У паўсядзённым уяўленні сацыялогія часцей за ўсё асацыіруецца з правядзеннем апытанняў, вывучэннем грамадскага меркавання, з паведамленнямі ў сродках масавай інфармацыі аб тым, колькі працэнтаў насельніцтва думае так, а колькі — інакш. Аднак на самой справе рэальны дыяпазон даследчага інтарэсу сацыёлагаў значна шырэй. Ён не зводзіцца толькі да правядзення масавых апытанняў з мэтай выяўлення меркаванняў людзей па той ці іншай праблеме.
Дзейнасць сацыёлага вельмі шматгранная. Гэта збор інфармацыі аб перавагах людзей пры выбары імі таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты краіны або спосабу зарабляць на жыццё да вывучэння прычын і наступтстваў злачыннасці ўнутрысямейных канфліктаў, распрацоўкі тэорый, якія растлумачваюць асаблівасці гістарычнага шляху народа, краіны, цывілізацыі. Разам з тым, нягледзячы на ўсю шырыню ахопу розных сфераў жыцця грамадства, у гэтай дзейнасці ёсць свая “ізюмінка”: яна дазваляе ўбачыць праблемы, спароджаныя сацыяльным узаемадзеяннем, знайсці шляхі і сродкі іх вырашэння, прапанаваць іх грамадству.

Зварот да сацыялагічнага падыходу дае нам шэраг перавагаў і ў паўсядзённым жыцці. Выкарыстоўваючы яго, мы можам рэальна ацаніць як магчымасці, якія прадастаўляе нам жыццё, так і перашкоды, якія сустракаюцца на нашым шляху. Ён дае нам магчымасць быць актыўнымі членамі грамадства, эфектыўна дабівацца сваіх мэтаў, у якой бы галіне яны ні былі. Названы падыход дапамагае нам ацаніць сутнасць здаровага сэнсу, дапамагае жыць у разнастайным свеце, крытычна ацэньваць адносныя вартасці і недахопы любога ладу жыцця, у тым ліку і нашага асабістага.
Перавагі, якія дае веданне сацыялогіі, не абмяжоўваюцца сферай асабістага росту, хоць і гэта само па сабе з’яўляецца ў сучасным грамадстве вельмі важным. Сацыялагічная адукацыя - гэта добрая падрыхтоўка да працоўнай дзейнасці.
З верасня 2002 года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, буйнейшай рэагіянальнай ВНУ Рэспублікі Беларусь, вядзецца падрыхтоўка студэнтаў па спецыяльнасці “Сацыялогія”. Калі спецыяльнасць толькі адкрылася, на першы курс былі прыняты 16 студэнтаў. У далейшым набор павялічваўся, што сведчыла пра рост папулярнасці новай для горада і вобласці спецыяльнасці, пра захаванне стабільнага інтарэсу моладзі да атрымання сацыялагічнай адукацыі. Пастаянны застаецца конкурс у 4-5 чалавек на месца. Цяпер па спецыяльнасці “Сацыялогія” на факультэце гісторыі і сацыялогіі навучаецца 171 студэнт дзённай формы, а ў бліжэйшы час плануецца адкрыццё і завочнай формы навучання.
Вучэбны план спецыяльнасці ” сацыялогія” прадугледжвае шырокую агульнаадукацыйную і грунтоўную прафесійную падрыхтоўку будучых спецыялістаў. На працягу першых двух гадоў навучання студэнты асвойваюць базавыя для ўсіх ВНУ курсы, а таксама вывучаюць агульнапрафесійныя дысцыпліны, абавязковыя для кожнага сацыёлага: “Увядзенне ў сацыялогію, гісторыя сацыялогіі, метадалогія і метады сацыялагічных даследванняў, асновы дэмаграфіі, этнасацыялогія і іншае. З трэцяга курса ажыццяўляецца падрыхтоўка па спецыяльнасці”Сацыялогія адукацыі, навукі і культуры”, у бліжэйшы час плануецца адкрыццё яшчэ адной спецыялізацыі — “Сацыялогія кіравання”. У снежні 2006 года на гістарычным факультэце ГрДУ на базе секцыі сацыялогіі кафедры ўсеагульнай гісторыі была створана спецыялізаваная кафедра сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін, а затым хутка і сам факультэт быў перайменаваны ў факультэт гісторыі і сацыялогіі. Па ініцыятыве кафедры і пры непасрэдным удзеле студэнтаў-сацыёлагаў на факультэце была створана і цяпер паспяхова працуе студэнцкая сацыялагічная лабараторыя. Лабараторыяй быў праведзены шэраг даследчых праектаў. У прыватнасці, праведзены два сацыялагічныя даследванні па факультэце гісторыі і сацыялогіі: “Сацыяльна-псіхалагічны партрэт студэнтаў пачатковых курсаў спецыяльнасці “Сацыялогія” і “Адаптацыя студэнтаў-першакурснікаў спецыяльнасці “Гісторыя” да ўмоваў внузаўскага жыцця: сацыялагічны аналіз”. Вынікі даследванняў агучаны на бацькоўскім сходзе першакурснікаў, былі прадастаўлены ў друк.
Лабараторыяй таксама быў рэалізаваны даследчы праект па заказу ваннага факультэта ГрДУ “Армія і ВНУ: ваенны факультэт ГрДУ імя Я. Купалы ва ўяўленнях студэнтаў вышэйшых навучальных установаў г. Гродна”. У цяперашні час па заказу музея гісторыі ажыццяўляецца яшчэ адзін даследчы праект: “Імідж музея гісторыі ўніверсітэта: сацыялагічны аналіз уяўленняў супрацоўнікаў і студэнтаў ГрДУ імя Я. Купалы”.
На факултэце гісторыі і сацыялогіі рэгулярна праходзяць пасяджэнні студэнцкага сацыялагічнага семінара, у якіх прымаюць удзел не толькі студэнты-сацыёлагі, але і выкладчыкі ўніверсітэта. Там актыўна абмяркоўваюцца разнастайныя праблемы: работа з сацыяльна неабароненымі слаямі насельніцтва ў горадзе Гродне і вобласці, спорт і здаровы лад жыцця моладзі, праблемы нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, перспектывы супрацоўніцтва студэнтаў-сацыёлагаў з органамі ўлады, навука і інавацыйныя тэхналогіі ў беларускім грамадстве і іншыя.
Сіламі кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін пры непасрэдным і актыўным удзеле студэнтаў арганізуюцца і праводзяцца традыцыйныя штогадовыя Дні сацыялогіі на факультэце гісторыі і сацыялогіі, а таксама вясновыя “Сацыялагічныя чытанні”. Плануецца адкрыццё школы юнага сацыёлага. У працэсе правядзення заняткаў слухачы школы атрымаюць першы вопыт адаптацыі да ўмоваў внузаўскага жыцця, уступяць у новае для сябе кола зносін, будзе наладжаны працэс камунікацыі паміж школьнікамі, студэнтамі-сацыёлагамі і выкладчыкамі кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін.
Выпускнікі, якія закончылі факультэт гісторыі і сацыялогіі па спецыяльнасці “Сацыялогія”, атрымліваюць кваліфікацыю “сацыялог, выкладчык сацыялогіі і сацыяльна-палітычных дысцыплін”. Яны падрыхтаваны да педагагічнай дзейнасці, якая ўключае сярэднія, сярэдне-спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама вучэбна-выхаваўчыя ўстановы. Выпускнікі могуць працаваць настаўнікамі ў школах, выкладчыкамі сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у прафтэхвучылішчах, тэхнікумах, каледжах, выкладчыкамі сацыялогіі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у вышэйшых навучальных установах.Студэнты-сацыёлагі падрыхтаваны да работы ў гарадскіх, раённых, абласных установах упраўлення адукацыі, ва ўстановах культуры (музеі, бібліятэкі, выставачныя залы, цэнтры народнай творчасці) і ва ўстановах упраўлення культуры - сацыёлагам, метадыстам, спецыялістам па сацыяльнай рабоце.
Выпускнікі спецыяльнасці “Сацыялогія” валодаюць неабходнымі тэарытычнымі і практычнымі навыкамі для работы ў органах кіравання, цэнтрах прафарыентацыі і прафкансультавання, у цэнтрах занятасці, ва ўстановах сацыяльнага забеспячэння, а таксама ў сродках масавай інфармацыі.
Студэнты-юнакі паралельна з атрыманнем асноўнай спецыяльнасці маюць магчымасць праходзіць навучанне на ваенным факультэце ГрДУ, што павышае іх шанц у далейшым працаўладкаванні - ва ўстановах Міністэрствах абароны і сілавых структурах у якасці камандзіраў падраздзяленняў па ідэйна-выхаваўчай рабоце, сацыёлагаў, спецыялістаў па сацыяльнай рабоце.
Кваліфікаваны спецыяліст-сацыёлаг знойдзе прымяненне атрыманым ведам і практычным навыкам ва ўстановах і на прадпрыемствах розных формаў уласнасці, у тым ліку малога і сярэдняга бізнесу, для арганізацыі кадравага маніторынгу, вывучэння рынку збыту, спажывецкага попыту; у органах дзяржаўнага кіравання для распрацоўкі сацыяльных тэхналогій, вырашэння арганізацыйна-кіраўнічых задач, планавання і арганізацыі выбарчых кампаній.
Пасля атрымання дыплома можна прадоўжыць навучанне ў магістратуры, а затым і ў аспірантуры. Сферай дзейнасці ў такім выпадку можа служыць навуковая дзейнасць, ажыццяўляемая ў навукова-даследчых установах і вышэйшых навучальных установах. Дыплом сацыёлага адкрывае перад маладым чалавекам шырокія перспектывы прафесійнага росту. Сацыялагічная адукацыя ўяўляе сабой інструмент, які садзейнічае дасягненню поспеху практычна ў любой галіне дзейнасці: ад эканамічных і палітычных структураў да сродкаў масавай інфармацыі і рэкламных агенцтваў.
Н. МЫСЛІВЕЦ,
дацэнт кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.