Для хлапчукоў і дзяўчынак сапраўдным падарункам падчас канікулаў з’яўляецца паездка ў летнік. Яна дорыць прыемныя ўражанні, знаёмствы з новымі сябрамі.
Пра летні адпачынак дзяцей карэспандэнтка гутарыць з загадчыцай дзіцячага аддзялення “Баравічок” санаторыя “Радон” Н. Ёрчык.
— Наталля Мікалаеўна, колькі дзяцей сёлета адпачывае ў летніку?
— Сёлета за змену ў “Баравічку”, якая доўжыцца 18 дзён, змогуць адпачыць 60 чалавек. Усяго ж за лета мы прымаем чатыры змены. Зазначу, што сёлета падчас першай, трэцяй і чацвёртай зменаў адпачываюць дзеці з Дзятлаўскага раёна. Другая была змена — дзеці з Іўеўскага раёна.
— Многія дзеці наведваюць “Баравічок” не першы раз. Як вы лічыце, у чым сакрэт папулярнасці летніка?
— Зазначу, што харчаванне ў летніку арганізавана з улікам санаторных нормаў. У рацыёне дзяцей абавязкова садавіна, разнастайныя сокі.
Удзел у мерапрыемствах, на якія багата культурнае жыццё “Баравічка”, дае магчымасць дзецям не толькі добра адпачыць, але і знайсці шмат сяброў. У летніку адпачываюць дзеці з розных раёнаў нашай краіны. Хлапчукам і дзяўчынкам падабаецца і тое, што кожны вечар праводзяцца дыскатэкі.
— Наталля Мікалаеўна, раскажыце падрабязней пра культурна-масавыя мерапрыемствы.
— Гэта — забаўляльныя праграмы, інтэлектуальныя віктарыны, конкурсы. Пералічыць усё немагчыма. Зазначу толькі, што сёлета акцэнт мы робім на праграму “За здаровы лад жыцця”. Праводзім спартыўныя святы, спаборніцтвы па футболу, валейболу, шашках, праграмы па прапагандзе здаровага ладу жыцця.
У “Баравічку” працуе “Школа здароўя”. Заняткі тут праводзяць медработнікі. Штодзённа праходзяць міні-лекцыі, гутаркі па пытаннях здаровага ладу жыцця.
Любяць дзеці і кіно. Мы супрацоўнічаем з кінавідэапракатам.
Наладжана гуртковая работа. Наведваючы гурткі, дзеці вучацца вязаць, выпальваць, вырабляць разнастайныя падзелкі.
Ёсць у нас і бібліятэка, дзе кнігі — на любы густ. Дзяўчынкі і хлапчукі могуць не толькі ўзяць кнігу, але і прыняць удзел у дыспутах, віктарынах, конкурсах, якія прапануе бібліятэкар Алена Фёдараўна Максімава.  
— Мяркую, такі рытм жыцця дзецям падабаецца. Заслуга ў гэтым калектыву, які працуе ў “Баравічку”…
— Сапраўды так. Зазначу, што калектыў у нас малады, ініцыятыўны. Выхавальнікамі ў летніку працуюць педагогі школ раёна, студэнты вышэйшых навучальных установаў. Маладзейшыя пераймаюць вопыт у сваіх старэйшых калегаў. Сярод студэнтаў мы праводзілі адбор. Перавагу аддавалі тым, хто ўжо зарэкамендаваў сябе.
З хлопчыкамі і дзяўчынкамі з першай змены сёлета працавалі дзве студэнткі Гродзенскага ўніверсітэта — Наталля Маскевіч і Агнешка Пашко. Яны ставіліся да сваіх абавязкаў з энтузіазмам і энергіяй, змаглі знайсці з дзецьмі агульную мову.
“БАРАВІЧОК” ВАЧЫМА ДЗЯЦЕЙ
Пра ўражанні ад адпачынку ў “Баравічку” карэспандэнтка пацікавілася ў хлапчукоў і дзяўчынак, якія адпачывалі ў летніку.
Дзецям было прапанавана пытанне: што больш за ўсё падабаецца ў “Баравічку”?
Дзяўчынкі з пакоя № 6:
— Нам падабаецца гуляць на свежым паветры, разгадваць сканворды, прымаць удзел у розных конкурсах, знаёміцца з іншымі дзяўчынкамі і хлапчукамі. Увогуле, нам усё тут падабаецца. У адрозненне ад іншых летнікаў тут ёсць стадыён. Дыскатэкі добрыя.
Падабаецца ўдзельнічаць у конкурсах, гульнях. Дзяўчынкі з пакоя №2:
— Удзельнічаем у розных конкурсах, ходзім на дыскатэкі. Нядаўна давялося ўдзельнічаць у конкурсе на лепшую назву пакоя, а таксама абараняць яе. Мы назвалі свой пакой
“Конфетки”. Чаму менавіта так? Таму што вельмі любім салодкае.
Весела нам і з суседзямі. Яны часта прыходзяць да нас, мы таксама ходзім да іх у госці.
Часта наведваем бібліятэку, чытаем кніжкі.
Сумаваць не даводзіцца.
Хлапчукі з пакоя № 5:
— Нам падабаецца адпачываць у “Баравічку”. Тут кожны дзень праводзяцца дыскатэкі, цікавыя мерапрыемствы, гульні, конкурсы.
Спадзяёмся, што прыедзем сюды зноў.
А. ДУБРОЎСКАЯ.