Цэны на паліва растуць, ды яшчэ пахаладала - збег гэтых абставінаў садзейнічае таму, што зімой у дварах і гаражах прастаяць шмат машын. Але ж да зімы аўтааматарам трэба рыхтавацца незалежна ад таго, будзе ваш “жалезны конь” стаяць або ездзіць.
Ставіць машыну на захоўванне пажадана ў дзень без ападкаў. Для тых, хто мае цёплыя гаражы, неабходна толькі памыць яе кансервуючым шампунем і выдаліць з салону і багажніку рэшткаў сельгаспрадукцыі і ежы (інакш вясной знойдзеце гніль і цвіль).
Калі ж вы хочаце дзейнічаць строга па правілах, варта прамыць рухавік і днішча аўтамабіля, памыць зверху акумулятар і поўнасцю яго зарадзіць, адключыўшы ад бартавой сістэмы машыны. Сігналізацыю лепш адключыць - пры самаразрадзе батарэі ахова можа спрацаваць. Тады канчаткова будзе пасаджана і батарэя, і ўнутраная батарэйка аўтаномнай сірэны. Для абароны ад угону трэба часткова раз’яднаць які-небудзь раздым сістэмы запальвання ці проста зняць бегунок размеркавальніка высокага напружання. Каб скараціць страты бензіна, можна заклеіць дрэнажную адтуліну пробкі паліўнага бака і заткнуць уваходную адтуліну паветранага фільтра. Галоўнае - не забудзьце аб гэтым вясной.
Для тых, у каго машыны стаяць у “ракавінках” або жалезных боксах, можна парэкамендаваць яшчэ некалькі дзеянняў. Па-першае, зліце з бака рэшткі бензіну і вады, якая там сабралася. Потым заліце поўны бак. Так вы не толькі скараціце яго каразійнае разбурэнне, але і не дапусціце ўтварэння кандэнсату, які ўзнікае пры перападах тэмпературы. Па-другое, калі ў вас машына з дыскавымі тармазамі, то лепш заехаць у гараж без выкарыстання тармазоў. Справа ў тым, што пасля тармажэння калодкі разыходзяцца пад дзеяннем лёгкага біцця дыска, а на стаячай машыне гэтага не адбываецца. За зіму калодкі могуць “прыкіпець” так, што крануцца з месца будзе вельмі складана. Таму не варта пакідаць аўтамабіль на ручным тормазе. Па-трэцяе, для праветрывання машыны і прадухілення ўтварэння кандэнсату вокны лепш пакінуць адчыненымі.
Тым жа, хто вымушаны паставіць жалезнага сябра на зіму пад адкрытым небам, трэба выбраць месца стаянкі так, каб пазбегнуць кантакту з соллю. Кузаў нацярыце васковым ці іншым ахоўным сродкам. Можна накрыць машыну чахлом. Але калі ён брызентавы, лепш змайструйце самы просты каркас, які не дазволіць тканіне датыкацца да кузава,- могуць астацца сляды.
Падрыхтаваў да друку А. НІЧЫПАР.