З самага ранку ў кватэры Авецісянаў панавала ажыўленне. Лідзія Пятроўна гатавала прысмакі. Прыйшла да бацькоў старэйшая дачка Анжэла з мужам. Яна таксама жыве ў Дзятлаве. 15-гадовы ўнук Міша трымаў сітуацыю на кантролі: з хвіліны на хвіліну павінен прыехаць яго родны дзядзька Армэн. Для падлетка гэта заўсёды радасна і прыемна – ён для яго вялікі аўтарытэт як у вучобе, так і ў жыцці.
Бліжэй да абеду, ля дома, дзе жывуць Авецісяны, спынілася машына. Першы з яе выйшаў Армэн – малодшы сын сям’і, крыху стомлены (дарога няблізкая, з Мазыра дабіраліся), з букетам чырвоных гваздзікоў – нявестка Наташа і самы галоўны госць – унучак Эдзік. Я, прызнацца, ведала, для каго і чаго кветкі былі прызначаны.
Радасныя хвіліны сустрэчы, абед – і абедзьве машыны (бацькі Армэна таксама маюць “Форд”) накіраваліся ў Сачыўляны, у хату, дзе калісьці жылі дзядуля і бабуля Армэна – Пётр Паўлавіч і Любоў Георгіеўна Каракулькі. Гэты прыгожы куток у нашым раёне стаў святым месцам для сям’і Авецісянаў, бо тут жылі ў свой час сапраўды святыя людзі, якія сталі прыкладам для сваіх дзяцей і ўнукаў.
Вось і сёння чырвоныя гваздзікі будуць пакладзены на магілы Пятра Паўлавіча і Любові Георгіеўны, а таксама ля помніка загінуўшым у гады вайны, які ўзведзены ў вёсцы Сачыўляны.
Армэн добра памятае дзядулю і бабулю. Тут ён адпачываў у час школьных канікулаў, радаваўся, калі тыя наведваліся ў Дзятлава. Хлопчык з цікаўнасцю слухаў дзядулю-ветэрана пра іх жыццё.
У сям’і Каракулькаў усе мужчыны былі салдатамі. Бацька Пятра Паўлавіча ваяваў у 1914 годзе на першай Сусветнай вайне. Пазней сям’я вымушана была эвакуіравацца ў Сібір. Пасля рэвалюцыі 1917 года зноў вярнуліся ў Сачыўляны. Чацвёра дзяцей засталіся сіротамі, калі гаспадара сям’і не стала. Пайшоў у парабкі да пана Пётр, каб не быць нахлебнікам, а прыносіць зароблены харч у сям’ю.
У 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй, юнак пачынае працаваць на гаспадарцы. Была ў яго мара – стаць кадравым ваенным. Жаданне не прападала з часам (меў 5 класаў польскай школы), але магчымасцяў не ставала.
Армэн, бываючы ў роднай хаце дзядулі, заўсёды перабірае фотаздымкі, дакументы, узнагароды бывалага салдата. Ён у думках варочаецца ў сваё дзяцінства, калі Пётр Паўлавіч расказваў яму пра вайну. Вось і сёння ён трымае ў руках яго баявыя ўзнагароды: ордэн Вялікай Айчыннай вайны, медаль “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй”. Як дарагую рэліквію захоўваюць іх у сям’і Армэна.
Шлях да Перамогі ў Пятра Паўлавіча быў доўгі і цяжкі. Ён ваяваў у складзе 184-ай стралковай дывізіі, вызваляў ад ворага Беларусь, Літву, Латвію, Усходнюю Прусію. Пад Кенігсбергам шальная куля не мінула салдата. З цяжкім раненнем ён трапляе ў адзін з ленінградскіх шпіталяў.
Вярнуўся ў Сачыўляны, калі тут пачалася калектывізацыя. Адным з першых уступае Пётр Паўлавіч у калгас “Новае жыццё”. А неўзабаве вяскоўцы выбіраюць яго старшынёй гаспадаркі. Пазней добрасумленна працуе на розных участках сельскагаспадарчай вытворчасці.
Армэн памятаў і пра мару свайго дзядулі – стаць ваенным. Ён гэтае слова вымаўляў з гонарам. Два сыны дзядулі афіцэрамі не сталі, яны былі салдатамі. Пётр Паўлавіч вельмі хацеў, каб яго ўнукі насілі афіцэрскія пагоны. Першым надзеў іх старшы ўнук Мікалай, які жыве ў Расіі. Гэта сын дачкі Марыі. Сёння ён генерал-маёр. Летуценіў гэтым і Армэн. Таму, паспяхова закончыўшы дзятлаўскую СШ №1, паступае ў Вільнюсскае вышэйшае ваеннае вучылішча. Першымі, да каго ён завітаў у форме курсанта, былі яго любыя дзед і бабуля. Пётр Паўлавіч не мог адвесці вачэй ад унука. Ён глядзеў на яго і ўяўляў сябе маладым у такой форме. Радасць перапаўняла душу былога салдата: дастойныя выраслі ўнукі, апраўдалі яго надзеі.
Прайшло нямала часу з тае пары. Няма ў жывых Пятра Паўлавіча і Любові Георгіеўны Каракулька. На іх магілах заўсёды палымнеюць жывыя кветкі. Удзячныя нашчадкі свята берагуць памяць дарагіх людзей. Не стаіць у адзіноце і хата ветэрана. Сюды прыязджаюць яго дзеці і ўнукі. Вось і на гэты раз у форме ўжо падпалкоўніка Армэн пераступіў парог хаты свайго любага дзядулі. Ён любіць бываць у тутэйшых мясцінах, расказваць ужо свайму сыну Эдзіку (які вучыцца ў чацвёртым класе) пра дзядулю Пятра. У такія моманты афіцэра перапаўняе жаль, а хлопчык з наіўнасцю заглядваючы ў вочы бацькі, не можа зразумець, чаму ў іх блішчаць слёзы.
Заканчваючы аповяд пра гэтых людзей, я не магу не сказаць яшчэ пра аднаго будучага салдата – Мішу Абярухціна. Гэта ўжо праўнук Пятра Паўлавіча. Хлопчык вельмі добра вучыцца ў школе. Тут, бадай, ёсць немалая заслуга яго бабулі Лідзіі Пятроўны Авецісянавай. Яна ўсё сваё жыццё разам з унукам: выхоўвае яго з маленства. І я бачу, якой радасцю свецяцца вочы бабулі, што яе Міша выдатна заканчвае чвэрць, паўгоддзе, год. Час бяжыць непрыкметна. 15 гадоў, калі ўнука прывезлі з радзільнага дома, праляцелі як імгненне. А неўзабаве Міша стане перад выбарам: кім быць? Для яго гэтае пытанне ўжо даўно вырашана: толькі ваенным, як дзядзька Армэн.
А. ДЗІКАЛАВА.
Пакінуць адказ