“Вера без справаў мёртвая…” — такое меркаванне выказаў у сваім пасланні апостал Павел. Іншымі словамі, калі мы называем сябе веруючымі, верым у Бога, ходзім у храм, а справаў міласэрнасці і дабрыні не робім, то вера нашая мёртвая.
— Як жа так! — можа ўсклікнуць веруючы чалавек. — Я і ў храм хаджу, і малюся пастаянна, а мая вера мёртвая?
Так. Бо гэта чалавек робіць таму, што неабходна непасрэдна яму. Адной веры або адных толькі добрых справаў недастаткова. Гасподзь ад кожнага чалавека, які прыйшоў у гэты свет, патрабуе і веры ў Бога і добрых справаў.
Варта памятаць словы Выратавальніка аб тым, што ўсе добрыя справы, якія мы робім нашаму бліжняму, Гасподзь наш Ісус Хрыстос прымае, як сабе. Прыгадаем Евангелле, якое чытаецца ў падрыхтоўчую нядзелю, аб Страшным судзе. Ці накарміў галоднага, ці напаіў таго, хто пакутуе ад смагі, ці апрануў голага, ці наведаў хворага або пазбаўленага волі… Калі вы зрабілі названае, то вы зрабілі гэта для мяне — вучыць нас Выратавальнік. Гэтае павучанне Хрыста павінна натхніць нас на справы міласэрнасці і дабрыні.
Што ж мы, сучасныя хрысціяне, можам зрабіць для таго, каб наша вера не была мёртвая? Якія добрыя справы нам рабіць?
На маю думку, справы, якія пацвярджаюць нашу веру ў Бога, можна раздзяліць на тры віды.
Першыя — справы, якія тычацца Царквы. Гэта — пастаяннае наведванне храма, споведзь і прычасце, удзел у іншых таінствах Царквы, актыўны ўдзел у жыцці прыходу, да якога належыце, дапамога ў розных работах, звязаных з храмам.
Другія — справы, якія тычацца сваёй сям’і. Варта памятаць, што сям’я — гэта малая царква, у якой кожнаму адведзена сваё месца, кожнаму ёсць свая справа. Бацькі павінны выхоўваць сваіх дзяцей, кожны дзень аддаваць ім час і ўвагу. Як вядома, праблемы з дзецьмі ў старэйшым узросце бываюць менавіта з-за недастатковай увагі да іх у дзяцінстве. Паміж сабой муж і жонка павінны вырашаць сямейныя праблемы спакойна, разам. Па сапраўднаму шчаслівая сям’я тая, у якой усе — і бацькі, і дзеці ходзяць у храм, жывуць па запаведзях Божых.
Трэція — справы, якія тычацца ўзаемаадносін з бліжнімі, тымі, хто побач з намі жыве, працуе, з кім мы кантактуем у паўсядзённым жыцці. Усім, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе, трэба імкнуцца дапамагчы. Нельга зацыклівацца толькі на сабе. Калі ёсць знаёмыя адзінокія, варта іх наведаць, калі побач жывуць бедныя людзі, варта дапамагчы ім вопраткай або прадуктамі. Трэба спяшацца рабіць добрыя справы, шукаць, дзе і каму можна дапамагчы. Калі ўважліва паглядзець вакол сябе, то знойдзецца мноства магчымасцяў дапамагчы камусьці. Мы, веруючыя хрысціяне, павінны і абавязаны дапамагчы, рабіць добрыя справы.
Сапраўднае шчасце — калі мы жывём не для сябе, а для іншага чалавека, раздзяляем з ім яго радасць і гора. Дай жа, Божа, нам сілы імкнуцца да сапраўднага шчасця, дапамажы нам, Гасподзь, пражыць наша жыццё так, каб пры пераходзе ў вечнасць мы пачулі Твае словы: “Вера твая была не мёртвая, а жывая і дзейсная…”
Свяшчэннік Расціслаў САЛАЎЁЎ,
настаяцель Свята-Георгіеўскага храма г. Ліды, кандыдат багаслоўя.
Пакінуць адказ