Закончыўся яшчэ адзін навучальны год. З гэтай нагоды ва ўстановах адукацыі раёна, адбыліся ўрачыстыя лінейкі, для выпускнікоў прагучаў апошні школьны званок.
На двары панавала непагадзь, а ў актавай зале Хвінявіцкага сада-школы было цёпла і ўтульна. Святочную атмасферу стваралі ўсмешкі на тварах, прыгожыя букеты кветак.
На ўрачыстасць сабраліся вучні школы, іх бацькі, настаўнікі, госці свята – намеснік старшыні СВК “Хвінявічы” па ідэалагічнай рабоце І. Б. Быстрыцкая, загадчык Парэцкай амбулаторыі В. М. Акулевіч.
Пачэснае месца было адведзена выпускнікам сярэдняй і базавай школы.
Напачатку ўрачыстасці з цёплымі словамі віншавання да выпускнікоў звярнулася дырэктар Хвінявіцкага сада-школы М. А. Доўгач. Яна пажадала хлопцам і дзяўчатам шчаслівай жыццёвай дарогі, здзяйснення жаданняў і мараў.
У сваёй прамове Марыя Антонаўна засяродзіла ўвагу на выніках навучальнага года, адзначыла лепшых вучняў і класныя калектывы. Граматамі і памятнымі падарункамі былі ўзнагароджаны выдатніцы школы Алена Будзевіч і Іна Барыш. За поспехі ў вучобе граматай былі адзначаны вучні 5 класа. Як самы здаровы клас грамату атрымалі вучні 7 класа.
Словы віншавання на адрас выпускнікоў выказалі госці ўрачыстасці – І. Б. Быстрыцкая і В. М. Акулевіч. Мэтанакіраванасці, удачных экзаменаў, добрых людзей на жыццёвым шляху выпускнікам сярэдняй школы пажадалі іх першая настаўніца Л. Я. Трубчанкава, класны кіраўнік У. У. Жынко.

Ад імя бацькоў з наказам да дзяўчат і хлопцаў, якія закончылі школу, звярнулася М. А. Хрышчановіч. Яна пажадала ім поспехаў у жыцці, а, самае галоўнае, ніколі не забывацца пра сцяжынку да роднай хаты.
Пажаданні і віншаванні на адрас выпускнікоў прагучалі і ад самых маленькіх школьнікаў – першакласнікаў.
Напрыканцы мерапрыемства прагучаў апошні школьны званок. Апошні для выпускнікоў 33-га выпуску Хвінявіцкай сярэдняй школы.
Наперадзе ў 15 дзяўчат і хлопцаў – школьныя экзамены, тэсціраванне. Для іх адкрываюцца дзверы ў новае, дарослае жыццё. Хай заўсёды яно прыносіць толькі радасць і шчасце, як мага менш расчараванняў і болю. У добры шлях, выпускнікі!
ФІНАЛЬНЫЯ ГАСТРОЛІ “ЗАБАВЫ”
Мяркую, што заняткі ў танцавальным калектыве “Забава” назаўсёды застануцца ў памяці выпускнікоў Хвінявіцкай школы. За тры гады свайго існавання гурт неаднаразова прымаў удзел у школьных і раённых мерапрыемствах.
23 мая “Забава” дала свой апошні канцэрт, які адбыўся ў Хвінявіцкай школе. Гледачы, а гэта і вучні школы, бацькі, настаўнікі, віталі кожны нумар “Забавы” бурнымі апладысментамі. Юныя танцоры іх заслужылі. Прыемна было назіраць, як дзяўчаты і хлопцы так па-заліхвацку танцавалі “Лявоніху” і “Кадрыль”, “Барыню”, “Саловушку”, “Прагулачную”, “Рускую плясавую”. Бацькі, якія прысутнічалі на канцэрце, адчувалі гонар за сваіх дзяцей – такіх маладых, прыгожых і таленавітых.
Акрамя “Забавы”, падчас мерапрыемства, сваё танцавальнае майстэрства прадэманстравалі вучні 2-га, 5-га, 6-га класаў Хвінявіцкай школы Іна Барыш і Кацярына Верабей.
Песенныя нумары прагучалі ў выкананні Наталлі Бузук, Наталлі Капковіч, вучняў Гезгалаўскай гімназіі Віктара Каральчука і Ірыны Дракель.
З заканчэннем школы сваіх выхаванцаў павіншавала мастацкі кіраўнік “Забавы” Наталля Бузук. Трохі хвалюючыся, яна пажадала дзяўчатам і хлопцам усяго лепшага ў жыцці, ніколі не забывацца пра дарогу да роднага дома.
Ад цёплых, шчырых словаў расхваляваліся і выпускнікі – на іх вачах блішчалі слёзы.
Напрыканцы канцэртнай праграмы словы падзякі “Забаве” і яе мастацкаму краўніку выказала дырэктар Хвінявіцкай школы М. А. Доўгач.
Майстэрства “Забавы”, плённая работа яе мастацкага кіраўніка Наталлі Бузук былі адзначаны дыпломамі аддзела культуры Дзятлаўскага райвыканкама. Іх уручыла метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры Т. Г. Янушкевіч. Яна пажадала дзяўчатам і хлопцам удалай жыццёвай дарогі, крочыць па ёй у танцы, заўсёды атрымліваць ад сваёй дзейнасці толькі задавальненне.
А. ДУБРОЎСКАЯ.