07 Nov
Posted by: Webmaster in: Гісторыя, Сацыяльная служба
Дзятлаўскае раённае аддзяленне рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” актыўна ўдзельнічае ў грамадскіх справах, накіраваных на паляпшэнне стану дзіцяці ў сям’і, дзіцячым калектыве, навакольным асяродку. Актывістамі Дзіцячага фонду шырока прапагандуюцца перавагі сямейнага выхавання, роля бацькоў у станаўленні развіцця дзіцяці, падрыхтоўцы яго да самастойнага жыцця, фарміраванні актыўнай жыццёвай пазіцыі. У дапамогу бацькам распрацоўваюцца метадычныя парады, памяткі з прыцягненнем розных спецыялістаў (педагогаў, псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, юрыстаў, медыцынскіх работнікаў). Праз паводзіны і ўдзел у разнастайных мерапрыемствах з дзецьмі, бацькамі, насельніцтвам прапагандуецца здаровы лад жыцця, павышэнне адказнасці бацькоў за выхаванне, фарміраванне сямейных традыцый, культура сямейна-шлюбных адносін. Члены прэзідыума раённага аддзялення Дзіцячага фонду на працягу года арганізоўвалі віншаванні, уручэнні сувеніраў таленавітым дзецям (раённы конкурс “Любазнайка” і раённая спартландыя сярод выхаванцаў дашкольных установаў, раённы конкурс “Юныя таленты”), а таксама падчас правядзення раённых святаў (Дня абароны дзяцей, Дня сям’і, акцыі “Нашы дзеці”, раённага злёту юных выратавальнікаў) дзецям- інвалідам, выпускнікам Дзятлаўскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — на агульную суму звыш 600 тысяч рублёў.
Для дзіцячага сацыяльнага прытулку Дзятлаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра набылі цеплатэрмасы для ежы, дзіцячыя энцыклапедыі (на суму 100 тысяч рублёў).
Раённым аддзяленнем Дзіцячага фонду аказана матэрыяльная дапамога сямі дзецям, якія мелі ў ёй патрэбу і аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі (на суму 400 тысяч рублёў). Аднаму дзіцяці з катэгорыі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выдзелена бясплатная пуцёўка ў лагер “Зубраня”.
Правядзенню гэтых і шэрагу іншых мерапрыемстваў вялікую падтрымку аказалі грашовыя сродкі, сабраныя на рахунак Дзіцячага фонду ўстановамі, арганізацыямі раёна.
Актыўны ўдзел у гэтай акцыі прынялі работнікі райвыканкама (старшыня В. В. Грытчанка), аддзела адукацыі (С. Б. Фабішэўскі), Беларусбанка (У. У. Ламака), райспажыўтаварыства (В. С. Новік), Дзяржстраху (С. П. Пыл), МНС (В. А. Нячай), Дэпартаменту аховы (С. І. Шпакоўскі), падаткавай інспекцыі (М. І. Татарчык), цэнтральнай райбальніцы (А. І. Гайдзель), аддзела ўнутраных справаў (Ю. Э. Таўсцюк).
Выказваем удзячнасць усім кіраўнікам і калектывам за сардэчнасць, чуласць, дабрыню. Мудрыя людзі кажуць: “Знаходзьце час для работы — гэта ўмова поспеху, знаходзьце час для разважанняў — гэта крыніца сілы, знаходзьце час для дзяцей — гэта залог здаровай сям’і”.
Хочацца пажадаць усім нам любіць дзяцей так, каб яны зразумелі гэта, адчулі нашу любоў і сталі ў далейшым добрымі людзьмі. Хай будуць моцнымі і надзейнымі сем’і, дзе пануе здаровы дух, жывуць традыцыі, аўтарытэтныя ролі бацькі і маці.
У снежні 2007 года раённым аддзяленнем Дзіцячага фонду традыцыйна праводзіцца акцыя “Нашы сэрцы — дзецям”. У сувязі з гэтым, прэзідыум раённага аддзялення Дзіцячага фонду звяртаецца з просьбай да ўсіх кіраўнікоў, прадпрымальнікаў, жыхароў раёна аб унясенні добраахвотных узносаў на рахунак Дзіцячага фонду: № 3015204550021, ААТ “Белінвестбанк”, код 705, УНН фонду 500176223.
Усе сродкі, якія паступяць на рахунак, мы задзейнічаем толькі на патрэбы дзяцей. Удзячныя усім за добрае сэрца!
Н. ВІЛІСАВА,
сакратар раённага аддзялення Дзіцячага фонду, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі.
Пакінуць адказ