Пад такой назвай прайшоў Дзень Вензавецкага сельскага Савета. Яго наведалі прадстаўнікі райвыканкама на чале са старшынёй райвыканкама В. В. Грытчанкам, старшыні сельскіх і пасялковых выканаўчых камітэтаў, намеснікі старшыняў СВК раёна па ідэалагічнай рабоце.
Адкрыў семінар старшыня Вензавецкага сельвыканкама С. А. Шэцік.
На пачатку ўдзельнікі мерапрыемства наведалі Вензавецкі дзіцячы сад-сярэднюю школу. Пра работу, якая вядзецца па выхаванню ў дзяцей навыкаў здаровага ладу жыцця расказала дырэктар навучальнай установы Г. І. Франюк. Яна зазначыла, што з 2004 года школа працуе ў эколагавалеалагічным накірунку. Дзеля выхавання ў дзяцей здаровага ладу жыцця створана служба здароўя, экалагічны цэнтр, праводзяцца ўрокі здароўя. Адзін з іх наведалі ўдзельнікі семінару.
У рамках семінару прысутныя азнаёміліся з работай Венавецкага сельскага дома культуры і Вензавецкай сельскай бібліятэкі. Пра тое, як вырашаецца праблема занятасці моладзі ў вольны час, як вядзецца прапаганда здаровага ладу жыцця расказалі мастацкі кіраўнік Дома культуры А. Р. Лябецкая, загадчыца сельскай бібліятэкі А. В. Макарчык.
Загадчыца Вензавецкага ФАПа М. М. Сіняк засяродзіла ўвагу ў сваім выступленні на мерах па выяўленню, прафілактыцы захворванняў, прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва.
Азнаёміліся ўдзельнікі семінару і з работай трэнажорнай залы СВК “Вензавец”. Варта адзначыць, што яна абсталявана сучаснымі трэнажорамі, што спрыяе эфектыўным заняткам фізкультурай і спортам. Пра тое, якая работа вядзецца па заахвочванню моладзі сельскагаспадарчага кааператыва заняткамі спортам, расказаў інструктар па фізічнай культуры і спорту СВК “Вензавец” П. С. Бойка. Падчас наведвання мехмайстэрняў СВК “Вензавец”, вучэбна-метадычнага цэнтра ўдзельнікі семінару засяродзілі ўвагу на тым, як вырашаецца пытанне па стварэнню здаровых і бяспечных умоваў працы работнікаў. Пра гэта расказала інжынер па ахове працы СВК “Вензавец” В. Э. Макарэвіч.
Валянціна Эдвардаўна таксама паведаміла і пра работу па лазневаму абслугоўванню насельніцтва аграгарадка Вензавец.
Таксама падчас семінару яго ўдзельнікі азнаёміліся з работай аб’ектаў гандлю, сталовай СВК “Вензавец”.
Напрыканцы Дня Вензавецкага сельскага Савета прайшло плянарнае пасяджэнне. Адкрыў яго намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама П. І. Чырко.
З дакладам “Аб ходзе выканання раённай мэтавай праграмы па паляпшэнню ўмоваў і аховы працы на 2006-2010 гады” выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Л. Ф. Васюкевіч.
Яна зазначыла, што дадзеная праграма прадугледжвае меры па тэхнічнаму пераабсталяванню вытворчасцяў, прафілактыцы траўматызму і прафесійных захворванняў у арганізацыях Дзятлаўскага раёна. У арганізацыях распрацаваны палажэнні аб стымуляванні работнікаў за выкананне патрабаванняў аховы працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Таму спрыяюць і Дні аховы працы, якія праводзяцца ў арганізацыях.
Кіраўнікі і галоўныя спецыялісты прадпрыемстваў раёна праходзяць праверку правілаў тэхнікі бяспекі, на веданне працоўнага закаданадаўства. На базе Казлоўшчынскага ліцэя арганізавана навучанне і інструктаж па ахове працы ўсіх катэгорый работнікаў.
Напрыканцы выступлення Л. Ф. Васюкевіч зазначыла, што ў сувязі з правядзеннем пазачарговай атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы па новых нарматыўных дакументах арганізацыямі раёна вядзецца падрыхтоўчая работа. Практычна ва ўсіх арганізацыях створаны атэстацыйныя камісіі, складзены і ўдакладняецца пералік працоўных месцаў, якія належаць атэстацыі. Многія арганізацыі зрабілі заяўкі на правядзенне даследаванняў і інструментальных замераў фактараў вытворчага асяроддзя для атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы.
З дакладам “Выкананне належных умоваў працы і адпачынку — залог здароўя” выступіў галоўны урач Дзятлаўскага райЦГЭ А. В. Малашанка. Ён засяродзіў увагу прысутных на праблемах якаснага водазабеспячэння насельніцтва, лазневага абслугоўвання, падтрыманні чысціні і парадку на тэрыторыях, належным абсталяванні малочна-таварных фермаў СВК раёна. Былі разгледжаны пытанні і санітарнага стану аб’ектаў гандлю, мехмайстэрняў СВК раёна.
Намеснік галоўнага ўрача Дзятлаўскай ЦРБ У. У. Крэчык спыніўся на формах і метадах работы з насельніцтвам раёна па фарміраванню здаровага ладу жыцця. Ён зазначыў, што вялікая ўвага надаецца менавіта прафілактычнай рабоце.
Дзеля папярэджання артэрыяльнай гіпертэнзіі праводзіцца акцыя па вымярэнню артэрыяльнага ціску сярод насельніцтва раёна. Пэўная ўвага надаецца навучанню як аказваць медыцынскую дапамогу ў экстрымальных выпадках. Дзеля гэтага распрацаваны адпаведны план вучобы.
Намеснік начальніка аддзела Дзятлаўскага РАУС М. А. Бародзіч ў сваім выступленні расказаў пра работу, якая вядзецца па прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Рэгулярна супрацоўнікамі РАУС праводзяцца рэйды па выяўленню фактаў продажу самагону, спіртаўтрымліваючай вадкасці.
На прафілактыку п’янства скіравана і дзейнасць камісій па барацьбе з алкагалізмам і п’янствам, саветаў прафілактыкі. Пэўную ролю ў барацьбе з п’янствам і правапарушэннямі адыгрывае дзейнасць добраахвотных дружын, у склад якіх цяпер уваходзіць 312 чалавек.
Па пытанню работы са зваротамі грамадзян выступіў галоўны спецыяліст аддзела дакументацыйнага, прававога забеспячэння і работы з насельніцтвам Дзятлаўскага райвыканкама А. І. Андруцэвіч.
Завяршылася пасяджэнне выступленнем намесніка старшыні Дзятлаўскага райвыканкама П. І. Чырко. Ён засяродзіў увагу на аспектах работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця, паляпшэнню дэмаграфічнай бяспекі ў раёне.
Былі падведзены вынікі семінару. Пётр Іванавіч Чырко адзначыў якасную работу старшыні Вензавецкага сельвыканкама С. А. Шэціка, старшыні СВК “Вензавец” М. А. Бубноўскага, якая вядзецца па добраўпарадкаванню тэрыторыі аграгарадка, па стварэнню належных умоваў для дабрабыту насельніцтва.
А. ДУБРОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ