У рамках дзён праваслаўнай духоўнасці і культуры, якія праходзілі ў Дзятлаве з 10 па 17 мая, у гімназіі № 1 адбыўся “круглы стол” па праблемах выхавання духоўнасці ў падрастаючага пакалення. У мерапрыемстве ўдзельнічалі намеснік начальніка аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама А. І. Жадзейка, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Н. Я. Калодка, настаўнікі ўстановаў адукацыі раёна, вучні гімназіі, Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі пратаіярэй Мікалай Пінчук, настаяцель храма святых Барыса і Глеба вёскі Накрышкі, іярэй Георгій Рой. Прысутнічалі госці са Слонімскага раёна — А. М. Пыркова, метадыст аддзела адукацыі Слонімскага райвыканкама, І. Я. Радзецкая, выкладчык СШ № 2 горада Слоніма, В. А. Клімаш, выкладчыца Слонімскага духоўнага вучылішча.
Ва ўступным слове да ўдзельнікаў пасяджэння Благачынны цэркваў Дзятлаўскага раёна адзначыў актуальнасць праблемы выхавання духоўнасці ў падрастаючага пакалення, паколькі веданне асноваў культуры і рэлігіі з’яўляецца неад’емнай часткай адукаванасці.
Настаяцель храма святых Барыса і Глеба вёскі Накрышкі, іярэй Георгій Рой адзначыў, што для светапогляду цяперашняй моладзі характэрна трансфармацыя паняцця духоўнасці. У большай ступені хлопцы і дзяўчаты аддаюць перавагу дасягненню асабістай выгады. У сувязі з гэтым жыццё ўспрымаецца ў нейкай ступені аднабакова.
Выхаваць духоўныя якасці ў моладзі з’яўляецца адной з галоўных задач старэйшага пакалення.
Свой погляд на праблему выказалі непасрэдна прадстаўнікі сучаснай моладзі — вучні гімназіі.
Яны азнаёмілі прысутных з вынікамі анкетавання, якое праводзілася сярод адзінаццацікласнікаў. У цяперашні момант сэнс жыцця для большасці з іх звязаны з паспяховым паступленнем. А некаторыя яшчэ не задумваюцца над сэнсам жыцця па прычыне юнага ўзросту.
Падчас “круглага стала” гімназісты выказалі і сваё разуменне паняцця духоўнасці. Для некаторых з іх яна ўспрымаецца як шлях да самаўдасканалення і гармоніі.
Вучні выказалі думку, што цяперашняя моладзь жыве ў насычаным інфармацыйным асяроддзі і паразважаць над вечнымі пытаннямі жыцця проста не хапае часу.
Падчас “круглага стала” было закранута пытанне пра маладзёжныя субкультуры, многія з якіх з’яўляюцца прычынай фарміравання лжывых жыццёвых каштоўнасцяў.
У ходзе дыскусіі яе ўдзельнікі выказалі свае меркаванні па пытаннях ўдасканалення духоўнага выхавання маладога пакалення на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Настаўніца гімназіі № 1 горада Дзятлава Ж. С. Нагавонская зазначыла, што шлях да духоўнасці і маральнасці пачынаецца ў сям’і, у якой фарміруецца асоба дзіцяці.
Падрастаючае пакаленне выхоўваецца на прыкладзе старэйшых, якія, на жаль, мала ведаюць аб праваслаўных традыцыях.
Падчас мерапрыемства настаўнікі Дзятлаўшчыны, а таксама іх калегі са Слонімскага раёна падзяліліся вопытам работы па рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай царквой.
Напрыканцы ўдзельнікі дыскусіі зазначылі,што выхаванне цікавасці ў падрастаючага пакалення да Праваслаўнай культуры, яе традыцый магчыма праз лекцыі і семінары, сустрэчы са святарамі, экскурсіі, місіянерскую дзейнасць, а таксама — праз маладзёжныя фестывалі ў кантэксце духоўнага выхавання.
А.ДУБРОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ