэдне-спецыяльную адукацыю.
Другой пакінула родную хату Таіса. Яна пасля школы паступае ў Маскоўскі інстытут мяса-малочнай прамысловасці і з дыпломам інжынера-тэхнолага прыехала на працу ў Навагрудак.
Галіна – выдатніца, закончыла школу з залатым медалём і становіцца студэнткай Мінскага медінстытута.
А калі прыйшла пара адарваць ад сэрца меншую Ірыну, болем адгукнулася ў сэрцы бацькоў разлука з ёй. І яна парадавала іх паспяховым паступленнем у Віцебскі ветэрынарны інстытут, а пазней — у сталічны ўніверсітэт – на біяфак.
Вяселлі гулялі за вяселлямі. Другім зяцем стаў Аляксандр – муж Таісы. Галя знайшла сваё шчасце. Яна прыехала на знаёмства з бацькамі з Мікалаем, які папрасіў у іх руку і сэрца трэцяй дачкі. Ну, як не пагадзіцца, калі хлопцы як на падбор – разумныя, прыстойныя, працалюбівыя. Яны не ўступалі сваім выбранніцам ні ў чым.
Ірына, як меншая, выйшла замуж апошняя. Вяселле было гучнае. Ды і хлопец не здалёк – свой, дзятлаўскі. Усё ішло добра. Жыві і радуйся. Адзін за адным радзіліся ўнукі (іх стала восем). Але бяда ў чарговы раз падпільнавала Валянціну Лявонцьеўну. Цяжка захварэў муж. Ваенныя выпрабаванні напомнілі пра сябе: хвароба Паркінсона зрабіла яго інвалідам. 15 гадоў, як малое дзіця, даглядала Валянціна свайго любага Віктара, была з ім заўсёды побач. Але ад смерці не адкупішся. І яна ў другі раз аўдавела. Акружаная клопатамі, любоўю дзяцей матуля справілася з горам. Ды толькі яно было не адно, другое хадзіла побач. Пасля пахавання мужа роўна праз паўгода трагічна загінула малодшая дачка Ірына, пакінуўшы двух малых дзяцей. Цяпер матулю не мог супакоіць ніхто: ці думала яна, што давядзецца перажываць такую трагедыю.
Сабраўшы ўсе свае сілы, насуперак такім цяжкасцям, яна здолела падняцца з каленяў, на якія ў трэці раз ставіла яе гора, і выжыць. Ведала, што павінна клапаціцца аб самых меншых унуках-сіротах. На дапамогу ёй прыйшла і другая бабуля хлапчукоў — Яўгенія. Было вырашана, што дзеткі пераедуць у Мінск і будуць выхоўвацца ў сем’ях Галі і Таісы. Так і зрабілі. Цяпер хлопцы ўжо выраслі. Жэня закончыў тэхнікум, а меншы Дзіма – студэнт тэхналагічнага інстытута.
Усе дзеці Валянціны Лявонцьеўны ідуць правільнай жыццёвай дарогай, такога ж накірунку трымаюцца і ўнукі. Пачаргова па ўзросту вучацца ў школе, а потым – у ВНУ.
Вялікая сям’я пераплялася ў адно цэлае. А якая павага, узаемаразуменне, пачуццё роднасці пануюць сярод іх. Яны заўсёды прыйдуць на выручку адзін другому, падтрымаюць, выручаць. Я такіх адносінаў паміж роднымі ў сваім жыцці не сустракала і зайздрошчу ім добрай зайздрасцю. Няхай у іх складзецца ўсё як найлепш.
– Шчасце, калі ўсе мы разам, — гаворыць матуля, мудры кіраўнік гэтай невялікай “дзяржавы”. – Найвялікшы падарунак лёсу – гэта мае харошыя дзеці і ўнукі. Дзеля іх я жыву, а яны – для мяне.
Калі не спытаеш у гэтай цудоўнай жанчыны пра яе жыццё, здароўе, яна ніколі не скардзіцца.
– Усё выдатна, — атрымліваеш у адказ.
Хочацца, каб і надалей у яе душы былі толькі радасць, спакой і ўсё было выдатна. Няхай лёс не крыўдзіць, не забірае самае дарагое, а дорыць ёй любоў дзяцей і ўнукаў, павагу ўсёй яе вялікай радні, бо яна сваімі добрымі, спагадлівымі адносінамі да ўсіх гэтага заслужыла. Са святам Вас, Валянціна Іванаўна – матуля, бабуля, прабабуля!
А. ДЗІКАЛАВА.