Праект Дэкрэта “Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі” плануецца прадаставіць на разгляд кіраўніка дзяржавы ў бліжэйшы час. Аб гэтым паведаміў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Анатоль Рубінаў.
У дакуменце адлюстраваны прапановы міжведамаснай камісіі па аналізу сістэмы агульнай і сярэдняй адукацыі. Анатоль Рубінаў лічыць, што знойдзены аптымальны варыянт прымяняльна да існуючай рэальнай сітуацыі. Калі будуць прыняты рэкамендацыі камісіі, не пацерпіць ніхто: ні настаўнікі, ні вучні, ні іх бацькі. Наадварот, настаўнікам будуць павялічаны выплаты, зменшыцца вучэбная нагрузка ў школе. Вучні атрымаюць магчымасць разам з агульнай праграмай вывучаць прадметы на факультатыўных занятках, — адзначыў субяседнік.
Паводле словаў Анатоля Рубінава, першае і галоўнае, што не выклікае ні ў каго сумненняў, — гэта 11-гадовае навучанне ў сярэдняй школе. Яно будзе праводзіцца па адзінай, універсальнай праграме, пасля праходжання якой выпускнік атрымае атэстат аб сярэдняй адукацыі.
У структуру сярэдняй адукацыі ўвойдуць тры ступені. Першая — 1-4 класы (пачатковая школа), другая — 5-9 класы (базавая школа), трэцяя — 10-11 класы (закончаная сярэдняя адукацыя).
У першы клас дзеці пойдуць у шасцігадовым узросце. Базавая адукацыя, якая складзе 9 гадоў, будзе абавязковая для ўсіх вучняў.
Плануецца ўвесці пяцідзённы навучальны тыдзень ва ўсіх установах сярэдняй адукацыі без выключэння на трох стадыях навучання. Школьны тыдзень будзе шасцідзённы, у шосты дзень будуць працаваць гурткі, спартыўныя секцыі, праводзіцца грамадскія мерапрыемствы. Заняткаў у гэты дзень не будзе, адзначыў Анатоль Рубінаў. Ён падкрэсліў, што дзяцей не трэба перагружаць, у іх павінен быць дадатковы дзень для рэалізацыі сваіх захапленняў, кантактаў з бацькамі, сябрамі.
Але ўсё гэта не павінна кампенсавацца празмернай колькасцю ўрокаў. Адзіная абавязковая праграма будзе ўмяшчацца ў 5-6 урокаў у дзень.
Акрамя таго, у гэтыя рамкі трэба ўпісацца, не змяншаючы значна перыяд канікулаў. Мы прыйшлі да высновы, што цалкам паспяхова можна ўкладвацца да 1 чэрвеня. Гэта значыць, на працягу 35-тыднёвага навучальнага года. Гэта будзе распаўсюджвацца на ўсе ступені навучання, — канстатаваў Анатоль Рубінаў.
Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта лічыць, што за перыяд удасканалення навучальнага працэсу было напрацавана шмат станоўчага. Яно звязана з тым, што вучні атрымалі магчымасць займацца напрамкамі, да якіх яны схільныя. І гэта страціць нельга з-за таго, што мы пераходзім да ўніверсальнай праграмы, якая з’яўляецца абавязковым матэрыялам. Як жа ўсё спалучыць, каб не перагружаць вучняў, захаваць пяцідзённы вучэбны тыдзень, не ўводзіць залішнюю колькасць урокаў? Лепшы шлях — факультатыўныя заняткі, якія ў школах арганізуюцца дадаткова да абавязковай праграмы, — падкрэсліў Анатоль Рубінаў. Такім чынам, паглыблены і павышаны ўзроўні вывучэння прадметаў пераносяцца на факультатывы.
Школа сёння разнародная, і гэта ўжо склалася. Пры ўдасканаленні гэтай сістэмы падыход павінен быць такі — як мага менш ламаць. Таму прапануецца захаваць гімназічныя і ліцэйскія класы ў тых школах, дзе яны ўжо функцыянуюць, — дадаў субяседнік.
Застаецца таксама дзесяцібальная шкала ацэньвання. Захоўваецца цэнтралізаванае тэсціраванне.
На думку Анатоля Рубінава, сістэма навучання ў сярэдняй школе, да якой мы прыходзім, вельмі гібкая, дае магчымасць разам з агульнай абавязковай адукацыяй развіваць вучням свае здольнасці і паглыбляцца ў асобныя напрамкі.
Праграма спрашчаецца, лішнія прадметы трансфармуюцца, але яна не павінна быць выпусташаная. Трэба, каб яна стала больш зразумелая, даступная, вельмі мала толку ад таго, што складаныя рэчы дзіця зазубрывае, а потым яны выветрываюцца, як і не было. Вядома, гэта не будзе зроблена ў адзін момант і патрабуе пастаяннай, уважлівай работы, у такіх прадметах, як матэматыка, фізіка трэба абапірацца на ранейшы вопыт, класічныя падручнікі, — перакананы першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта.
Існуюць такія напрацаваныя формы, як гімназія, ліцэй — яны прадоўжаць функцыянаваць, але ў рамках пяцідзёнкі. Таму што трэба берагчы здароўе ўсіх дзяцей, а не толькі тых, якія вучацца ў звычайнай школе, — падкрэсліў Анатоль Рубінаў. На яго думку, прапанаваныя змяненні не з’яўляюцца якім-небудзь адступленнем. Наадварот, гэта крок наперад да сістэматызацыі навучання ў сярэдняй школе.
Анатоль Рубінаў лічыць, што якасць адукацыі істотна залежыць ад настаўніцкага складу, які неабходна падтрымаць. Таму камісія рэкамендуе павялічыць настаўнікам надбаўкі за катэгорыі, устанавіць асобную катэгорыю для маладых спецыялістаў. Прапануецца таксама знізіць настаўнікам тыднёвую нагрузку з 18 да 16 гадзін.
БЕЛТА.
Пакінуць адказ