З надыходам восені, а затым і зімы заўважаеш, як час нібыта прыпыняе свой бег. Паволі цягнуцца дні, вечары. Душу агортвае нейкі незразумелы смутак. І лепшым лякарствам ад яго, як мяркуюць многія, з’яўляецца падарожжа. Менавіта яно дапамагае “развеяць” тугу, дорыць новыя ўражанні, якіх так прагне душа. І не абавязкова накіроўвацца кудысьці далёка-далёка. Шмат цікавага знаходзіцца зусім побач, у нашых родных беларускіх гарадах і мястэчках.
… Зусім нядаўна адбылося маё невялікае падарожжа ў Навагрудак. Як ні сорамна прызнацца, але гэты старажытны горад з такой цікавай гісторыяй я наведала ўпершыню. Ён сустрэў непрыветліва — халодным сцюдзёным ветрам, які дзьмуў не па-восеньску. Што ж, гэта адметная асаблівасць клімату Навагрудка — у ім заўсёды халадней, чым у іншых гарадах Беларусі. Нездарма жыхары Навагрудка называюць яго паўночным горадам. Нават існуе меркаванне, што калісьці навагрудчанам за холад, які панаваў у горадзе, улады выплочвалі грашовую кампенсацыю.
Але ж тым не менш “суровы” клімат не перашкодзіў Навагрудку стаць першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Сёння аб гэтым перыядзе ў жыцці горада нагадваюць шмат гістарычных месцаў. І ў першую чаргу — Замкавая гара. Знаходзячыся на ўзвышшы, міжволі задумваешся аб тым, што калісьці тут было “ядро” горада, дзе адбываліся важнейшыя гістарычныя падзеі. Задумваешся і аб тым, што калісьці тут жылі людзі, якія таксама марылі, спрачаліся, кахалі… Цяпер іх імёны — толькі частка гісторыі. А некаторыя — і зусім забыты, схаваны навек у сівой даўніне.
Побач каля Замкавай гары знаходзіцца Фарны касцёл, дзе калісьці вянчаўся Ягайла з Соф’яй Гальшанскай. На тэрыторыі касцёла ёсць капліца, дзе пахаваны сёстры — назарэцянкі. З імі звязана трагічная гісторыя, якая адбылася ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Падчас страшнага ліхалецця сёстры-назарэцянкі вымушаны былі прыпыніць сваю місіянерскую дзейнасць. Вымушаны былі хавацца ад нямецкай улады. Але, нягледзячы на ганенні, сёстры-назарэцянкі вельмі часта, пераапрануўшыся ў свецкую вопратку, збіраліся каля сцен Фарнага касцёла, маліліся за выратаванне горада. На працягу адной ночы, па просьбе жыхароў, сёстры-назарэцянкі маліліся за 100 падлеткаў, якіх па рашэнню нямецкіх уладаў павінны былі расстраляць… Мабыць, усё ж такі цудадзейная сіла малітвы аказала свой уплыў на далейшае развіццё гэтай гісторыі. Усе падлеткі засталіся ў жывых, яны былі вывезены на работы ў Германію. А сёстры-назарэцянкі ў хуткім часе былі расстраляны. Яны прынеслі сваё жыццё ў ахвяру дзеля таго, каб маглі жыць іншыя…
Аб жудаснай вайне нагадвае і музей халакоста, дзе ў гады Вялікай Айчыннай знаходзілася яўрэйскае гета. На адкрыцці музея прысутнічалі і былыя вязні жудаснага “памяшкання смерці”. Сярод іх — Рая Кушнер. Тады многіх прысутных уразіла, як жанчына, якую ўнукі прывезлі на інваліднай калясцы, змагла падняцца, прайсці некалькі крокаў па падлозе былога гета…
… Шмат цікавага аб гісторыі Навагрудчыны я змагла даведацца, наведаўшы гісторыка-краязнаўчы музей. Аб мінулым тут нагадваюць шматлікія экспанаты, якія знаходзяцца ва ўтульных пакоях.                                                                                                
Тут і каменныя сякеры эпохі меаліту, гліняны посуд, каменныя пушачныя ядры. Гледзячы на іх, міжволі думаеш, колькі цярпення трэба было прыкласці, каб адшліфаваць звычайны валун і ператварыць яго ў элемент зброі. Са словаў экскурсавода даведалася аб тым, што каменныя ядры валодалі вялікай разбуральнай сілай, якую яны набывалі пасля таго, як іх награвалі да вельмі высокіх тэмператур. Такое раскаленае ядро, трапляючы ў мішэнь (якой часцей за ўсё была абарончая сцяна) разбівалася на шматлікія рэшткі, ад якіх плавілася цэгла.
Накіроўваюся ў этнаграфічны пакой, дзе размешчаны тканыя дываны, вышываныя ручнікі, старадаўняя народная вопратка. Звяртаю ўвагу на тканыя паясы, якія называюцца “перакіданкамі”. Такія паясы мелі сакральнае значэнне, выконвалі ролю абярэга. Ужо ў 7 гадоў дзяўчынка павінна была саткаць свой першы пояс. Дзяўчаты, жанчыны, вырабляючы “перакіданкі”, абавязкова павінны былі пры гэтым вымаўляць пэўныя словы. Мабыць, гэта была замова, якая ў сваю чаргу падавала поясу сілу абярэга.
З перакіданак вырабляліся паясковыя дываны, над якімі доўгі час працавала некалькі майстрых. Для вырабу такога дывана патрабавалася прыкладна 250-270 тканых паясоў. Часцей за ўсё дываны вырабляліся ў падарунак пачэсным гасцям зямлі навагрудскай.
І сёння на Навагрудчыне ёсць жанчыны, якія валодаюць майстэрствам вырабу тканых паясоў. Яле, на жаль, словы, якія суправаджалі працэс ткацтва, ужо забыты…
Азнаёміўшыся з гісторыяй тканых паясоў, рухаюся далей. Накіроўваюся ў невялікі пакой, які нагадвае вясковую хату. Пачэснае месца ў ёй займае печ. У чырвоным куце, які ўпрыгожаны выцінанкамі, знаходзіцца ікона.
Да столі падвешаны саламяныя “павукі”. У свой час яны выконвалі ролю хатняга абярэга. Іх заўсёды размяшчалі насупраць уваходу. Лічылася, што гэтыя саламяныя ўпрыгожанні нібыта “апутваюць” усё нядобрае, не даюць яму распаўсюдзіцца па жыллі.
Пасля наведвання гісторыка-краязнаўчага музея крочу далей. Рухаюся па вуліцы Гродзенскай, накіроўваюся да помніка Елісею Лаўрышаўскаму. Гісторыя шмат цікавага можа паведаць аб гэтым чалавеку. Калісьці ён быў сынам князя Трайняты. Па сваёй волі адмовіўся ад мірнага жыцця, стаў служыцелем Бога. Елісей Лаўрышаўскі быў забіты сваім жа вучнем. Існуе легенда, нібыта забойца быў першым чалавекам, якога мошчы Елісея Лаўрышаўскага вылечылі ад беснаватасці.
Вось аб такой цікавай нават гісторыі нагадвае гэты помнік. Думаю, што аб ёй будзе памятаць не адно пакаленне жыхароў горада, яго гасцей…
…І, зразумела, будучы ў Навагрудку, я не магла не завітаць у дом-музей Адама Міцкевіча. Тут кожны пакой прасякнуты духам ХІХ стагоддзя, у якім жыў і тварыў знакаміты паэт. Адзначу, што з імем А. Міцкевіча звязана шмат гістарычных мясцін Навагрудка. Непадалёку каля Замкавай гары знаходзіцца курган, насыпаны ў гонар паэта, які шмат сваіх твораў прысвяціў менавіта Навагрудчыне.
… Маё невялікае падарожжа завершана. Але, думаю, яно не апошняе, бо ў гэтым старажытным горадзе яшчэ столькі цікавых мясцін, помнікаў архітэктуры, з якімі варта пазнаёміцца. Да новых сустрэч, Навагрудак!
А. ДУБРОЎСКАЯ.