2 лютага 2008 года каля 40 выпускнікоў Яварскай школы мінулых гадоў сабраліся ў яе класах. Урачыстая частка вечара сустрэчы даставіла шмат прыемных хвілін і ўспамінаў усім прысутным. Але мне здаецца, што для гасцей школы галоўным было не гэта. Галоўнае пра нас помняць, паважаюць ды і кожны з нас хоча ўспомніць сваё школьнае дзяцінства. Цяпер я гавару гэта ўжо як былы выпускнік Яварскай школы. А ўсмешкі на тварах выпускнікоў і іх прыемныя ўражанні ад убачаннага- вось галоўны вынік гэтай сустрэчы…
40 гадоў таму закончыў Яварскую школу Валерый Каракулька Канстанцінавіч. Падчас вучобы ў школе ён вельмі любіў музыку, часта іграў на вечарынах у сельскім клубе. Але паступіць у музычна-педагагічнае вучылішча хлопцу не ўдалося. Ён вырашыў вучыцца ў Казлоўшчынскім ПТВ і атрымаў там прафесію вадзіцеля. Пасля — служба ў арміі, якая пакінула шмат прыемных успамінаў. Валерый Канстанцінавіч служыў у Германіі, горадзе Франкфурт-на-Одэры. Пасля арміі працы ў калгасе не знайшлося. Час тады быў іншы і працаваць на зямлі было вельмі прэстыжна, а жадаючых шмат. Таму Валерый пераехаў у Гродна, дзе паступіў у сельскагаспадарчы інстытут. Пасля вучобы ён атрымаў прафесію агранома і паехаў па размеркаванню ў Скідаль. Валерый Канстанцінавіч і сёння працуе там меліяратарам. А на малой радзіме ў яго засталіся бацькі і родная школа, якіх ён ніколі не забывае…
— Прайшоў той час, калі можна было ўладкавацца ў жыцці без адукацыі. Сёння на любой рабоце патрабуюцца граматныя і адукаваныя спецыялісты. Вучыцеся, будзьце сапраўднымі людзьмі і вас заўсёды будуць паважаць. Поспехаў і здароўя вам усім! Будзьце шчаслівыя- вось які наказ даў будучым выпускнікам Валерый Канстанцінавіч Каракулька.
Выпускнікі 1988 года сабраліся ў сценах школы амаль у поўным складзе. Калісьці звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, а сёння 10 дарослых людзей выказалі сваю павагу да школы і настаўнікаў. Наталля Кудрашова, Ірына Гульнік, Наталля Красоўская, Наталля Бялятка, Тамара Клімко, Дзмітрый Балькоўскі, Ігар Гульнік, Мікалай Руткоўскі, Іван Рак, Сяргей Горбач і класны кіраўнік выпускнікоў Людміла Міхайлаўна Буйко- вось іх імёны. Амаль кожны год які-небудзь юбілейны выпуск збіраецца ў школе ў пашыраным складзе.
Па словах выпускнікоў, паняцце школьнага сяброўства стала вельмі дарагім для іх. Самыя лепшыя і верныя сябры сабраліся 2 лютага ў сценах школы. Некаторыя з іх жывуць у адной мясцовасці, а з некаторымі не бачыліся 17 гадоў. Гэтая сустрэча стала вельмі дарагім успамінам для выпускнікоў. Таму многія з іх рашылі сустракацца часцей. Любімым прадметам у школе ў іх былі розныя дысцыпліны. Хтосьці любіў фізкультуру, а хтосьці хімію з біялогіяй і таму звязаў з гэтымі прадметамі сваё жыццё. Усё настаўнікі для выпуску-88 былі любімымі і дарагімі. З цягам часу разумееш, што яны хочуць вучням дабра і хвалююцца за кожнага. Лёс распарадзіўся так, што кожны з выпускнікоў выбраў сваю дарогу ў жыццё і зараз не крочыць па ёй.
Дзмітрый Георгіевіч Балькоўскі з дзяцінства марыў стаць шафёрам. Яму падабаўся пах бензіну ды і праца вадзіцеля вабіла. У школе з прадметаў любімым стала хімія, а ў 10 класе супрацоўнікі інстытута механізацыі зацікавілі хлопца будучай прафесіяй. Пасля заканчэння інстытута ён працаваў у калгасе інжынерам. Пасля перайшоў ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі. Дзмітрый Георгіевіч з малых гадоў любіў прыроду, не мог цярпець варварскіх адносін да яе. Таму, калі паступіла прапанова працаваць у інспекцыі па ахове навакольнага асяроддзя, ён не раздумваў. Прафесія інжынера тут толькі дапамагла і зараз ён паспяхова займаецца любімай справай.
У школе сабраліся не толькі выпускнікі, якія закончылі яе 10,15 ці 20 гадоў назад. На вечары прысутнічалі былыя і цяперашнія настаўнікі, выпускнікі мінулых гадоў. Кожны з іх імкнуўся даць наказ сённяшнім выпускнікам, настаўнікам і сваім школьным сябрам…
Алена Адольфаўна Касцюк: “Колькі гадоў ужо прайшло, а ўсё роўна ўспамінаюцца ўрокі і перапынкі. У класе нас было 14 чалавек: 7 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак, таму клас быў вельмі дружны. Наш класны кіраўнік Яніна Юльянаўна Марцінчык. Дзякуй і нізкі паклон усім настаўнікам. Дзякуй за веды і адданую душу! Вы вучылі нас быць добрымі і справядлівымі. Мы такімі і сталі. А выпускнікам я жадаю стаць добрымі спецыялістамі і сапраўднымі людзьмі!”
Алена Іванаўна Шомба:”Не кожнаму па жыцці дадзена атрымаць вышэйшую адукацыю. Але не трэба адчайвацца. Трэба ўвесь час вучыцца жыццю, быць сапраўдным чалавекам. Вучыцца ніколі не позна, напрыклад, быць добрым гаспадаром ці гаспадыняй. Жыццё вучыць нас само па сабе, нас у большасці выпадкаў акружаюць добрыя людзі. Ведайце, што няма лепшага часу, чым вучоба ў школе. Школа- гэта аснова асноваў. Не проста хадзіце туды, а вучыцеся. Настаўнікам і ўсім прысутным жадаю здароўя і ўсяго самага найлепшага!”
Словы выпускніцы школы, якая закончыла яе больш за 50 гадоў таму і ўсё жыццё працавала настаўніцай кранулі душу кожнага. Гэтая сустрэча ў сценах школы дазволіла кожнаму не толькі ўбачыць адзін аднаго, але і падзяліцца сваім жыццёвым вопытам і мудрасцю. Шкада, што такія сустрэчы вельмі хутка заканчваюцца, але было прыемна паўтары гадзіны бачыць усмешку на тварах выпускнікоў школы. Яны адпачылі і набраліся прыемных эмоцый надоўга. Кожны такі вечар становіцца для нас мосцікам у мінулае, які дазваляе ўспомніць радасныя і запамінальныя моманты свайго школьнага жыцця. І хочацца закончыць словамі дырэктара школы Людмілы Міхайлаўны Герасімовіч, што вельмі добра, калі ў нас ёсць родная школа, дзе мы можам сабрацца і ўспомніць сваё дзяцінства.
Сяргей ГЕРАСІМОВІЧ,
выпускнік Яварскай сярэдняй школы 2004 года.
Пакінуць адказ