У аграпрамысловым комплексе раёна на 2009 год прадугледжваецца далейшае нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, павышэнне эфектыўнасці таварнай прадукцыі. Тэмп росту валавай прадукцыі павінен скласці 111%, сярэднямесячная заработная плата –560 тысяч рублёў.
Павышэнне эфектыўнасці работы аграпрамысловага комплексу раёна мяркуецца за кошт рэалізацыі комплексу арганізацыйна-эканамічных мерапрыемстваў, скіраваных на рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных, энергетычных, фінансавых, працоўных рэсурсаў, забеспячэнне рэнтабельнага вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці.
Прыярытэтнымі накірункамі на 2009 год застаюцца ўдасканаленне спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, павышэнне ўрадлівасці глебы і прадукцыйнасці меліяраваных земляў, тэхнічае перааснашчэнне сельскагаспадарчай вытворчасці, развіццё буйнатаварнай вытворчасці, укараненне сучасных рэсурсазберагальных тэхналогій, якія забяспечваюць рост прадукцыйнасці працы і канкурэтаздольнасці прадукцыі.
Задачы, якія будуць стаяць на парадку дня ў прамысловасці ў 2009 годзе – гэта павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, павелічэнне выкарыстання вытворчых магутнасцяў, укараненне навукаёмістых і рэсурсазберагальных тэхналогій, асваенне новых відаў прадукцыі.
Выкананне прагнозных паказчыкаў плануецца забяспечыць за кошт высокіх тэмпаў росту аб’ёму вытворчасці прадукцыі на Дзятлаўскім сыраробчым заводзе –119,8%, ААТ “Дварэцкі льнозавод” – 123,9%, ДП “Дзятлаўская сельгастэхніка” – 115,5%, АСП “Парэцкі спіртзавод” – 115% і іншых прадпрыемствах. Гэта стане магчымым, дзякуючы максімальнай загрузцы магутнасцяў па вытворчасці сыру на ААТ “Дзятлаўскі сыраробчы завод” і ўкараненню тэхналогіі канцэнтравання сыроваткі, загрузцы вытворчых магутнасцяў ААТ “Дварэцкі льнозавод”, аптымізацыі працэсу разварвання сыравіны і ўкараненню тэхналогіі брагарэктыфікацыі на Парэцкім спіртзаводзе, павелічэнню вытворчасці апырсквальнікаў да 70 штук і ўкараненню паветрана-плазменнай рэзкі ў Дзятлаўскай сельгастэхніцы.
Мэтанакіраваная работа ў 2009 годзе будзе праводзіцца па павышэнню якасці выпускаемай прадукцыі, забеспячэнню яе адпаведнасці міжнародным стандартам, пашырэнню асартыменту.
Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Дзятлаўскі каапнарыхтпрам” прагназуе давесці вытворчасць падавых гатункаў хлеба да 20% ад агульнага аб’ёму вытворчасці, павялічыць удзельную вагу нарэзаных і запакаваных хлебабулачных вырабаў з новымі, яркімі этыкеткамі, для чаго будзе набыта запаковачная машына. Парэцкі спіртзавод і Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод асвояць вытворчасць новых відаў гарэлкі “Парэцкая застольная”, “Парэцкая элітная”, “Нёманская”, “Люкс”, “Старт”. Дзятлаўская сельгастэхніка будзе працаваць над асваеннем тэхнічнага абслугоўвання даільных установак фірмы “Westvale”, укаранненнем паслуг па рэзцы металу з выкарыстаннем партальнага станка паветрана-плазменнай рэзкі.
Якасць вырабляемай прадукцыі ў ААТ “Наваельнянскае міжрайагразабеспячэнне” будзе кантралявацца пры ўкараненні методыкі вызначэння аб’ёмнай долі біякампаненту рапсавага масла ў біядызельным паліве. На гэтым прадпрыемстве плануецца таксама ўкараніць сістэму менеджменту якасці і сертыфікацыю прадукцыі на адпаведнасць патрабаванням СТБ ІСО/МЭК 17125.
Высокімі тэмпамі будзе развівацца ў раёне знешнеэканамічная дзейнасць. У 2009 годзе плануецца прадоўжыць работу па далейшаму развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі СНД і, у першую чаргу, з Расійскай Федэрацыяй, умацаванню існуючых вытворча-гаспадарчых сувязяў, пашырэнню рынкаў збыту, наладжванню паставак высакаякаснай прадукцыі.
Таварная структура экспарту тавараў будзе складацца з мясамалочнай прадукцыі, агародніны, ягад, грыбоў, прадукцыі дрэваапрацоўкі, ільновалакна.
Выкананне прагнозных паказчыкаў знешнеэканамічнай дзейнасці ў 2009 годзе плануецца ажыццявіць за кошт рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па тэхнічнаму пераабсталяванню вытворчасцяў, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці, канкурэнтаздольнай на сусветных рынках прадукцыі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі якасці, выпуску новых відаў тавараў, якія карыстаюцца попытам за мяжой, за кошт прымянення новых форм і метадаў маркетынгавай дзейнасці.
Станоўчы ўклад у агульны вынік знешняга гандлю па раёне павінен унесці і экспарт паслугаў. Дакладней, гэта — транспартныя паслугі, якія будуць аказваць ДУП “Аўтамабільны парк №16” (рэйс аўтобуса “Пінск-Вільнюс”), суб’ектамі малога бізнесу, такімі як ТАА “Геван”, ЧТУП “Аўталоры”, ЧТУП “Рэнта Транс” і іншымі. Пашыраюцца паслугі па аздараўленню замежных грамадзян у санаторыі “Радон”.
У 2009 годзе плануецца далейшае развіццё і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы гандлю, яе тэхнічнае пераабсталяванне, укараненне перадавых тэхналогій, продажу тавараў, насычэнне спажывецкага рынку якаснымі таварамі айчыннай вытворчасці пры далейшым росце аб’ёмаў рознічнага тавараабароту.                              
Дзятлаўскае райспажыўтаварыства плануе прыцягнуць інвестыцый на суму 2,9 млрд. рублёў. Будзе праведзена мадэрнізацыя сталовай і магазіна “Кулінарыя” ў г. п. Наваельня, закончана будаўніцтва магазіна ў г. Дзятлаве. Першы паверх Дома гандлю плануецца пераабсталяваць пад універсам з выкарыстаннем камп’ютэрызаванай сістэмы разлікаў.
Асаблівая ўвага будзе надавацца развіццю прагрэсіўных відаў паслугаў – тэлекамунікацыйных, інфармацыйных, а таксама паслугаў, звязаных з рацыяналізацыяй быту, арганізацыяй адпачынку, турызму, аховай здароўя і адукацыяй.
У сферы санаторна-аздараўленчых паслугаў для павелічэння платных медыцынскіх паслугаў санаторый “Радон” плануе набыць медыцынскае абсталяванне на суму 170 млн. рублёў. Санаторый плануе прадоўжыць будаўніцтва летняй танцавальнай пляцоўкі, рэканструкцыю сістэмы цеплазабеспячэння, правесці капітальны рамонт холу і кіназалы, гразелячэбніцы, радонаправоду, закончыць рамонт памяшканняў харчблоку, правесці рамонт 30 жылых нумароў.
Развіццё паслуг сувязі ў прагназуемым перыядзе будзе накіравана на далейшую мадэрнізацыю сродкаў сувязі, рэканструкцыю дзеючых аб’ектаў сувязі, пашырэнне тэлефоннай сеткі, далейшае ўкараненне сучасных паслугаў сувязі.
Для больш поўнага забеспячэння насельніцтва вадой раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі плануе будаўніцтва артэзіянскіх свідравін у г. Дзятлаве і г.п. Наваельня.Пасля мадэрнізацыі кацельні ў г.п. Наваельня з устаноўкай катла на мясцовых відах паліва плануецца штодзённая падача гарачай вады ў гарпасёлку.
У сферы банкаўскіх паслуг плануецца далейшае іх развіццё за кошт пашырэння спектру банкаўскіх паслуг, павышэння якасці абслугоўвання, развіцця банкаўскіх тэхналогій.
Дадатковы рост аб’ёмаў платных паслуг у сацыяльнай сферы прапануецца за кошт далейшага развіцця разнастайных крыніц паступлення даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці.
У сферы бытавога абслугоўвання захаваецца ўстойлівы попыт насельніцтва на рамонт і тэхнічнае абслугоўванне бытавой апаратуры, рамонт абутку,мэблі, швейных і трыкатажных вырабаў, а таксама паслугі пральняў, цырульняў, фотапаслугі.
Комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнню занятасці насельніцтва раёна на 2009 год дазволіць забяспечыць стварэнне 235 рабочых месцаў, аказаць садзеянне ў працаўладкаванні 530 грамадзянам, у тым ліку на пастаянную работу 300 беспрацоўных, арганізаваць аплачваемыя грамадскія работы з удзелам 230 чалавек, у тым ліку 130 беспрацоўных, накіраваць на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі 63 беспрацоўныя, аказаць садзеянне ў арганізацыі прадпрымальніцтва 7 беспрацоўным з прадастаўленнем фінансавай падтрымкі.
У 2009 годзе перад арганізацыямі раёна стаіць задача па росту заработнай платы работнікаў і стварэнню спрыяльных умоваў працы.
На 2009 год Дзятлаўскаму раёну даведзена заданне па ўводу жылля ў эксплуатацыю ў аб’ёме 14600 кв.м., у тым ліку ў сельскагаспадарчых арганізацыях неабходна пабудаваць 40 кватэраў. Плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 60-кватэрны жылы дом ЖБК №9 “Зорны” ў г. Дзятлаве агульнай плошчай 3540 кв.м., 28-кватэрны жылы дом ЖБК №11 у г. Дзятлаве агульнай плочшай 1873 кв.м., 28-кватэрны жылы дом ЖБК №3 у г.п. Наваельня, а таксама жыллё сацыяльнага прызначэння – 28-кватэрны жылы дом у г. Дзятлаве плошчай 1873 кв.м. і 28-кватэрны жылы дом у г.п. Наваельня плошчай 1873 кв.м., закончыць у снежні рэканструкцыю інтэрната УСР ААТ “Будкомплекс” пад маласямейны жылы дом.
У сельскіх населеных пунктах плануецца пабудаваць тры 4-кватэрныя жылыя дамы ў вёсцы Хвінявічы, па пяць 1-кватэрных жылых дамоў у СВК “Дварэц-Агра”, “Жукоўшчына”, “Раготна”, “Слава працы”, “Русь-Агра”, выканаць рэканструкцыю інтэрната пад жылы дом у СВК “Граніт-Агра”, пабудаваць два 1-кватэрныя жылыя дамы ў СВК “Вензавец”.
Асноўныя аб’екты інжынерна-транспартнай інфраструктуры на 2009 год – водазабеспячэнне мікрараёна індывідуальнай забудовы па вуліцы Біцько, водазабеспячэнне і каналізацыя мікрараёна вуліц Леніна-Кабяка, водазабеспячэнне і газіфікацыя плошчы Наваельнянскай у г.п. Наваельня, водазабеспячэнне вуліцы Драбавіцкай у г.п. Казлоўшчына.
Па аб’ектах добраўпарадкавання плануецца завяршыць рэканструкцыю вуліц Першамайская, Кутузава, плошчы 17-га Верасня, правесці мадэрнізацыю вуліц Чырвонаармейская, Азёрная, Кастрычніцкая ў Дзятлаве.
Адпаведна графіка добраўпарадкавання аграгарадкоў Гродзенскай вобласці на перыяд 2005-2010 гадоў у Дзятлаўскім раёне ў 2009 годзе плануецца пераўтварэнне ў аграгарадкі двух населеных пунктаў – г.п. Наваельні і в. Лявонавічы.
Асаблівая ўвага будзе надавацца будаўніцтву МТФ на 1000 галоў СВК “Вензавец”. Аб’ект з’яўляецца ўводным у кастрычніку 2009 года. Неабходна асвоіць 33,1 млрд. рублёў. Таксама ў СВК раёна будзе весціся будаўніцтва і рэканструкцыя вытворчых памяшканняў. Плануецца правесці рэканструцыю першай чаргі МТФ “Ёцавічы” з будаўніцтвам даільнай залы і са свабодна-выгульным утрыманнем дойнага статка на 800 галоў у СВК “Войневічы”, рэканструкцыю МТФ “Палонка” са свабодна-выгульным утрыманнем дойнага статку на 600 галоў і рэканструкцыяй даільнай залы з устаноўкай абсталявання фірмы “Александрына 2х14” у СВК “Дварэц-Агра”, рэканструкцыю другой чаргі МТФ “Падвялікае” ў СВК “Слава працы”, рэканструкцыю другой чаргі МТФ “Таркачы” з добраўпарадкаваннем тэрыторыі фермы ў СВК “Граніт-Агра”, рэканструкцыю свінакомплексу “Варакомшчына” з заменай даху і вентыляцыйнага абсталявання СВК “Граніт-Агра”, будаўніцтва зернеачышчальнага сушыльнага комплексу КЗСВ-30 у СВК “Вензавец”, рэканструкцыю мехмайстэрні з добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў СВК “Русь-Агра”.
Па матэрыялах пасяджэння раённага выканаўчага камітэта.