Зямля наша, як жывая, пакутуе і знемагае ад таго зла, якое мы творым на зямлі. Разбэшчанасць, бязбожжа, бязмерная гордасць людская пераўзышла ўсялякую меру.
Грахоўнае наша жыццё. Жывём мы не па-хрысціянску, хоць і называем сябе хрысціянамі. Пры гэтым усё скардзімся на жыццё: і хварэю, і пакутую, і няшчасці ўсялякія здараюцца – у чым жа прычына? Мы яе шукаем у абы чым, толькі не ў нас саміх. А мабыць у нас, дарагія мае, прычына, у нашым раўнадушшы, жорсткасці, самалюбстве.
Мы з вамі ўгразлі ў грахах! Не толькі ўгразлі, мы ўжо і зрасліся з імі, і грахамі іх ужо не называем. Гэта ад таго, што сэрцы нашы акамянелі, так бывае заўжды, калі мы не раскайваемся, не спавядаемся ў храме, не прычашчаемся Святых Хрыстовых Тайн.
Услухайцеся! Чуеце, як плача брат, які знемагае ў зняволенні? А гэта чуеце? Гэта — смутак маці, у якой памерла адзінае дзіця. А ці чуем мы стогн бязвінна пакрыўджаных? Ці чуем?
Адкрыем вочы… Перад намі – Хрыстос, які знемагаў. Хрыстос пакутуе разам з намі. Ён у кожным болі, у кожным смутку людскім. Ну, і дзе ж нашы з вамі сэрцы? Яны са знемагаючым Хрыстом? Не, дарагія мае, мы больш сваім грахоўным жыццём Яго пакуты ўмацоўваем.
Ёсць адзін страшны грэх, над якім многія нават і не задумваюцца і не раскайваюцца – грэх аборту. Забойства свайго дзіцяці.
Польская акушэрка Станіслава Ляшчынска з трыццаці пяці гадоў работы два гады была вязнем жаночага канцлагера Асвенцыма, працягваючы выконваць свой прафесійны абавязак.
Нельга без жаху чытаць рапарт акушэркі. У якіх жудасных, нечалавечых умовах знаходзіліся ў Асвенцыме жанчыны. А жанчыны-парадзіхі? – пра гэта страшна і падумаць.
Баракі, пабудаваныя з дошак з мноствам шчылінаў, былі ўсе паедзены пацукамі. У сярэдзіне барака з абодвух бакоў узвышаліся трох’ярусныя ложкі. Жанчыны ляжалі амаль на голых дошках, да таго ж, не гладкіх, а з сучкамі, якія націралі цела.
Пасярэдзіне ўздоўж барака цягнулася цагляная печ з топкамі па баках. Прапальвалі печ толькі некалькі раз у год, таму жанчын мучыў нясцерпны, пранізлівы холад. Асабліва зімой.
Ніякіх асептычных сродкаў, ніякіх перавязачных матэрыялаў.
Урачы ў Асвенцыме – гэта былі героі. Яны змагаліся за жыццё прыгавораных да смерці, аддаючы сваё ўласнае жыццё. Для ўрача дзейнічаў толькі абавязак урача – выратоўваць жыццё чалавека ў любой сітуацыі.
Нягледзячы на невыносныя ўмовы — бруд, чэрві, пацукі, інфекцыйныя хваробы, адсутнасць вады і іншыя жахі ў лагеры здаралася штосьці незвычайнае.
Не было ніводнага смяротнага зыходу ні сярод маці, ні сярод дзяцей.
Акушэрка, вязень Асвенцыма, расказвае, што са шматлікіх перажытых там трагедый асабліва запомнілася ёй гісторыя жанчыны з Вільні, якую адправілі ў Асвенцым за дапамогу партызанам.
Адразу пасля таго, як яна нарадзіла дзіця, хтосьці з аховы крыкнуў яе нумар (заключоных выклікалі па нумарах). Гэту жанчыну выклікалі ў крэматорый.
Яна захінула дзіця, якое толькі што нарадзіла, ў брудную паперу і прыхіліла да грудзей… Яе вусны бязгучна шавяліліся – магчыма, яна спявала песеньку свайму малому, як рабілі гэта маці, жадаючы суцешыць немаўлятак у нясцерпным холадзе і голадзе. Але ў гэтай жанчыны не было сілы, яна не магла прамовіць ні гуку – толькі буйныя слёзы каціліся з яе вачэй, падаючы на галоўку маленькага прыгаворанага.                         
“Успамінаю зноў і зноў гэтыя жахі і кожны раз здзіўляюся аднаму: усе дзеці нараджаліся жывымі! – піша Станіслава Ляшчынска. – Яны нараджаліся, каб жыць!
Калі ў маёй Айчыне, нягледзячы на журботны вопыт вайны, могуць узнікаць тэндэнцыі, якія накіраваныя супраць жыцця, то я спадзяюся на галасы ўсіх акушэраў, усіх сапраўдных маці і бацькоў, усіх сумленных грамадзян у абарону жыцця дзіцяці. Увесь свет не варты светлай і даверлівай яго ўсмешкі”.
Гэта, дарагія мае, наша гісторыя. Гэта — рапарт польскай акушэркі, вязня Асвенцыма Станіславы Ляшчынскай.
А вось вам статыстыка: у Польшы ўсяго 1% цяжарнасці заканчваецца абортам…
У Беларусі – каля 47%. Трэцяе месца ў свеце! І мы яшчэ штосьці гаворым пра дэмаграфію…
У Асвенцыме не памерла ніводнае дзіця! Дзеткі з’яўляліся на свет прыгожымі і здаровымі. Прыгавораныя былі гатовыя да смерці і толькі малілі Бога хаця б хвіліны, гадзіны, якія засталіся, усім сэрцам адчуць радасць мацярынства.
А сёння жанчына, маці, ідзе на аборт, каб забіць дзіця, якое перашкаджае ёй бесклапотна жыць у сваё задавальненне.
Але ж кроў невінаватага нагадвае пра сябе! І адказваць за забойства прыйдзецца яшчэ ў гэтым жыцці – хваробамі, часцей анкалагічнымі, распадам сям’і, няшчасцямі, стратай блізкіх…
Дарагія жанчыны! Можа быць, вы каліцьсці рабілі аборт. Адныя – па няведанню, іншыя – таму што не верылі, са страху, як гавораць, “пладзіць бядноту”. Прызнайце гэты страшны грэх забойства! Што можа быць страшней, чым забіць безабароннае жывое дзіця? Забіць сваё дзіця, якое ўсё адчувае, якое пакутуе і ў думках просіць: “Мама, пашкадуй мяне”. Яно ўцякае ад шчыпцоў, якімі ўрач стараецца пераламаць яго костачкі і акрываўленага дастаць з улоння маці, ён баіцца болю – ён жа жывы! Ён закрывае ручкамі вочы, каб не бачыць жудасную чалавечую жорсткасць. Жорсткасць да яго, да дзіцяці, якое яшчэ нічога не зрабіла дрэннага і якое так хоча ўбачыць сваю матулю…
Святыя айцы царквы гавораць, што калі жанчына пакіне гэты свет, першымі, з кім яна ўбачыцца там, будуць дзеці. Забітыя ёю тут, на зямлі. У каго двое, у каго трое, у каго пяцёра…
Як паглядзець ім у вочы, што сказаць ім, калі яны спытаюцца: “Мама, за што ты мяне забіла?”…
Так. Страшна забіць чалавека. Забіць дзіця – гэта яшчэ страшней. Якія цяжкія раны наносім мы Хрысту, забіваючы сваіх ні ў чым не вінаватых дзяцей!
Любоў Божая бязмежная! Нашага пакаяння чакае Гасподзь, нашага аплаквання сваіх грахоў. А калі яно, гэта пакаянне сапраўднае, — Гасподзь даруе.
Паспяшайцеся ў Царкву, пакайцеся ў грахах дзетазабойства, і больш ніколі яго не паўтарайце!
Ефрасіння БАГАЛЮБАВА.