Родны кут, бацькоўская хата, знаёмыя змалку сцежкі-дарожкі, непаўторныя краявіды малой радзімы… Няма, мабыць, такога чалавека, сэрца якога не напоўнілася б цеплынёй пры ўзгадванні аб усім гэтым. І нават калі хапае паўсядзённых клопатаў — прафесійных і сямейных, нават калі мы даўно і трывала аселі дзесьці далёка ад родных мясцінаў, кожны з нас звычайна вяртаецца туды — на кароткатэрміновую пабыўку ці хаця б у думках, у снах. І як бы мы не хацелі, у нашай памяці час ад часу ўсплываюць фрагменты-успаміны аб дзіцячай пары і летуценным юнацтве, якіх нізавошта не вернеш і якія былі ўсё ж такі не самымі горшымі перыядамі жыцця.
Не забываюцца аб сваіх каранях і былыя жыхары Кулікоўшчыны — вёскі, якой даўно ўжо не існуе. Яны збіраюцца разам трэці год запар для таго, каб зноў узгадаць мінулыя гады, абмеркаваць сучаснае жыццё-быццё і, самае галоўнае, наведаць тую мясцовасць, дзе раней была вёска. Вось і сёлета, 13 ліпеня, яны накіраваліся ў бок Дварца і спыніліся на добра знаёмым з дзяцінства сёмым кіламетры аўтадарогі. На месцы вёскі людзей вітае дуб — адзінае, што засталося ад Кулікоўшчыны. А некалі, як успамінае былы мясцовы жыхар Фелікс Іосіфавіч Гайдук, тут было каля двух дзесяткаў сялянскіх двароў, у якіх жылі каля 70-80 чалавек. Кулікоўшчыну раней можна было смела лічыць вёскай зайздросных кавалераў: у пару маладосці Фелікса Іосіфавіча іх налічвалася 12 супраць трох дзяўчат. Але хлопцы не бедавалі, паколькі на штотыднёвыя танцы да іх прыходзілі прыгажуні з суседніх вёсак.
Чаму ж згасла жыццё ў Кулікоўшчыне? Фелікс Гайдук лічыць, што гэта здарылася з-за праблем з электрычнасцю: калі яе ў вёсцы не стала, людзі паступова пачалі з’язджаць бліжэй да цывілізацыі. Ён, ажаніўшыся, паехаў першы. 
Лёс раскідаў па свеце былых жыхароў Кулікоўшчыны: на сёлетнюю сустрэчу яны сабраліся з Дзятлава, Навагрудка, Слоніма, з размешчаных непадалёку вёсак Рыбалава і Старыны. 13 ліпеня іх было 11 — менш, чым у мінулым годзе. За гэты час не стала адразу трох чалавек. За святочным сталом прысутныя яшчэ раз успомнілі пайшоўшых з жыцця аднавяскоўцаў, спявалі песні сваёй маладосці. Сустрэча атрымалася: людзі разыходзіліся задаволеныя, з думкай аб новым спатканні ў 2009-м. Гэтак жа трэба рабіць многім з нас: спыніцца, знайсці час і прыехаць на малую радзіму. Прыехаць, “каб не страціць святое штосьці”…
А. НІЧЫПАР.