Наша газета ўжо змяшчала публікацыі, прысвечаныя партызанскаму доктару Атласу. Так, яго прозвішча, а не мянушка, як памылкова сцвярджалася ў артыкуле “Магілы вядомыя і безыменныя” (№84 ад 31. 10. 2007 г.), менавіта Атлас. Як высветлілася, аўтар таксама памыляўся наконт таго, што сапраўднае яго імя — Маркус Шлёма. Паводле адказу на запыт, атрыманага Дзятлаўскім райваенкаматам з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, аказалася, што Атлас і Шлёма — гэта наогул два чалавекі, якія ўдзельнічалі ў партызанскім руху на Дзятлаўшчыне. Як паведамілі з Мінска, у дакументах Ленінскай партызанскай брыгады лічыцца: Яўген (Ёскель) Атлас, 1913 года нараджэння, яўрэй, грамадзянская спецыяльнасць — урач, партызан атрада “Перамога”; Маркус Шлёма, партызан атрада “Барацьба”, загінуў у верасні 1942 года падчас разведкі.
ВЕДАЕЦЕ, ЯКІМ ЁН ХЛОПЦАМ БЫЎ?
Што ж яшчэ вядома аб Ёскелі Атласе? Згодна інфармацыі, атрыманай зноў-такі з Нацыянальнага архіва краіны, гэта быў адукаванейшы малады чалавек: ён атрымаў доктарскую ступень у Францыі і Італіі, калі яму не споўнілася і трыццаці. Атлас прыязджае з Варшавы да сваякоў у Казлоўшчыну напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Ужо праз некалькі дзён пасля яе пачатку баі вяліся на тэрыторыі раёна, а да канца чэрвеня Дзятлаўшчына была акупіравана. Мірнае насельніцтва адразу ж зведала сумна вядомы “новы парадак” — масавы тэрор з рабаўніцтвам, здзекамі, расстрэламі. Па фашысцкаму плану “Ост” 75% жыхароў Беларусі, у тым ліку яўрэяў, неабходна было знішчыць. У Казлоўшчыне, як і ў многіх іншых мясцінах, гітлераўцы арганізавалі гета. Атласу ўдалося збегчы з яго тэрыторыі, а вось бацькі і сястра ўрача былі расстраляны ў лістападзе 1941 года (тады за два страшныя дні 24-25 лістапада каты знішчылі амаль 2,5 тысячы жыхароў мястэчка).
Пасля ўцёкаў Ёскель арганізаваў партызанскую групу, якая дыслацыравалася ў Ліпічанскай пушчы. Неўзабаве яна папоўнілася выжыўшымі ў першых лютых баях чырвонаармейцамі, прычым доктар Атлас вылечыў усіх параненых байцоў. Цяпер атрад у колькасці 120 чалавек мог распачынаць баявыя дзеянні. І вельмі хутка партызаны прымусілі фашыстаў баяцца.
Што праўда, то праўда: таленавіты чалавек мае здольнасці ў кожнай справе. Атлас настолькі бліскуча праявіў сябе на пасадзе кіраўніка атрада, быццам усё жыццё толькі і рабіў, што планаваў ваенныя аперацыі. Задумваючы чарговую вылазку, ён думаў не толькі аб тым, як нанесці ворагу максімальны ўрон. Ён клапаціўся і аб бяспецы сваіх людзей. Таленавіты тактык, Атлас не накіроўваў байцоў на немінучую гібель, а імкнуўся дзейнічаць абачліва, выкарыстоўваючы звесткі сувязных і падпольшчыкаў, праводзячы глыбокую разведку. Як вынік, удача заўсёды была з ім. Пад кіраўніцтвам урача партызаны грамілі варожыя гарнізоны (у Казлоўшчыне, Рудзе Яварскай, а ў Дзярэчыне — двойчы), праводзілі ўдалыя дыверсіі на чыгунцы, спалілі драўляны мост праз Нёман, вызвалілі яўрэяў Дзятлаўскага гета. Слава пра Атласа ішла па ўсім краі.
Восенню 1942 года атрад Атласа стаў часткай Ленінскай партызанскай брыгады, на чале якой стаялі ваенныя спецыялісты. Яны хацелі вызваліць Ёскеля ад кіраўніцтва атрадам дзеля таго, каб захаваць яго як доктара. Аднак Атлас рваўся ў бой, і поспехі не пакідалі яго. Не пакідалі да ракавога дня 5 снежня 1942 года, калі ў баі каля Вялікай Волі ўрач быў смяротна паранены. Яго вынеслі з-пад агню баявыя таварышы, яны ж, калі Атлас памёр, пахавалі яго ў глухім лесе паміж Малой Воляй і Дубароўшчынай.
МАГІЛА АТЛАСА: ДЗЕНЬ СЁННЯШНІ
Яшчэ ў 2006 годзе на месцы захавання працаваў пошукавы батальён, які вынес адназначны вердыкт: касцявыя астанкі чалавека ў магіле ёсць. Сведчанні аб тым, што тут быў пахаваны менавіта доктар Ёскель Атлас, ёсць таксама, прычым даўно. Безумоўна, у такім выпадку неабходна ўвекавечыць памяць героя, нават калі прайшло каля 65 гадоў з моманту яго гібелі. І важкі крок у гэтым накірунку ўжо зроблены: сёлета выраблены помнік. Гэтай справай займаўся Казлоўшчынскі пассавет, на тэрыторыі якога пахаваны Атлас. Як паведаміў старшыня пассавета Сяргей Уладзіміравіч Гародка, на месцы захавання будзе стаяць невялікі гранітны помнік, на якім выбіты словы: “Атлас Ёскель, урач партызанскага атрада “Перамога” Ленінскай брыгады. Загінуў у снежні 1942 года”. Таксама тут з’явіцца драўляная агароджа, а месца ля магілы выкладуць пліткай.
Аднак пакуль што невядома, дзе помнік будзе ўстаноўлены. Як расказаў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Валянцін Абухаў, захаванне знаходзіцца ў цяжкадаступным месцы, а таму даглядаць яго і аддаваць даніну павагі загінуўшаму партызану будзе складана. Па словах ваеннага камісара, каб дабрацца да магілы Атласа, трэба або некалькі кіламетраў ісці па балоцістым гушчары, або мець усюдыход.
– Шчыра кажучы, я не з’яўляюся прыхільнікам устаноўкі помніка ў лесе. Да таго ж і яго, і неабходныя будаўнічыя матэрыялы на месца людзям прыйдзецца несці на сабе. Больш мэтазгодна было б правесці эксгумацыю і перапахаваць астанкі партызанскага доктара, напрыклад, на яўрэйскіх могілках у Дзятлаве, — перакананы Валянцін Аляксеевіч. — Усё гэта можна ажыццявіць, пакуль дадзенае захаванне з’яўляецца няўлічаным: пакуль яно не зарэгістравана і ў яго няма ідэнтыфікацыйнага нумару. Але яўрэйскія абшчыны Беларусі да гэтага часу не могуць даць дазволу на перапахаванне. Мы не можам не паважаць каноны іудаізму, згодна якіх перапахаванне забаронена.
Як паведаміў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Пётр Чырко, па дадзенаму пытанню з яўрэйскімі абшчынамі вядзецца перапіска, і ў цяперашні час у Дзятлаве чакаюць адказу з Мінска. На думку Пятра Іванавіча помнік герою-партызану можна было б устанавіць і ў адной з тых вёсак, у якіх старажылы дагэтуль памятаюць і шануюць яго, напрыклад, у Малой Волі.
А. НІЧЫПАР.
Пакінуць адказ