ЗБОЖЖАСУШЫЛКА З “ЛІДСЕЛЬМАША”
У Пенчыцах пачалося будаўніцтва сучаснага высокапрадукцыйнага збожжасушыльнага комплекса айчыннай вытворчасці — восьмага па ліку на тэрыторыі СВК “Русь-Агра”. Яго неабходнасць тлумачыцца тым, што ў гаспадарцы запланавана павелічэнне валавай вытворчасці збожжа (план на 2008 год — 56 цэнтнераў з гектара). Да пачатку жніва новы комплекс збіраюцца ўвесці ў эксплуатацыю.
ТЭРЫТОРЫЯ СЕЛЬСАВЕТА ПАВЯЛІЧЫЛАСЯ
Напрыканцы мінулага года адбылося ўзбуйненне тэрыторыі сельсавета: да яго былі далучаны 10 вёсак з Вензавецкага сельсавета. Адпаведна на 642 чалавекі павялічылася і колькасць жыхароў. Усяго ў 32 вёсках Дзятлаўскага сельсавета жывуць 2505 чалавек, з якіх 1157 — працаздольных (633 мужчыны і 494 жанчыны), 936 пенсіянераў (299 мужчын і 637 жанчын), 412 дзяцей.
ПЛЮС АДЗІНАЦЦЬ
У СВК “Русь-Агра” штогод вядзецца будаўніцтва жылля для сваіх працаўнікоў. Сёлета ўласныя кватэры павінны атрымаць 11 сем’яў. Пяць дамоў збіраюцца пабудаваць у Раклевічах, а ў Апаліна-Басіне будзе праведзена рэканструкцыя былога адміністрацыйнага будынка, які пераабсталююць пад 6-кватэрны жылы дом з усімі зручнасцямі.
РЭЛЕ ДЛЯ АПАЛІНА-БАСІНА
У адной з буйных вёсак сельсавета — Апаліна-Басіне — было ўстаноўлена аўтаматычнае рэле часу для вулічнага асвятлення, якое працуе згодна зададзенай праграмы. Дзякуючы навінцы вясковыя вуліцы не будуць асвятляцца ў найменш патрэбны для людзей перыяд сутак, што дазволіць істотна з’эканоміць электраэнергію.
У РАКЛЕВІЧАХ ПАБУДУЮЦЬ СПАРТЫЎНУЮ ПЛЯЦОЎКУ
У Раклевічах вялікую ўвагу надаюць фізкультуры і спорту. Тут дзейнічаюць два калектывы фізкультуры (КФК) — мясцовай базавай школы і СВК “Русь-Агра”. Дарэчы, 87,5% школьнікаў наведваюць розныя спартыўныя секцыі. Паспяховы для абодвух КФК быў 2007 год: па яго выніках першынствавалі ў раённых спаборніцтвах. А для таго, каб спартыўныя дасягненні былі і надалей, сёлета ў Раклевічах плануецца будаўніцтва і абсталяванне новай плоскаснай спартыўнай пляцоўкі.
НОВЫ МАРШРУТ
З 8 красавіка двойчы на тыдзень курсіруе аўтобус па маршруту Дзятлава-Засецце-Норцавічы-Пенчыцы-Дзятлава. Калі не будзе цяжкасцяў з пасажырапатокам, надалей рух аўтобуса будзе ажыццяўляцца штодзённа. Па словах старшыні Дзятлаўскага сельсавета Аляксандра Віктаравіча Маркушэўскага, вяскоўцы вельмі задаволены і выказваюць удзячнасць кіраўніцтву райвыканкама.
ЛЕПШЫ МАЛАКАЗБОРШЧЫК
Арганізавана праходзіць закуп малака з падворкаў вяскоўцаў, прымаюцца меры па выкананню планавых заданняў. Як паведамілі ў сельсавеце, лепшым малаказборшчыкам па выніках мінулага года стаў Леанід Іванавіч Трайнель. Ён закупіў 161,7 тоны малака. Гэта, дарэчы, трэці паказчык у раёне. Сёлета ён таксама працуе добра: закуплена 19,9 кг малака ў заліковай вазе (797 кг на карову, +566 кг у параўнанні з аналагічным перыядам 2007 года).
ДЭМАГРАФІЧНАЯ СІТУАЦЫЯ
У мінулым годзе на тэрыторыі сельсавета памерлі 57 чалавек, а нарадзіліся толькі 13. Сёлета выдадзены 13 пасведчанняў аб смерці. Бацькі атрымалі 5 пасведчанняў аб нараджэнні. Дарэчы, з 5 нованароджаных 2008-га — 3 дзяўчынкі і 2 хлопчыкі, прычым абодва — Іваны.
САЦРАБОТНІКІ ПРАЦУЮЦЬ ДОБРА
Як расказаў Аляксандр Маркушэўскі, даглядаюць 38 адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян на тэрыторыі сельсавета пяць сацыяльных работнікаў. Усе яны — Тамара Міхайлаўна Парфіновіч, Наталля Рыгораўна Ёда, Людміла Аляксееўна Каско, Лідзія Васільеўна Пасюк, Яўгенія Юльянаўна Канановіч — карыстаюцца павагай людзей, маюць стабільна станоўчыя водгукі аб сваёй працы.
СТАРАСТЫ — ПАМОЧНІКІ АКТЫВУ СЕЛЬСАВЕТА
На тэрыторыі сельсавета працуюць 25 старастаў. Яны аказваюць актыву сельсавета дзейсную дапамогу ў вырашэнні надзённых праблем, падтрымліваюць з ім пастаянную сувязь. Адбудзецца пасяджэнне сельвыканкама, на якім будзе абмеркаваная дзейнасці вясковых старастаў. На мерапрыемстве лепшыя старасты будуць заахвочаны.
А. НІЧЫПАР.
Пакінуць адказ