30 Jan
Posted by: Webmaster in: Адукацыя, Установа адукацыі
Пра навучанне ў Міроўшчынскім вучэбна-вытворчым камбінаце расказвае намеснік дырэктара гэтай навучальнай установы П. М. Томчык.
— Пётр Міхайлавіч, што сёння сабой уяўляе вучэбна-вытворчы камбінат?
— У нашым вучэбна-вытворчым камбінаце займаецца 221 вучань з 17 школ раёна. Яны навучаюцца па адной са спецыяльнасцяў: “трактарыст-машыніст катэгорыі “А”, “машынапіс і асновы сучаснага справаводства”, “швачка”, “медыцына”, “папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”. У камбінаце працуюць 22 спецыялісты, сярод якіх 9 майстроў вытворчага навучання. Наладжаны падвоз школьнікаў на заняткі ў ВВК, для гэтага ёсць шэсць аўтобусаў.
— А ці з’явілася штосьці новае ў рабоце камбіната ў 2007 годзе?
— Так, з верасня мінулага года ў Міроўшчынскім вучэбна-вытворчым камбінаце пачалі займацца вучні з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Яны набываюць спецыяльнасці “швачка” і “слясарная справа”. Усяго займаецца 21 вучань у чатырох групах.
— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра спецыяльнасці, якімі можна авалодаць. Магчыма, гэта дапаможа вашым будучым вучням зрабіць правільны, асэнсаваны выбар…
— Хлопцы, якія займаюцца па спецыяльнасці “трактарыст-машыніст катэгорыі А”, вывучаюць устройства трактара, яго абслугоўванне, сельскагаспадарчыя машыны, вывучаюць правілы дарожнага руху, ахову працы. Навучанне доўжыцца, як і на ўсіх спецыяльнасцях, два гады. Пасля заканчэння вучобы хлопцы атрымліваюць правы катэгорыі А і маюць магчымасць без далейшага абучэння здаць экзамен на атрыманне правоў вадзіцеля катэгорыі “В”. Выпускнікі ВВК могуць працаваць трактарыстамі ў любой арганізацыі, бо маюць добрыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі. Веды і вопыт ім перадаюць выкладчыкі і майстры вытворчага навучання. Гэта – Аляксандр Аляксандравіч Маляўка, Вячаслаў Іванавіч Канюшкевіч, Уладзімір Віктаравіч Багдзель, Мітрафан Аркадзьевіч Макарчык.
Дзяўчаты аддаюць перавагу навучанню па спецыяльнасцях “швачка”, “машынапіс і асновы сучаснага справаводства”, “медыцына”.
Юныя швачкі вучацца шыць не толькі разнастайныя вырабы, але і вязаць, вышываць, рабіць прыгожыя пано з рэшткаў тканіны. Дзяўчаты асвойваюць рабочыя прыёмы на швейных машынах тыпу 1022, вучацца, як правільна выкарыстоўваць тканіну, фарнітуру. Пасля заканчэння ВВК навучэнцам выдаецца пасведчанне швачкі трэцяга разраду і можна працаваць на швейных прадпрыемствах. А навучае дзяўчат швейнай справе Марыя Іосіфаўна Цімошка.
На занятках па машынапісу і сучаснаму справаводству, якія праводзіць Алена Алегаўна Салаш, дзяўчаты вучацца, як правільна весці разнастайную дакументацыю, як складаць і афармляць дакументы (дагаворы, кантракты, даведкі, загады і іншае), вучацца друкаваць, афармляць тэкставы і лічбавы матэрыял. Адным словам, спазнаюць асновы сучаснага справаводства, а затым дзяўчаты могуць працаваць сакратарамі, машыністкамі, справаводамі, сумяшчаць усе гэтыя спецыяльнасці.
Займаючыся па спецыяльнасці “медыцына”, дзяўчаты вывучаюць сястрынскую справу: як правільна даглядаць хворых, маленькіх дзяцей, аказваць першую медыцынскую дапамогу. У групе займаюцца 12 чалавек. Яны ахвотна наведваюць заняткі, бо працуе з “медыкамі” Соф’я Рыгораўна Матылевіч, спецыяліст з амаль 30-гадовым стажам дзіцячай медыцынскай сястры. Практыку вучаніцы праходзяць у Казлоўшчынскім дзіцячым садку, доме-інтэрнаце ў Рандзілаўшчыне. Пасля заканчэння ВВК могуць працаваць малодшымі медыцынскімі сёстрамі.
А вось самая “маладая” спецыяльнасць у нас – “папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”. Яна існуе толькі трэці навучальны год. На чале з Валерыем Уладзімравічам Лябецкім хлопцы вывучаюць тактыку тушэння пажараў, праходзяць аварыйна-выратавальную падрыхтоўку, вучацца весці прафілактычную работу. Практыку хлопцы праходзяць у пажарных часцях, бываюць на абласных спаборніцтвах. Выпускнікам выдаецца пасведчанне, якое з’яўляецца падставай для залічэння ва ўстановы МНС, а таксама прыёму на службу ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях.
— А ці ёсць задумкі рыхтаваць спецыялістаў па іншых спецыяльнасцях?
— Так, плануем выпускаць спецыялістаў будаўнічага профілю. У сувязі з тым, што разгорнута работа па адраджэнню вёскі, шмат будуецца ў сельскай мясцовасці, ёсць патрэба ў будаўнічых кадрах. Будзем старацца хутка “зрэагаваць” на патрэбы часу.
Гутарыла
Настасся СІНЯК.
Пакінуць адказ