Свята-Георгіеўская праваслаўная царква, размешчаная ў г. Лідзе, удастоілася быць храма-помнікам да 1020-годдзя хрышчэння Русі. Гэтая дата, як ведаеце, адзначаецца сёлета. Мяркуецца асвячэнне храма з удзелам Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Урачыстасці чакаюцца 22-23 лістапада. Гэта будзе пакуль што адзіны храм-помнік у нашай Навагрудска-Лідскай епархіі.
“Храм на старых могілках”, “царква ля завода”, “Георгіеўскі” – так называюць лідчане храм, асвечаны ў гонар святога вялікамучаніка Георгія Пабеданосца. На працягу больш чым 70 гадоў ён быў адзіным праваслаўным прыходам у горадзе. Калі б сцены маглі гаварыць, колькі б адметнага яны расказалі.
Напачатку ў 1875 годзе з’явілася могільнікавая капліца. У тым жа годзе быў перанесены прастол, які захаваўся ў хатняй царкве Лідскага замка. У 1919 годзе, калі ў горадзе былі зачынены іншыя храмы, то для большай умяшчальнасці была прыбудавана з боку прытвору драўляная прыбудоўка. І вось з 1919 па 1995 год гэта была адзіная царква, у якую можна было прыйсці праваслаўнаму веруючаму, адкрыць Богу свае праблемы і радасці, паставіць свечку перад святымі абразамі, пакаяцца ў сваіх грахах. На працягу 76 гадоў лідчане хрысцілі ў гэтай царкве сваіх дзяцей (часам патаемна), вянчаліся, праводзілі з гэтага храма ў апошні шлях сваіх блізкіх. Амаль чатыры пакаленні карэнных жыхароў Ліды звязаны духоўнымі вузамі са Свята-Георгіеўскай царквой.                          
Колькі ўсяго адбылося за гэты прамежак часу: былі войны, мяняліся палітычныя рэжымы, правіцелі. А на гэтым святым месцы, як і 133 гады таму, як і на працягу ўсяго часу існавання храма, так і сёння за кожнай нядзельнай і святочнай службай гучаць духоўныя песнапенні, пропаведзь свяшчэнніка, які заклікае любіць Бога і людзей. Кожнаму адчынены царкоўныя вароты. Цяпер да Свята-Георгіеўскага храма і ў нядзелю, і ў святочныя дні спяшаюцца веруючыя людзі. Ідуць у храм для таго, каб падмацаваць свае душэўныя сілы, памаліцца аб сваіх родных і блізкіх, пагутарыць з Богам пад ціхі спеў царкоўных малітваў, адчуць бацькоўскую любоў і клопат Бога-айца. Як і ва ўсе часы, так і ў наш імклівы час, сцяжынка да храма пратаптана, храм пусты не бывае.
У 90-х гадах мінулага стагоддзя, калі Царква і вера перасталі быць ганімыя, Свята-Георгіеўскі храм пачалі пашыраць, бо ўсе веручыя не змяшчаліся ў будынку. З цягам часу былі ўзведзены сцены новага храма, зроблены дах. У атрымаўся, прасцей кажучы, храм у храме: заходзіш у новы будынак храма, пераступаеш парог і трапляеш у храм 19-га стагоддзя. Сёлета плануецца завяршэнне будаўнічых работ. Храм атрымліваецца вялікі і прасторны. Здольны ўмяшчаць свабодна каля 450 чалавек. Тут мы будзем маліць Госпада і заклікаць на дапамогу Святога Георгія, каб усе нашы добрыя намеры і дзеі ажыццявіліся.
Свяшчэннік РАСЦІСЛАЎ САЛАЎЁЎ,
настаяцель Свята-Георгіеўскага храма г. Ліды, кндыдат багаслоўя.