Лета. Хто не любіць гэту пару года за цёплыя сонечныя дзянькі, спевы птушак, купанне ў рацэ. А яшчэ гэта — сезон адпачынку для дарослых і дзяцей. Першыя — стараюцца ўзяць водпуск, другія — радуюцца працяглым канікулам. І ўсё ж, сапраўдны падарунак для дзіцяці — гэта пуцёўка ў летнік, дзе можна сустрэць шмат сяброў, запасціся ўспамінамі на цэлы год.
Менавіта пра адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак з нашага раёна ў летніку “Баравічок” карэспандэнтка гутарыла з Н. М. Ёрчык, загадчыцай дзіцячага аддзялення санаторыя “Радон”.
— Наталля Мікалаеўна, колькі дзяцей за лета аздараўліваюцца ў лагеры?
— Адразу хачу зазначыць, што “Баравічок” — гэта дзіцячае аддзяленне санаторыя “Радон”. Тут адпачываюць дзеці з розных раёнаў Беларусі, па 176 чалавек за змену (24 дні). Яны атрымліваюць санаторна-курортнае лячэнне. Адначасова кожнае лета ў нас працуе летнік “Баравічок” для дзяцей з Дзятлаўскага раёна. За змену, працягласцю ў 18 дзён, тут могуць адпачыць 80 чалавек. Усяго за лета мы прымаем чатыры змены — 320 дзяцей.
— Якія ўмовы створаны для дзяцей нашага раёна ў “Баравічку”?
— Жывуць дзеці ў нашай нядаўна пабудаванай школе — прыгожым сучасным будынку. Пакоі могуць змяшчаць ад трох да адзінаццаці чалавек. Адразу заўважу, што вытрымліваюцца ўсе санітарныя нормы — на адно дзіця прыходзіцца жылая плошча ў чатыры метры квадратныя, а часам і больш. У кожным пакоі ёсць умывальнік. Душ дзеці могуць прымаць хоць кожны дзень у корпусе, замацаваным за кожным пакоем. Для дзяцей ёсць пакоі для мыцця і сушкі бялізны, пакой для прасавання.
— Ведаю, што многіх бацькоў у першую чаргу хвалюе пытанне: як харчуюцца іх дзеці?
— Харчаванне ў нас шасціразовае: сняданак, другі сняданак, абед, полудзень, вячэра і другая вячэра. Меню збалансаванае — распрацавана і зацверджана адпаведна рэспубліканскіх патрабаванняў. Звычайна ў летніках харчаванне больш таннае, у нас жа на дзіця ў дзень расходуецца 5903 рублі, як у санаторыях. Кошт за харчаванне даплочвае раён — гэта значныя сумы. Датацыя дзяржавы на адну пуцёўку складае 185 тысяч рублёў.
На стале ў дзяцей абавязкова прысутнічаюць агародніна, садавіна, сокі — усё скіравана на вывад з арганізму радыенуклідаў.
— А чым займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з летніку?
— Штодзённа яны ўдзельнічаюць у агульнаатрадных мерапрыемствых. Раніцай гэта часцей спартыўныя гульні і конкурсы. Акрамя іх, падтрымаць здароўе дапамагае абавязковая ранішняя зарадка.
Пасля абеду з 14 да 16 гадзін у дзяцей “ціхая гадзіна”. Затым — полудзень, агульнаатрадныя мерапрыемствы, а з 18 гадзін — агульналагерныя. Гэта — шоу, віктарыны, танцы.
Яшчэ на базе “Баравічка” працуюць гурткі: “Вязанне” (кіраўнік Валянціна Аляксееўна Сукач), “Ачумелыя ручкі” (кіраўнік Валянціна Леанідаўна Аблажэй), “Зрабі сам” (кіраўнік Таццяна Аляксандраўна Пышко). З названымі педагогамі праведзены два майстар-класы для іх падрыхтоўкі да работы. Дзеці, якія наведваюць заняткі гурткоў, дахаты з пустымі рукамі не вяртаюцца: абавязкова прывозяць якіясьці вырабы.
Пры лагеры працуе “Школа здароўя” — медыцынскія сёстры чытаюць лекцыі для дзяцей па атрадах. Ёсць у нас бібліятэка. Тут не толькі можна браць кнігі, работнікі часта праводзяць для дзяцей розныя віктарыны. Таксама для ўсяго лагера аб’яўляюцца конкурсы. Нядаўна дзеці з прыроднага матэрыялу рыхтавалі на працягу дня вырабы, а вечарам быў конкурс з узнагародамі пераможцаў.
На жаль, купацца першая змена пакуль яшчэ не хадзіла, вада не прагрэлася да 18 градусаў. Калі дазволіць надвор’е, абавязкова дзеці пабываюць на возеры.
Відэапракат прывозяць для лагера фільмы па выхадных. А нядаўна ў нас быў “Дзень бяспекі” з удзелам МНС. Дзеці пабачылі фільм, праслухалі лекцыю, пазадавалі пытанні гасцям. Але найбольшае ўражанне выклікала выступленне пажарных і прапанова пакатацца на машыне. Цесна супрацоўнічаем з інспекцыяй па справах непаўналетніх, яны часта наведваюцца да нас, праводзяць лекцыі і гутаркі з дзецьмі.
У далейшых планах — запрашаць супрацоўнікаў МНС на кожную змену, а таксама заказаць прыезджы цырк.
— Жыццё ў хлопчыкаў і дзяўчынак насычанае, багатае на падзеі. А раскажыце пра работнікаў “Баравічка”, якія робяць усё, каб адпачынак дзецям спадабаўся.
— Летам тут працуюць не толькі нашы работнікі, але і сезонныя — часта студэнты, настаўнікі школ раёна. Усе яны старанныя і адказныя людзі. Асабліва падабаецца нам супрацоўнічаць з настаўнікамі, якія выдатна ведаюць сваю справу і хутка могуць арганізаваць любое мерапрыемства.
Сярод пастаянных работнікаў хацелася б узгадаць імёны старшага выхавальніка А. А. Якаўчык, культарганізатара С. К. Ламака, сястры-гаспадыні А. І. Турчыной, павароў Г. А. Кашко і Г. А. Карповіч, афіцыянткі А. М. Васюкевіч, медыцынскіх работнікаў А. П. Купраша, Т. А. Глускай, урача Г. А. Марачынскай.
— Якія ў вас планы на бліжэйшы час?
— Хочам правесці капітальны рамонт карпусоў, касметычны рамонт школы, добраўпарадкаваць тэрыторыю лагера. Адным словам, надаць “Баравічку” больш прывабны і сучасны выгляд.
А МОЖНА МЫ ПРЫЕДЗЕМ ЯШЧЭ?..
Карэспандэнтка пагутарыла з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія адпачывалі падчас першай змены ў летніку “Баравічок”. Яны адказалі на пытанне:
— Ці падабаецца тут адпачываць, што ў “Баравічку” самае цікавае?
Паліна Юч (в. Погіры):
— Падабаецца. Я наведваю гурток “Ачумелыя ручкі”, цяпер вось робім выцінанку. Увогуле тут шмат чаму могуць навучыць. Я ўжо паспела з многімі пасябраваць падчас цікавых гульняў і конкурсаў, у якіх мы ўдзельнічалі. У “Баравічку” толькі першы раз, але паеду яшчэ, калі атрымаецца.
Юра Цярэшка і Алёша Жыдко (в. Міроўшчына):
— Мы любім хадзіць у гурткі, удзельнічаць у мерапрыемствах. Ужо атрымалі прызы: альбом і пакет з лагатыпам “Радон”. У “Баравічку” таксама ўпершыню. Не думалі, што тут так цікава, найбольш уразіла выступленне супрацоўнікаў МНС, калі яны праводзілі на стадыёне паказальнае “Тушэнне пажару”.
Хлопчыкі пакоя № 3:
— Абавязкова прыедзем яшчэ. Мы тут пасябравалі. Кожны дзень гульні, конкурсы, можна паглядзець кіно. Сумаваць няма часу. Выігралі розныя прызы, якія будуць напамінаць пра адпачынак у лагеры.
Тут нас выдатна кормяць, прапаноўваюць ёгурты, садавіну і гародніну. Бацькі нас часам наведваюць, таму і дамоў вяртацца не надта хочацца.
Дзяўчынкі з пакоя № 4:
— Нас тут 8 і ўсе сябруем паміж сабой. Адпачываць весела: кожны дзень мерапрыемствы і конкурсы. Учора, да прыкладу, быў конкурс “Містэр “Баравічок”. Чакаем конкурсу “Міс “Баравічок”.
Дамоў? Ды вы што! Нам сумна будзе. А можна мы прыедзем яшчэ? У нашым пакоі ёсць дзяўчынкі, якія тут па чатыры гады запар адпачываюць. Ім бацькі кожнае лета пуцёўкі бяруць. Мы тут і на ўсё лета згодныя застацца.
І. КАЎКЕЛЬ.
Пакінуць адказ