У Дзятлава прыбудзе 15-я Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Дабрадзейным агнём ад труны Гасподняй.
Сашэсце Дабрадзейнага агню ў Іерусаліме напярэдадні праваслаўнага Вялікадня ў храме Уваскрэсення – заўсёды цуд з цудаў. Гэты храм накрывае сваім велічным дахам Галгофу, жываносную труну Гасподню, сад, дзе Марыя Магдаліна першая з людзей сустрэла ўваскрэслага Хрыста. Храм узведзены імператарам Канстанцінам і яго маці царыцай Аленай ў 4-ым стагоддзі, і сведчанні пра цуд бяруць пачатак з таго часу.
У 17-ым стагоддзі армяне (монафізіты) падкупілі турэцкія ўлады і не ўпусцілі праваслаўных у храм Уваскрэсення. Праваслаўныя маліліся ля ўваходу ў храм. Нечакана нібы маланка ўдарыла ў калону, яна рассеклася і адтуль вышаў Дабрадзейны агонь. З таго часу права атрымання Дабрадзейнага агню належыць толькі праваслаўным. А адбываецца гэты цуд вось як.
Прыкладна апоўдні ў Вялікую суботу з алтара храма Уваскрэсення на чале з іерусалімскім Патрыярхам начынаецца хрэсны ход, які накіроўваецца да кувукліі (часоўні, узведзенай над труной Гасподняй). Часоўню абходзяць тройчы, спыняюцца перад яе варотамі. Усе агні ў храме патушаны. Дзесяткі тысяч паломнікаў з усяго свету ў напружаным маўчанні сочаць за Патрыярхам.
Патрыярх знімае з сябе знакі патрыяршага адрознення і ўваходзіць у жываносную труну Гасподню. Там ён моліцца аб тым, каб быў пасланы Дабрадзейны агонь. Малітва доўжыцца 15,30 хвілін, а часам і больш.
Раптам на мармуравай пліце труны Гасподняй з’яўляецца нібы вогненная раса ў выглядзе блакітных шарыкаў. Патрыярх датыкаецца да іх ватай, і яны ўзгараюцца. Дабрадзейным агнём Патрыярх запальвае лампаду, свечкі, якія выносіць у храм і перадае армянскаму Патрыярху, а затым і народу. У гэтае імгненне дзесяткі, сотні блакітных агеньчыкаў успыхваюць у паветры пад купалам храма. Радасць ахоплівае шматтысячны натоўп. Людзі спяваюць, чуюцца воклічы, агонь перадаецца ад аднаго пучка свечак да другога і праз хвіліну – увесь храм у агеньчыках.
Напачатку Дабрадзейны агонь мае асаблівыя ўласцівасці: ён не пячэ, хоць у кожнага ў руцэ гарыць пучок з 33 свечак – па колькасці гадоў Выратавальніка. Дзівосна назіраць, як людзі “абмываюцца” гэтым полымем, праводзяць ім па бародах, валасах, хворых месцах і атрымліваюць вылячэнне. Праз паўгадзіны агонь набывае натуральныя ўласцівасці.
Упершыню пасля 79-гадовага перапынку па ініцыятыве Міжнароднага фонду славянскай пісьменнасці і культуры і з благаславення Свяцейшага Патрыярха Алексія ў маі 1992 года ў Іерусаліме была запалена нязгасная лампада Духоўнасці, каб даставіць Дабрадзейны агонь у Маскву. Шлях яе ляжаў праз знакавыя для праваслаўных хрысціян месцы, праз манастыры, храмы, а таксама праз сталіцы праваслаўных дзяржаваў.
У Мінск лампада прыбыла 21 мая 1992 года. На плошчы Незалежнасці яе ўрачыста сустракалі хрэсныя ходы ад усіх манастыроў Беларусі, сталічных прыходаў, а таксама госці з Расіі, Украіны, Балгарыі.
Адбыўся велічны, незвычайны для тых гадоў хрэсны ход. Па цэнтральных праспектах Дабрадзейны агонь быў дастаўлены ў Свята-Духаў кафедральны сабор. З таго дня, як на прастоле сабора ад міжнароднай запалілася беларуская лампада Духоўнасці, краіна знаходзіцца пад абаронай і благаславеннем Госпада ў вобразе Дабрадзейнага агню.
Штогод Дабрадзейны агонь выходзіць з алтара галоўнага сабора нашай Радзімы напярэдадні Дня беларускага пісьменства, каб асвяціць усё новыя і новыя дарогі і храмы Беларусі. Мітрапаліт Філарэт сам запраўляе лампаду маслам, асвечаным на труне Гасподняй. Ён запальвае Дабрадзейны агонь ад беларускай лампады Духоўнасці і перадае святыню захавальніку Дабрадзейнага агню на благаславенне Святой Белай Русі.
Разам з лампадай Мітрапаліт Філарэт перадае экспедыцыі і яшчэ адну хрысціянскую святыню – Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрову Прасвятой Багародзіцы. Яна з’яўляецца адыгітрыяй (правадніцай) экспедыцыі “Дарога да святыняў”, у ёй – благаславенне і памяць продкаў, многіх адышоўшых пакаленняў.
Сімвалічная сама гісторыя з’ялення іконы: у першым каўшы экскаватара, які патрывожыў зямлю на месцы былых праваслаўных могілак ля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна (аддадзеных пад кар’ер), штосьці бліснула. Будаўнікі з Урала, убачыўшы ікону, згарнулі работы, заявіўшы, што гравій кар’ера не прыдатны для падсыпкі дарогі, і тут жа з’ехалі са Святога поля. Аднак перад гэтым самазвалы паспелі даставіць гравій з суседніх курганаў, ён лёг пад бетон аўтатрасы Берлін-Брэст-Масква. Участак пад Баранавічамі, “падсыпаны” касцямі памерлых, стаў адным з самых аварыйных на дарозе. У “падкове” ж ракі Шчара, якая агінае вёску Загор’е, хавалі не толькі мясцовых жыхароў. Кожны квалачак зямлі там паліты крывёю ваяроў ці не ўсіх войнаў, якія праходзілі праз Беларусь. Менавіта з пахаванняў Паўночнай, Першай сусветнай войнаў дарожнікі чэрпалі грунт. Толькі пасля таго, як на Святым полі ўдзельнікамі экспедыцыі “Дарога да святыняў” былі ўстаноўлены крыжы Памяці, узведзена часоўня ў імя Іаана Прадцечы, аварыі спыніліся. Вось чаму Загор’е – Сталавіцкая ікона заўжды з экспедыцыяй.
А яшчэ экспедыцыя – гэта навуковыя канферэнцыі, творчыя сустрэчы, праводзімыя па ўсім маршруце. Сёлета маршрут экспедыцыі пройдзе праз Дзятлава і Наваельню.
4 верасня, у чацвер, у 19.30 ад Спаса-Прэабражэнскага храма Дзятлава пачнецца хрэсны ход да памятнага знака, прысвечанага 2000-годдзю нараджэння Хрыста. Там адбудзецца сустрэча з 15-ай Міжнароднай экспедыцыяй “Дарога да святыняў” з Дабрадзейным агнём ад труны Гасподняй. Затым хрэсны ход вернецца ў Спаса-Прэабражэнскі храм, дзе адбудзецца малебен ля цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы, а затым раздача Дабрадзейнага агню.
Гэты Дабрадзейны агонь кожны можа прынесці ў свой храм, у сваю сям’ю для асвячэння і благаславення самім уваскрэслым Госпадам, які ў вобразе Дабрадзейнага агню наведае і нашу дзятлаўскую зямлю.
Пратэіярэй Мікалай ПІНЧУК,
Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель прыходу храма Прэабражэння Гасподня г. Дзятлава.
Пакінуць адказ